Павал Севярынец, ”Наша нiва”
Кіслая глеба

У самы разгар эпахальнай для кожнага беларуса пары капаньня бульбы ў сіценскіх ваколіцах бязьлюдна. Вяскоўцы ў лесе — хто ў лісічках, хто ў брусьніцах, хто ў журавінах. Калі запытваесься ў народу, які выстройваецца ў чаргу ў краме па прывазную бульбу, чаму сіценцы не саджаюць самі, адмахваюцца: «Ай... Не расьце нічога. Глеба кіслая».

Глеба ў Сітне і праўда кіслая — пераўвільготненая. Ападкі перавышаюць сьцёк. Вакол балоты. Але, вось дзіва, ля хаты дзеда Роберта (таго самага, які больш за паўстагодзьдзя слухае «Свабоду») — і бульба, і гуркі, і перцы, і морква, ды дабрэнныя, ды яшчэ клубніцы, ды вінаград... «У вас што, — пытаюся, — мясцовая анамалія?»

«Так, анамалія, — сьмяецца дзед. — Во, прывязу вапны воз... кіслую ж глебу вапнаваць трэба, ну і гною, вядома, колькі тачак... Вось і родзіць. Калі вапны няма — можна попелу зь печы».

Пэўна ж, нездарма Госпад Бог даў Паазер’ю, апроч кіслых глебаў, яшчэ й найбуйнейшае ў Эўропе радовішча даляміту ў Рубе пад Віцебскам — далямітавая мука акурат і прызначаная дзеля таго самага вапнаваньня!

Але вяскоўцы штовосені, як манны нябеснай, чакаюць машыны, што завозіць у сельпо дзясяткі мяхоў гародніны. Купляюць малако — заводзкае, у пакетах — кефір, тварог. Па мяса едуць у Полацак на кірмаш...

На тэрыторыі сельсавету 10 гадоў таму было тры калгасы. Цяпер не засталося ніводнага. Ворыва засеялі... лесам. (Во зьдзівіліся б продкі-палачане часу Ўсяслава, што гэты лес немалою сілаю калісь карчавалі пад палі!..)

Гародзікі ў саміх вяскоўцаў зусім сьціплыя. Лапінка ля хаты, колькі яблыняў. Трактара ці камбайна на людзкіх «сотках» тут і ня ўбачыш — не разьвернуцца. Аруць канём ці матаблёкам. Зямля вакол вёскі ўвогуле пустуе.

Ну, добра, няхай і праўда, як той сьпяваў, не расьце какос... Але ж травы ў сіценскіх ваколіцах — мора. Жывёле — раскоша. Дзе ж жывёлагадоўля? У Сітне адна карова прыпадае на... 20 жыхароў. Сьмешна глядзець, як «статак» зь некалькіх мілкаў шпацыруе цэнтральнай вуліцай. «Каровы ідуць!» — тут ужо не падзея, а нейкая недарэчнасьць. Паводле дзіцячых успамінаў, вырашыў быў, што ў бабулінай вёсачцы на Дняпры, пад Рэчыцай, справы лепшыя. Ані! Распытаўся — амаль тое самае. Старым трымаць карову ўжо й сілаў няма, а маладзейшыя п’юць, дык дзе яны тую худобу дагледзяць...

Тых, хто трымае сьвіньні, у Сітне можна пералічыць на пальцах. Відаць, парсюкі й тыя на кіслай глебе не растуць.

І гэта ня сіценскі «кулёр лякаль». Ва ўсёй Беларусі ўжо колькісот гадоў прагрэсуе паразытычная звычка. З кіслай мінай махаюць рукой на беларускую зямлю дзеячы, і робіцца зусім горка. Уздыхі й нараканьні на глебу чуюцца ў нас рэгулярна: гэтым звычайна апраўдваюць нежаданьне ды няўменьне працаваць — што на зямлі, што з грамадзтвам.

100 гадоў таму купка гэткіх жа, як і мы, беларусаў перасіліла ўнутраны стогн з прычыны несалодкае ды нятлустае глебы і пачала ўрабляць Нашу Ніву. Так, было цяжка, быў і пот, і сухоты, і кроў, і сьлёзы — але ж узаралі. І на гэтым не такім ужо вялікім кавалачку, бадай, вырасла ўсё беларускае нацыянальнае адраджэньне пачатку ХХ ст.: тут і БНР, і БССР, і беларусізацыя, і каранізацыя... Як у біблійнай прыпавесьці: «Узышло, і вырасла, і ўрадзіла: адно трыццаць, другое шэсьцьдзесят, трэцяе сто» (Марка 4:8).

На беларускай зямлі апошнія стагодзьдзі шмат хто спрабаваў жыць на дурняк. За кошт прыгоннага сялянства, калектывізацыі, мэліярацыі. Але Госпад, даручыўшы Адаму зямлю ў валоданьне, сказаў: «У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль ня вернесься ў зямлю, зь якое ты ўзяты» (Быцьцё 3:19). Цяжка, укладваючы ўвесь час, усе высілкі, усю душу! — працаваць. Толькі тады тутэйшая глеба зьдзівіць сваёй плоднасьцю.

Няпростая беларуская зямля дадзеная беларусам дзеля выпрабаваньня іхняй хрэстаматыйнай цярплівасьці, руплівасьці, працавітасьці. Калі некаму хочацца есьці ананасы й жаваць рабчыкаў без асаблівых намаганьняў — ласкава просім на Канары. Патрыёт? Тады ўлягай, як за плугам, як у выбіраньне бульбы, як у штогадовае вапнаваньне, угнойваньне, баранаваньне кіслае глебы.

Ня будзем працаваць належным чынам ня зямлі — так і застанемся прыхаднямі-зьбіральнікамі. За сто гадоў «Нашай Нівы», пэўна, гэта й ёсьць галоўным урокам для ўсіх беларусаў.

Толькі калі ўзаром, палепшым, акультурым грамадзкую глебу кожны на сваім кавалачку, ператрэм уласнымі рукамі кожны камячок беларускіх праблемаў, цяжкасьцяў, сумненьняў — пасеяныя слова, вера й любоў дадуць нацыянальнае абуджэньне.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)