Кавалеўскі: «На прыкладзе Крыма мы ведаем, як расійскія малазаўважныя ваенныя аб’екты становяцца крыніцамі кантролю над замежнай тэрыторыяй»

Прадстаўнік АПК па замежных справах — пра ініцыятыву прызнаць Беларусь акупаванай краінай ва Украіне.

Нядаўна прэзідэнт ЗША ў сваёй прамове на саміце за дэмакратыю згадаў Беларусь і выступ Святланы Ціханоўскай і Наталлі Пінчук. Пасля гэтага згадаў Беларусь ў сваёй прамове ў Варшаве і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, адзначыўшы, што свабода абавязкова прыйдзе ў Беларусь.

— У выступы прэзідэнтаў такія словы не трапляюць проста так, — каментуе гэтыя падзеі Валерый Кавалеўскі ў эфіры «Е*рарадыё». — Гэта не выпадковасць і тое, што ў выступе прэзідэнта ЗША была адзначана Беларусь — даволі важны паказчык для нас, што ў Белым доме, Радзе нацбяспекі дбаюць пра нашу краіну, заўважаюць крызіс, адзначаюць яе ролю ў вайне, але таксама гэта і пацвярджэнне, што ЗША застаюцца прыхільнымі незалежнай суверэннай дэмакратычнай Беларусі.

Калі казаць пра прэзідэнта Украіны Зяленскага, то гэта значнасць яшчэ больш заўважная, бо гэтага не было вельмі даўно. Замест гэтага мы наадварот бачылі спробы неяк замаўчаць Беларусь. Я б напэўна звязваў гэтыя падзеі (згадванне Беларусі Зяленскім у прамове — С.) з візітам Святланы Ціханоўскай у Вашынгтон.

Там адбыліся вельмі карысныя сустрэчы, дзе ў тым ліку абмяркоўваліся і нашы адносіны з украінскім кіраўніцтвам. Мне здаецца, гэтыя словы — вельмі важны пасыл ад украінскага прэзідэнта, што Беларусь заўважаецца, падкрэслены менавіта аптымізм, з якім успрымаецца будучыня Беларусі.

Валерый Кавалеўскі

Дэпутат Вярхоўнай Рады, кіраўнік групы «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка заклікаў неадкладна разгледзець праект пастановы «Аб прызнанні тэрыторыі Беларусі часова акупаванай РФ». Кавалеўскі лічыць гэтую ініцыятыву «вельмі важнай і патрэбнай».

— Гэта прызнанне фактычнай сітуацыі ў Беларусі, што яна з’яўляецца акупаванай. Больш за тое, мы лічым, што Беларусь акупаваная двойчы: спачатку была захоплена ўлада, якая фактычна адмаўляе беларускаму народу на права быць самім сабой, на права нацыянальнай ідэнтычнасці. Ну і цяпер мы бачым, што на тэрыторыю Беларусі прыходзіць усе больш расійскіх вайсковых, якія арганізуюць сваю сетку ваенных баз, аб’ектаў, зараз вядзецца размова пра размяшчэнне ядзернай зброі.

На прыкладзе Крыма мы ведаем, што такое, калі актывізуецца сетка ваенных аб’ектаў на чужой тэрыторыі, наколькі хутка гэтыя малазаўважныя аб’екты могуць станавіцца крыніцамі кантролю над замежнай тэрыторыяй, калі літаральна за некалькі дзён Крым быў захоплены расійскімі войскамі.

Расія сёння паводзіць сябе вельмі варожа не толькі ў дачыненні да Украіны, але і да Беларусі. Мы кажам пра суверэнітэт, дзяржаўнасць і нацыянальную ідэнтычнасць, якую Расія не паважае і не разглядае Беларусь як незалежную краіну. 

Таму мы ўвесь час падымаем пытанне наконт незаконнасці прысутнасці расійскіх ваенных на тэрыторыі Беларусі і тым больш аб недапушчальнасці размяшчэння ядзернай зброі на нашай тэрыторыі, — падкрэслівае Валерый Кавалеўскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)