Общество

Кікбаксёр Ганін расказаў, як яго ўдарыў ахоўнік жодзінскага ізалятара: «Мне смешна стала»

Нядаўна з 10 сутак выйшлі алімпійскі чэмпіён, дзесяціборац Андрэй Краўчанка і МСМК па кікбоксінгу Іван Ганін, шматразовы пераможца міжнародных спаборніцтваў.

— Там [у Жодзіне] нам зладзілі калідор здзекаў, дзе, каб дайсці да камеры — а гэта метраў 400, — трэба было то ў поўным прысядзе ісці, то выскокваць з прысяда, то стаяць каб таз быў на ўзроўні калень, — расказаў Ганін Нашай Нiве. — Карацей, поўны цыкл цяжкай нават для падрыхтаванага чалавека нагрузкі, пры гэтым, неўласцівай для суставаў — кажу як чалавек, які двойчы «рамантаваў» уласныя калені. Гэта пагражала праблемамі з каленямі ўсім удзельнікам.

І вось, у нейкі момант, мы прысядалі ў калідоры з выцягнутымі наперад рукамі, а калідор там вузкі, ахоўнік хадзіў туды-сюды, трэба было прыбіраць рукі, каб ён аб іх не цёрся. У нейкі момант ён спыніўся насупраць мяне і глядзіць. А ў мяне з’явілася ўсмешка на твары, ну што яшчэ. Тады ён ударыў мяне ў жывот, здавалася, што цэліў у сонечнае спляценне, але прамазаў, ударыў ніжэй і лявей.

Вядома, нічога ён мне не прабіў: ні дыханне не збіў, ні болю не даставіў, хаця замахваўся ад душы. І мне так ад гэтага смешна стала, што ён нічога не дабіўся, што я нават не думаў біць у адказ, хаця і маю баксёрскія рэфлексы, а накіраваў усю энэргію на тое, каб не заржаць ва ўсю моц. Адзінае што апусціў локці ўніз на выпадак, калі б ён захацеў ударыць яшчэ раз у печань ці селязёнку.

Ён яшчэ на мяне глядзіць і кажа: «Што лыбішся, байцуха?». Ён потым так мяне не адзін раз называў

Баксёр таксама кажа, што ў камеры спрабаваў займацца фізкультурай, але ўдавалася не ўсё:

— Нас было 7 у 4-мясцовай камеры, мы троху спрабавалі рухацца, хацелася трэніравацца. Але паветра вельмі мала, калі інтэнсіўна займацца, то спальваецца ўвесь кісларод, няма чым дыхаць. Рабілі гімнастыку для спіны.

Андрэй Краўчанка з хлопцам-сукамернікам мераўся сіламі: адціскаліся ад падлогі па 300 разоў этапамі. Але вельмі моцна балелі калені пасля нагрузак у прыёмны дзень», — рэзюмуе баксёр.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(31)