Кіраўнік ДАІ купіў таўнхаус у «Лебядзіным» за $290 тысяч

Іншы пакупнік аддаў за такое жыллё $450.

Апошнія гады ДАІ Беларусі ўзначальвае Дзмітрый Карзюк. Пра яго трэба ведаць як мінімум тры факты.

Дзмітрый Карзюк, фота Надзеі Бужан

Карзюк прыйшоў служыць у ДАІ яшчэ ў 1993 годзе. У 37 гадоў ён узначаліў ДАІ Мінска, а ў 45 — ДАІ Беларусі.

Адно з хобі Карзюка — матацыклы. Як і ў экс-міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, як і ў сына кіраўніка краіны Віктара Лукашэнкі.

Карзюк гуляе ў хакейнай камандзе Аляксандра Лукашэнкі.

Наша Ніва даведалася, што ў студзені 2020 года Карзюк стаў гаспадаром паловы дома (плошча — каля 275 м2) ў комплексе «Алімпік Парк». Нерухомасць каштавала яму ў паўтара раза танней, чым яго суседзям.

Элітнае жыллё побач з заказнікам

«Алімпік Парк» — жыллёвы комплекс на вуліцы Ратамскай. Яго будуе кампанія «Тапас», звязаная з Паўлам Белым, нападаючым хакейнай каманды Аляксандрам Лукашэнкі.

Участак пад будаўніцтва быў выдзелены праз прэзідэнцкі ўказ. І неўзабаве пачаўся скандал за скандалам. Праз блізкасць да заказніка «Лебядзіны» забудоўшчык меў шэраг абмежаванняў, але ігнараваў іх. Вышыня будынкаў перавысіла дазволеныя паказчыкі, пачалі высякаць дрэвы, а ў прыбярэжнай зоне пабудавалі рэстаран.

«Тапас» спраектаваў некалькі пяціпавярховікаў і сяміпавярховікаў, а таксама катэджы на дзве сям’і. Жыллё, відавочна, элітнае — параўнайце з 37-павярховым мурашнікам у суседнім квартале ўздоўж праспекта Пераможцаў. Проста за вокнамі пачынаецца заказнік, можна прайсціся паўкіламетра пехам да вадасховішча «Дразды».

«Алімпік-Парк», фота Надзеі Бужан

Катэджаў на дзве сям’і (так званых «дуплексаў») пабудавалі шэсць. Што ўяўляюць сабой гэтыя збудаванні?

У кожнага гаспадара свой парадны ўваход і свой выхад у заказнік. Супольная толькі адна сцяна. Першы паверх цагляны, другі — з керамзітабетонных блокаў. Вышыня столяў — 3 метры. Кожнаму гаспадару выдзяляецца два парковачныя месцы.

Таўнхаусы на вуліцы Ратамскай, фота Надзеі Бужан

На сайце «Алімпік-Парка» ўказваюцца цэны на гэтыя дуплексы. Кошт вар’іруецца ад $400 тысяч да $500 тысяч. Чым бліжэй да краю комплексу, тым танней. Карзюк набыў сабе палову самага таннага, крайняга дома.

Скрыншот з сайта «Алімпік-парка»

Дарэчы, палову аднаго з самых дарагіх дамоў нядаўна набыла Аксана Сідорская, дачка экс-прэм’ера Сяргея Сідорскага.

Некалі па размеркаванні яна працавала ў банку, пасля ў адным з мабільных аператараў, адкуль сышла на працу ў мінскі «Дом Масквы» (культурны-дзелавы цэнтр для прасоўвання каштоўнасцяў «рускага свету»). А калі пайшла ў дэкрэт, задумалася пра ўласную справу. Разам з мужам-дызайнерам адкрыла «прастору для эстэтычнага і фізічнага развіцця дзяцей і дарослых».

У інтэрв’ю Probusiness.io яна прызнавалася, што рамонт у памяшканні каштаваў каля $50 тысяч: «Частку грошай уклалі мы з мужам, частку ўзялі ў доўг у бацькоў».

Аксана Сідорская з мужам. Фота Probusiness.io

Тым не менш, аддаючы доўг бацькам, Аксана Сідорская набыла дуплекс. На сайце «Тапаса» ўказваецца яго прыблізная цана — $500 тысяч.

Колькі ж заплаціў Карзюк?

«Наша Ніва» запытала выпіску з Рэестра цэн на зямельныя ўчасткі. Паводле дакумента Нацыянальнага кадастравага агенцтва, у студзені 2020 года ў «Алімпік Парку» было заключана некалькі ўгодаў:

20 студзеня таўнхаус плошчай 279,2 м2 быў набыты за $449 тысяч. Квадратны метр каштаваў $1606.

27 студзеня таўнхаус плошчай 273,6 м2 быў набыты за $288 тысяч у эквіваленце. Квадратны метр каштаваў $1052.

31 студзеня кватэра ў суседнім сяміпавярховіку (таксама ў складзе «Алімпік-Парка») плошчай 207,6 м2 была набыта за $346 тысяч у эквіваленце. Квадратны метр каштаваў $1665.

У вочы кідаецца неверагодная розніца у цане квадратнага метра. Як няцяжка здагадацца, палову катэджа па $1050 за метр набыў менавіта кіраўнік ДАІ Беларусі Дзмітрый Карзюк.

Ацэньваць рэальны кошт яго жылля складана, бо яго таўнхаус — і не кватэра, і не паўнавартасны катэдж. Аднак у любым разе за такія грошы нічога прыстойнага не купіш. Паводле Realt.by, сярэдні кошт квадратнага метра на другасным рынку жылля складае $1477, на першасным — $1334.

Але ў любым разе застаецца незразумелым, чаму кампанія «Тапас» вырашыла зрабіць для кіраўніка ДАІ зніжку памерам больш за $100 тысяч ў параўнанні з коштам суседніх таўнхаусаў.

«Наша Ніва» неаднаразова спрабавала звязацца з Дзмітрыем Карзюком праз прэс-службу МУС, але марна.

Дадатковы катэдж пад Мінскам

Адметна, што пяць гадоў таму Карзюк ужо пабудаваў сабе дом. Ён набыў на аўкцыёне ўчастак у вёсцы Звянячы за 20 кіламетраў ад Мінска. Гэта месца побач з катэджным пасёлкам гаспадароў рынка ў «Ждановічах», якія неўзабаве могуць страціць сваё жыллё.

Пасёлак у Звянячах, фота Надзеі Бужан

Цяпер у Звянячах стаіць дом Карзюка, яго плошча — каля 250 м2.

Фота Надзеі Бужан

***

Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Мінску. У органах унутраных спраў — з 1993 года. Служыў інспектарам ДПС, камандзірам узвода, камандзірам асобнай роты ДПС, начальнікам аддзела ДПС і прафілактыкі УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

У 2008-2009 узначальваў ДАІ Партызанскага раёна Мінска, у 2009-2016 — начальнік ДАІ МІнска.

З 2016 узначальвае ДАІ Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.9(72)