Казакевіч: Наступстваў варта чакаць толькі пасля таго, як будзе падрыхтаваная інфраструктура для захоўвання ядзернай зброі ці перададзеная тэхніка
Палітолаг — пра «не апошняе і не кітайскае папярэджанне» Крамлю.
Кіраўнікі міністэрстваў замежных спраў асудзілі рашэнне Уладзіміра Пуціна размясціць расейскую ядзерную зброю ў Беларусі. Пра гэта паведамляецца ў выніковым камюніке, што было прынятае на сустрэчы дыпламатаў у японскай Каруідзаве.
У прыватнасці, міністр замежных спраў Японіі Ёсімаха Хаясі выказаў думку, што такі крок «прывядзе да далейшай эскалацыі», а таксама выступіў за жорсткія санкцыі супраць Расіі і далейшую падтрымку Украіны.
Міністры краін «Вялікай сямёркі» таксама заявілі, што РФ павінна «неадкладна і безумоўна вывесці ўсе сілы і тэхніку з Украіны», а заявы Уладзіміра Пуціна назвалі непрымальнай безадказнай ядзернай рыторыкай Расеі.
Як паведамляецца, сярод іншага кіраўнікі МЗС краін G7 дамовіліся ўзмацніць каардынацыю рэагавання на магчымае ўхіленне ад санкцый, а таксама паставак зброі ў Расею трэцімі краінамі.
Ці будзе мець агучаная заява нейкія практычныя наступствы для Масквы і Мінска альбо пакуль справа абмяжоўваецца «выказваннем глыбокай заклапочанасці», «Салідарнасць» запытала ў дырэктара інстытута «Палітычная сфера», доктара палітычных навук Андрэя Казакевіча.

— Па-першае, пакуль што самі планы па размяшчэнні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі не рэалізаваныя, і вядзецца дыскусія наконт таго, наколькі гэтыя планы выканальныя, — адзначае палітолаг у экспрэс-каментарыі «Салідарнасці».
— Таму пэўных наступстваў варта чакаць толькі пасля таго, як будзе зроблены нейкі наступны крок — прынамсі, падрыхтаваная інфраструктура для захоўвання ядзернай зброі, ці, магчыма, перададзеная якая-небудзь тэхніка, якая звязаная з гэтым працэсам.
Думаю, зараз краіны G7 находзяцца на стадыі, калі яны ўзгадняюць паміж сабой кансалідаваную пазіцыю і фармулююць магчымы адказ на гэтую сітуацыю — якія ініцыятывы, санкцыйныя абмежаванні ці іншыя зваротныя меры, могуць быць прынятыя.
Ці будуць гэтыя меры агучаныя публічна, зазначае эксперт, казаць пакуль рана, бо няма ніякіх дэталяў працэсу, і цалкам магчыма, што камунікацыя з расійскім і беларускім бокам па гэтым пытанні будзе ажыццяўляцца па непублічных каналах.
То бок, пакуль што і Расія, і Захад абмяняліся сіметрычнымі заявамі. РФ агучыла намер (а беларускія ўлады яго пацвердзілі), а Захад паказаў сваё адзінства:
— Краінам Захаду важна было прадэманстраваць, што гэты крок не застаўся без увагі і што, калі працэс не спыніцца, рыхтуецца адказ. Дзеянні ж будуць толькі ў тым выпадку, калі і з расейскага боку будуць зробленыя цалкам практычныя крокі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное