Политика

Ірына Марозава

Класкоўскі: «Кіслы лімон сваёй паразы ўлады ператвараюць у ліманад — нібыта трыумф сілавікоў»

Палітычны аглядальнік — пра тое, ці атрымаецца ва ўладаў «зачысціць» грамадства ўшчэнт да наступнай электаральнай кампаніі.

На бягучым тыдні стала вядома пра масавыя затрыманні, што адбываюцца ў розных рэгіёнах краіны: праваабаронцы паведамілі пра шэраг затрыманых у Гомелі, Мазыры, Оршы, Пінску, Гродне.

Чаму менавіта цяпер? Адно з самых відавочных тлумачэнняў — акцыя застрашвання актывістаў напярэдадні Дня Волі. Але, магчыма, справа яшчэ ва ўнутранай канкурэнцыі, і на фоне «паспяховых спецаперацый» КДБ іншыя сілавыя структуры таксама актывізаваліся, дэманструючы сваю эфектыўнасць? Альбо тут наогул збег некалькіх чыннікаў?

Палітычны аглядальнік праекта Позірк Аляксандр Класкоўскі схіляецца да апошняга адказу. Але перадусім, лічыць эксперт, ідзе працяг той самай «жэстачайшай зачысткі», пра якую з пэўным гонарам 7 сакавіка абвесціў Лукашэнка, раздаючы дзяржузнагароды за нібыта бліскучую аперацыю па затрымцы «ўкраінскага дыверсанта» — выканаўцы атакі дронамі на расійскі самалёт у Мачулішчах.

Аляксандр Класкоўскі

— У падтрымку сваёй версіі адзначу, — гаворыць аналітык у экспрэс-каментары «Салідарнасці», — што пару дзён таму, калі ў Лукашэнкі адбылася нарада з сілавым блокам, намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч адкрытым тэкстам сказаў: «Можно говорить о том, что по всей стране проходит системное мероприятие, которое, я не буду стесняться в выражениях, можно назвать зачисткой… Мы никогда не ошибаемся, мы приходим к тем людям, которые играют в подпольщиков и наивно полагают, что современные способы коммуникации позволяют им оставаться анонимными».

Фраза «Мы ніколі не памыляемся», зазначае аналітык, выклікае горкую іронію — у 1930-я гады, на піку сталінскіх рэпрэсій, таксама была папулярнай тэза «нашы органы ніколі не памыляюцца». А потым, як вядома, высветлілася, што мноства так званых «ворагаў народа» былі ні ў чым не вінаватымі ахвярамі, якіх рэабілітавалі толькі праз шмат гадоў пасля расстрэлу.

— Але відавочна, што шырокамаштабная «зачыстка» насамрэч ідзе, — дадае Аляксандр Класкоўскі. — Хоць само гэтае слова, якое не саромеючыся ўжывае і Лукашэнка, і высокія чыны з МУС, калі ўдумацца, гучыць жахліва.

Зачыстка — тэрмін з вайсковага лексікону, гэта звычайна знішчэнне рэшткаў ворага, а тут гаворка пра сваю ж краіну, сваіх грамадзян — то-бок, гэта вайна з уласным народам. Ад таго, што гэты тэрмін стаў будзённым, валасы дыбком — але такія нашы сённяшнія рэаліі.

На рэпрэсіўнае шаленства, мяркуе Аляксандр Класкоўскі, накладаюцца і іншыя чыннікі — у прыватнасці, «прафілактыка», якую па старой памяці ўлады робяць перад Днём Волі, прэвентыўна затрымліваючы актывістаў. Што праўда, калі раней для патэнцыйных завадатараў справа завяршалася 15 суткамі, то на тле цяперашніх рэпрэсій такая мера выглядае дзіцячым садком, бо пераслед можа выліцца ў гады зняволення.

Гісторыя з «ліквідацыяй тэрарыста» ў Горадні, якую шмат хто з былых сілавікоў, адмыслоўцаў называе інсцэніроўкай, на думку палітычнага аглядальніка, таксам паўплывала на цяперашнія «хапуны», але перш за ўсё мела на мэце стварыць ілюзію перамогі сілавікоў на тле правалу ў Мачулішчах.

Аляксандр Класкоўскі згадвае шмат у чым падобную сітуацыю 2012 года з «плюшавым дэсантам» (шведскія авіяаматары беспакарана праляцелі над Беларуссю і раскідалі плюшавых мядзведзікаў з лозунгамі супраць дыктатуры). Тады таксама ўлады і прапаганда доўга ўсё адмаўлялі і называлі доказы акцыі «фоташопам»— але потым Лукашэнка прызнаў факт і зладзіў разнос высокім чынам, адправіўшы некаторых генералаў у адстаўку.

— А на гэты раз, хоць таксама праваронілі гэтую атаку, Лукашэнка вырашыў дзейнічаць хітрэй, — працягвае эксперт. — Знайшлі чалавека, якога малююць «агентам СБУ», хоць таксама, з гледзішча экспертаў, шмат што ў гэтай гісторыі сшыта белымі ніткамі, і падалі гэта як бліскучую аперацыю сілавікоў, узнагародзілі іх ордэнамі і г.д.

Гэта ўжо новы піяраўскі падыход —у тым духу, як некалі раіў Дэйл Карнэгі: «Калі лёс вам падкінуў лімон, зрабіце з яго ліманад». Так і тут, у гісторыі з пашкоджаннем расійскага самалёта ў Мачулішчах: кіслы лімон сваёй паразы ўлады ператвараюць у ліманад —нібыта трыумф сілавікоў. Гэта ж тычыцца, на мой погляд, і сюжэту пра нібыта «ліквідацыю тэрарыста» ў Горадні.

Але піяраўскі спектакль — асобнае адгалінаванне ў дзеяннях уладаў. Галоўнае ўсё ж такі — скарыстаць інцыдэнт у Мачулішчах дзеля таго, каб канчаткова, на думку Лукашэнкі, даціснуць і разграміць тых, хто, кажучы ягонымі словамі, «схаваўся пад плінтусам» — падпольшчыкаў і партызан, якія мрояцца рэжыму на кожным кроку, ды і проста ўсіх нелаяльных.

Зрэшты, адзначае Аляксандр Класкоўскі, такім чынам улады самі абвяргаюць уласны піяр пра эфектыўнасць сілавікоў: накідваючы грамадству міф пра стабільнасць (маўляў, увесь свет звар'яцеў, у суседзяў вайна, а ў нас тут мірнае неба над галавой, усё пад кантролем, мыш не праслізне), адначасова падточваюць яго раскруткай гісторый пра тэрарыстаў.

Ёсць, на думку аналітыка, і яшчэ адзін момант, які трэба ўлічваць, ацэньваючы цяперашнія рэпрэсіі:

— Мяркуючы па выказваннях Лукашэнкі ў Хатыні, ён ужо трымае ў галаве наступныя электаральныя кампаніі 2024 і 2025 гадоў. Выглядае на тое, што ён не збіраецца рабіць нейкі транзіт, як прагназавалі некаторыя аглядальнікі, а будзе балатавацца на выбарах 2025-га. Фраза «Хай вырашае народ» — гэта ягоная звычайная фармулёўка, яна гучыць, калі ён мае на ўвазе: нікуды вы не падзенецеся, я «праштампую» сабе яшчэ адзін тэрмін.

І хоць, здаецца, усё ўжо закачана ў асфальт, але як чалавек падазроны, чуйны ён разумее, што дручкамі лаяльнасці не дадасі і тых, хто хоча перамен, рэпрэсіямі любіць уладу не змусіш. У нейкі момант спружына, якая сціскаецца, можа стрэліць.

А таму, спрабуючы пазбегнуць, як цвердзяць чыноўнікі, «залішняй палітызацыі» (што таксама нонсэнс, калі гаворка ідзе пра выбары), адбіць у людзей саму думку пра змену ўлады, — рэжым імкнецца стварыць такую атмасферу, каб падчас наступнай электаральнай кампаніі прыхільнікі перамен баяліся нават паварушыцца, узняць галаву. Аднак наколькі гэта атрымаецца, сказаць цяжка. Бо дзейнічае шэраг чыннікаў, якія ад уладаў не залежаць, — маю на ўвазе найперш сюжэт вайны ва Украіне, які можа ў значнай ступені паўплываць і на сітуацыю ў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(23)