Кіраўнік ПАРЭ паспрачаўся з Мілінкевічам

Напярэдадні свайго візыту ў Беларусь кіраўнік Парлямецкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн адказаў на пытаньні Радыё Свабода. У прыватнасьці, ён адрэагаваў на папярэднюю ацэнку візыту, якую даў учора Аляксандр Мілінкевіч у інтэрвію Белапан.

Паводле Мілінкевіча, візыт высокага эўрапейскага палітыка будзе пададзены афіцыйнымі мэдыямі ў Беларусі на карысьць рэжыму і можа быць негатыўна ўспрыняты тымі, хто з рэжымам нязгодны. На думку Мілінкевіча папярэдняй умовай такога візыту магло б стаць вызваленьне палітычных вязьняў у Беларусі.

Ван дэр Ліндэн: “Я абмяркоўваў умовы перад маім ад'ездам і той жа спадар Мілінкевіч раней казаў, што гэты візыт без сумневу важны. Я цытую яго. Я абмяркоўваў гэтае пытаньне з многімі людзьмі зь недзяржаўных арганізацыяў у Беларусі, прадстаўнікамі апазыцыі, сябрамі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы , прадстаўнікамі Рады Эўропы і ўрэшце прыняў рашэньне ехаць, таму што Парлямэнцкая Асамблея здольная наводзіць масты, нават калі масты напачатку даволі малыя. Гэта наша роля. Гэты ж падыход я бачу ў Рады Эўропы. З гэтай прычыны я еду ў Беларусь і мая ўмова, больш ці менш выкананая, што я магу гаварыць з апазыцыяй афіцыйна. У маёй праграме таксама сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, недзяржаўных арганізацый, студэнтамі . І гэта залежыць толькі ад мяне, пра што і як я буду гаварыць. Я таксама сустрэнуся з жонкай аднаго са зьняволеных. Я буду сустракацца з кіраўніцтвам праваслаўнай і каталіцкай царквы.”

Кіраўнік ПАРЭ у інтэрвію Свабодзе таксама заявіў, што ён не плянуе абмяркоўваць аднаўленьне для Беларусі статусу спэцыяльна запрошанай у Парляменцкай асамблеі, бо для гэтага не выкананыя шэраг умоваў, аднак Ван дэр Ліндэн ня выключыў, што разгляд гэтага пытаньня магчымы ў будучым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)