Кіраўніка незалежнага прафсаюзу на «Граніце» з працы вывелі пад канвоем (фота, відэа)

Кіраўнік незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах Алег Стахаевіч афіцыйна звольнены. За Стахаевіча заступіўся кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін, а рабочыя выказалі пратэст і пагражаюць забастоўкай.

Алега Стахаевіча (у цэнтры) ахоўнік выводзіць з прадпрыемства пасля звальнення. Паперадзе — сакратар незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Анатоль Літвінка.

20 лютага Алег Стахаевіч быў азнаёмлены з загадам аб звальненьні і атрымаў працоўную кніжку. Цяпер ён беспрацоўны. Кажа, што яго звольнілі незаконна:

— Я быў звольнены незаконна, бо мяне з загадам азнаёмілі 20 лютага, а на прадпрыемства не пускалі ўжо з мінулай пятніцы. Мяне фактычна пад канвоем вывелі з працоўнага месца. Нават міліцыя прыехала.

Кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін выказаўся ў падтрымку Алега Стахаевіча. Ён накіраваў ліст выканаўцу абавязкаў генэральнага дырэктара «Граніту» Эдуарду Гаўрылковічу.

У лісце Мікалай Зімін адзначае, што пры звальненні зафіксаваныя парушэнні. У прыватнасці, як піша Зімін, Стахаевіча своечасова не азнаёмілі з загадам аб звальненьні, яму адмовілі ў пераводзе на іншую працу. Акрамя таго, пра звальненьне не паведамілі Беларускаму незалежнаму прафсаюзу. Таму прафсаюзны лідэр патрабуе неадкладна аднавіць Алега Стахаевіча на працы.

Звальненне Стахаевіча выклікала абурэнне сярод ягоных калегаў. Адразу ж пасля таго, як кіраўніка суполкі незалежнага прафсаюзу вывелі за вароты, каля 20 кіроўцаў самазвалаў адмовіліся працаваць на аўтамабілях зь няспраўнасцямі.

Аднаго з працоўных, які папрасіў не называць свайго імя, 20 лютага за гэта выклікалі ў кабінэт гендырэктара:

— Выклікалі мяне з-за таго, што я быццам учыніў сабатаж у начную змену. Побач сядзелі людзі ў цывільным, наш начальнік міліцыі, мэр прысутнічаў і яшчэ пару чалавек. Яны пачалі мне «ўціраць» тое, што я арганізаваў сабатаж — «італьянскую забастоўку».

Падчас гэтага выкліку рабочага папярэдзілі, каб ён болей такога не рабіў. А пра незалежны прафсаюз яму распавялі, што гэта — «палітычныя гульні». Сам жа рабочы кажа, што ён страйку не арганізоўваў, бо кіроўцы самазвалаў самі не захацелі працаваць на аўтамабілях з няспраўнасцямі.

Рабочыя «Граніту» чакаюць рэакцыі начальства на папярэджанне аб страйку.

У адказ на звальненне Алега Стахаевіча ў панядзелак 28 рабочых накіравалі кіраўніцтву ліст з папярэджаннем пра магчымы страйк «з поўным спыненнем прадпрыемства». У лісце працоўныя выклалі і свае патрабаванні, у выпадку невыканання якіх адбудзецца гэты страйк. Сярод іх — спыніць дыскрымінацыю незалежнага прафсаюзу, аднавіць на працы Алега Стахаевіча і даць незалежнаму прафсаюзу памяшканне на прадпрыемстве.

У рэдакцыю «Свабоды» даслалі відэа з Мікашэвічаў, на якім бачна, як працоўныя ў калідорах прадпрыемства патрабуюць ад выконваючага абавязкі генэральнага дырэктара «Граніту» Эдуарда Гаўрылковіча прадаставіць памяшканне для незалежнага прафсаюзу. Гаўрылковіч (невысокі мужчына) не адказвае, ідзе ад працоўных.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)