Общество
Яўген Валошын, «Еўрарадыё»

«Кіроўцу штрафуюць на падставе відэа? Тыповы развод на лоха»

Еўрарадыё разбіралася, ці сапраўды любога аўтааматара можна пакараць, зняўшы таго на відэарэгістратар.

У байнэце выкладаюцца дзясяткі відэазапісаў з парушэннямі правілаў дарожнага руху. Ролікі першапачаткова публікуюцца на сайце праекту “Перехват”.

Напрыклад, вось “Мэрсэдэс” падразае іншыя аўто і перасякае двайную паласу. У выніку кіроўцу выклікалі ў ДАІ, дзе ён, прызнаўшы віну, заплаціў штраф.

Вось “Сітраэн” не прапускае пешахода. Тая ж самая гісторыя. У ДАІ кіроўца ва ўсім прызнаўся і быў прыцягнуты да адказнасці.

Зразумела, найчасцей штрафуюць сапраўдных парушальнікаў. Па дадзеных ДАІ, за няправільную паркоўку і іншыя парушэнні пакараны сотні чалавек. З іншага боку, нават у Расіі відэарэгістратары на паліцэйскіх машынах праходзяць праз спецыяльную сертыфікацыю. У нас жа заканадаўства па гэтым пытанні не ўрэгуляванае: відэа кіроўцы здымаюць звычайнымі кітайскімі рэгістратарамі.

Таму ўзнікае пытанне: ці законна штрафаваць на падставе падобных відэа?

“У кожным разе, калі ёсць доказы (а відэа з’яўляецца доказам), то, зразумела, чалавека могуць прыцягнуць да адказнасці, ― разважае старшы інспектар ДАІ МУС Беларусі Аляксандр Бруй. ― Калі чалавек не згодны ці падае нейкія доказы невінаватасці, то запіс у абавязковым парадку правяраюць на сапраўднасць”.

Часта, убачыўшы ў ДАІ відэазапіс свайго парушэння, аўтааматар прызнае сваю вінаватасць. Як тут не “абстрыкацца” ад нечаканасці!

Потым у зводках ДАІ пра такія перамогі пішуць, што чалавеку “далі штраф па мінімуме, бо прызнаўся”. Прызнанне, згодна закону, лічыцца дадатковым доказам вінаватасці.

“Прыходзіць уласнік у Дзяржаўтаінспекцыю: “Так, я быў, парушаў, прабачце, я лох”. На гэта ДАІ дае табе ў плечы пяць базавых, ты найлепшы. Гэта першы варыянт развіцця падзеяў у такой сітуацыі. Тыповы развод на лоха, ― тлумачыць Аляксандр Старычэнка, эксперт у абароне правоў кіроўцаў. ― Другі варыянт: нічога не ведаю, нічога не бачыў. Каму трэба, той няхай правярае. Што робіць міліцыя? Ды нічога. У прынцыпе, не было ні нагоды, ні падставаў для пачатку адміністрацыйнага працэсу”.

Па выяве з відэарэгістратару найчасцей складана ўстанавіць аблічча кіроўцы. Гэта ж тычыцца і фотафіксатараў, усталяваных, скажам, на шашы М1.

За рулём хуткасць можа перавысіць чалавек, якому аўто не належыць. А штраф прыходзіць на адрас уласніка. “Ці справядліва гэта?” ― у чарговы раз падымаем тэму перад Дзяржаўтаінспекцыяй.

“Згодна з заканадаўствам, адказвае менавіта ўласнік транспартнага сродку, ― тлумачыць старшы інспектар Аляксандр Бруй, ― Адназначна, калі ён не прывядзе доказаў невінаватасці, то прыцягнуць менавіта яго”.

Еўрарадыё: Якім чынам я магу даказаць?

Аляксандр Бруй: Гэта на ваш выбар. Даецца адзін месяц. Аўтамабіль ваш. Вы абавязаны ведаць, хто кіруе вашым аўто, калі не вы самі. Іначай ― што вы за ўласнік?!

Па артыкуле 4.9 ПДР Беларусі за парушэнні, зафіксаваныя спецсродкамі, і сапраўды адказвае ўласнік аўто. Калі ж у ДАІ трапляе інфармацыя “насамрэч, кіраваў той і той”, то прыцягнуць павінны вінаватых.

Фармулёўка закону гучыць неадназначна. Да прыкладу, аўтааматар заяўляе, што за рулём быў сябар з Масквы, рэальна існуючы чалавек. Як тут прыцягнуць замежніка да адказнасці?

“Уласнікам майго аўто з’яўляецца, напрыклад, мама, якая сама не мае правоў кіроўцы. На гэта аўто ёсць тры даверанасці. А яшчэ дамова бязвыплатнага карыстання з прадпрыемствам, ― апісвае Аляксандр Старычэнка іншыя магчымасці пазбегнуць штрафу. ― Па вялікім рахунку, аўтамабілем можа карыстацца хто хоча. І маці не абавязкова павінна ведаць, хто і ў які момант сядзеў за рулём”.

Іншая справа, што далёка не кожны кіроўца за 50, 100, 300 тысяч штрафу будзе судзіцца ці нават пісаць скаргі начальніку ДАІ. Відаць, міліцыя і робіць на гэта ўхіл, пакуль заканадаўства па камерах і відэафіксатарах не ўрэгуляванае належным чынам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)