Общество

Марына Міхайлава

Казакевіч: «Хацелася б пажадаць нам усім такога міру, які б спыніў расійскую знешнюю агрэсію і прыадчыніў для беларусаў вакно магчымасцяў»

Палітолаг — пра крызіс, які ўлады так і не вырашылі. І пра перамены, якія могуць адбыцца.

Пад Новы год «Салідарнасць» распытвала экспертаў і аналітыкаў, якія галоўныя ўражанні ў іх пакінуў адыходзячы час і чаго хацелася б пажадаць у 2023-м — беларусам, свету і сабе?

Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч адзначае, што галоўная падзея, якая перакрыла сабой усе астатнія — вайна ва Украіне. Бо ўсё тое, што адбывалася як вакол, так і ўнутры Беларусі, так ці інакш было звязана з вайной.

— На жаль, гэта і ёсць асноўны вынік года, — гаворыць палітолаг. — Саўдзел беларускіх  уладаў  ў расейскай вайне супраць Украіны адбываўся  ва ўсіх сферах. Пачынаючы з эканомікі, якая трапіла пад новыя, сапраўды жорсткія санкцыі. Ранейшыя знешнегандлёвыя сувязі былі фактычна разарваныя  і звыклае  развіццё краіны стала немагчымым.

І калі ў мінулым годзе казалі пра «экспартны цуд», што забяспечыў эканамічны рост, то сёння Беларусь ужо мае глыбокую рэцэсію ў больш за 4% .

Таксама вайна вызначыла дынаміку знешняй палітыкі — яшчэ большую ізаляцыю Беларусі і яшчэ большы уплыў Расіі. З лютага праца на міжнародных пляцоўках (ААН, АДКБ, СНД, ШОС) стала ўсё больш зводзіцца да агучвання і апраўдвання знешнепалітычнай лініі Масквы.

Асаблівых дасягненняў у развіцці двухбаковых стасункаў не назіралася не толькі на Захадзе, але і Усходзе, а усе намаганні былі так ці інакш звязаны з вайной і санкцыямі.

Асноўнымі тэндэнцыямі ўнутранай палітыкі стала «замарозка» палітычных змен, нават у фармаце, агучаным уладамі перад рэферэндумам па канстытуцыі ў лютым-2022, а таксама працяг рэпрэсій і «зачыстка» палітычнай і грамадскай сферы ад апанентаў. Хада гэтых працэсаў таксама была вызначана вайной ва Украіне.

Калі казаць пра альтэрнатыўнае палітычнае поле, пра беларускія дэмакратычныя сілы — у іх дзейнасці таксама многія крокі перадвызначыла вайна ва Украіне. Так, ідэя Аб’яднанага пераходнага кабінету, як сродаку кансалідацыі розных апазіцыйных плыняў, была агучана адразу пасля пачатку вайны — і каб не было падзей ва Украіне, стварэнне гэтай структуры, на мой погляд, было б немагчымым. 

Узнікненне палка Каліноўскага (іншых дабраахвотных фарміраванняў), які ўсё часцей агучвае палітычныя пазіцыі , таксама ёсць вынікам падзей ва Украіне.

Калі вярнуцца да падзей унутуры Беларусі, адзначае эксперт, за гэты год не адбылося вырашэнне палітычнага крызісу і зняцця грамадскай напружанасці. Ні рэферэндум па Канстытуцыі, ні прасоўванне ў якасці новага органу «ўсебеларускага народнага сходу» задачы па павышэнню легітымнасці не вырашылі, і ў пэўным сэнсе 2022 год стаў для Беларусі годам палітычнай паўзы.

— Палітычная сістэма знаходзіцца  ў стане няўстолівасці і невызначанасці. У тым сэнсе, што новы ўстойлівы баланс унутры кіруючых груп, а таксама паміж грамадствам і дзяржаваю не дасягнуты. Ад гэтага апора на ручное кіраванне і працяг палітыкі рэпрэсій і нацыянальнага расколу.

Улады не першы год абяцаюць перафарматаванне канстытуцыйнага ладу і замацаванне новага балансу сіл, але адбываюцца толькі нефармальныя змены, напрыклад, умацаванне сілавога блоку, іх устойлівасць пакуль невідавочная, і прагназаваць, што адбудзецца ў 2023-м, вельмі складана, — зазначае Андрэй Казакевіч. — Можна ўпэўнена казаць, што на гэта вырашальны ўплыў будуць мець падзеі па-за межамі краіны.

Развіцце і ўнутры- і знешнепалітычнага вектару сёння значна менш залежыць ад таго, што адбываецца ўласна ў Беларусі, і ў тым ліку ад таго, што робіць ці гаворыць А. Лукашэнка. Далейшыя сцэнары развіцця краіны завязаныя на канфлікт Расіі з Захадам, канфлікт Украіны з Расіяй і ўсё, што з гэтага выцякае.

А таму, кажа эксперт, жадаючы адно аднаму ў наступным годзе міру, важна мець на ўвазе, якім ён будзе:

— Цяжка нешта жадаць, акрамя міру. Але далейшая будучыня наўпрост залежыць ад таго, якім будзе гэты мір. Ці прывядзе ён да дээскалацыі ў рэгіёне, ці паўплывае на палітычныя змены ўнутры Расіі, ці пачне яна адмаўляцца ад імперскай палітыкі — а гэта будзе азначаць меншую падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і, адпаведна, адкрые перспектывы да ўнутрыпалітычных зменаў у нашай краіне.

Ну, а калі мір будзе на ўмовах Масквы — то, канешне, нас чакае зусім іншая дынаміка. І тады вельмі складана будзе чакаць вакна магчымасцяў для Беларусі, яе суверэнітэту і самастойнага развіцця, тым больш дэмакратычнага.

Таму хацелася б пажадаць нам усім такога міру, які б спыніў расійскую імперскую палітыку і прыадчыніў для беларусаў вакно магчымасцяў для незалежнага і дэмакратычнага развіцця.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(18)