КДБ правёў «спецаперацыю» супраць віншавальных паштовак «Я цябе люблю» (фота)

У першай палове 14 лютага ўсе падыходы да будынку КДБ на праспекце Незалежнасці ў Мінску былі ачэпленыя: спецслужбы баяліся, што ў Дзень святога Валянціна ў СІЗА КДБ прынясуць віншавальныя паштоўкі.

Напярэдадні 14 лютага адзін з кіраўнікоў «Маладога Фронта» Мікола Дземідзенка заявіў пра намер актывістаў арганізацыі прыйсці да КДБ і перадаць «валянцінкі» з падзякай за любоў да Беларусі сваім паплечнікам, перадае «Радыё Свабода». Дзень святога Валянціна за кратамі сустракаюць 5 маладафронтаўцаў: Зміцер Дашкевіч, Наста Палажанка, Алесь Кіркевіч, Уладзь Яроменак, Эдуард Лобаў.

Але раніцай 14 лютага ўсе падыходы да будынку КДБ на праспекце Незалежнасці былі ачэпленыя людзьмі ў чорным і плямістай форме, паведамляе «Наша Нiва». У дзесяці журналістаў, што стаялі ля кнігарні «Цэнтральная», начальнік аховы будынка КДБ праверыў дакументы і папярэдзіў, каб яны трымалі дакументы і рэдакцыйныя заданні навідавоку — «на ўсялякі выпадак».

У выніку да будынка КДБ дайшла толькі адна актывістка «Маладога Фронта» – Ганна Шаруба. Магчыма іншых удзельнікаў акцыі затрымалі яшчэ на подступах да КДБ: іх тэлефоны не адказваюць.

Пасля да Ганны Шарубы далучылася яшчэ адна жанчына, і ў аддзеле перадач будынка КДБ яны паспрабавалі перадаць арыштаваным віншавальныя паштоўкі. Але ўзяць «валянцінкі» у іх адмовіліся. Тады актывісткі накіраваліся на Галоўпаштамт і адправілі віншаванні праз пошту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)