Кавалеўскі: Каардынацыйная рада можа стаць прадстаўнічым органам, які стане супрацьвагой для Кабінета

Валер Кавалеўскі з Офіса Святланы Ціханоўскай – пра міжнародную рэакцыю на канферэнцыю «Новая Беларусь».

– Ëсць вельмі станоўчая рэакцыя правядзення канферэнцыі, што стала тым месцам і часам, дзе быў аб’яўлены Кабінет прадстаўнікоў – распавядае ў эфіры Е*рарадыё Валер Кавалеўскі. – Адзначаецца, што гэта было добра праведзенае мерапрыемства. Што ў людзей была магчымасць пазнаёміцца, каб пашырыць свае сувязі. І, ў цэлым, сама ідэя з Кабінетам таксама рэзаніруе досыць станоўча.

Але ж разам з тым усе чакаюць на тыя дэталі, якія будзе прапісваць Кабінет. Што ён азначае, які ў яго рэгламент, хто прымае рашэнні, хто прызначае, хто звальняе прадстаўнікоў, як фармуюцца каманды – ўсе гэтыя пытанні будуць суправаджаць дзейнасць Кабінета кожны дзень.

І, падкрэслівае Кавалеўскі, прафесіяналы ведаюць наколькі важна, каб вось гэтыя правілы і працэдуры былі прапісаныя дакладна і каб гэта ўсё было сбалансавана.

Прадстаўнік Офіса таксама адказвае на крытыку наконт прызначэння прадстаўнікоў новага Кабінета, пры якім былі парушаныя дэмакратычныя прынцыпы.

– Канешне, нам бы хацелася, каб ужо на час канферэнцыі была рэфармавана Каардынацыйная рада. Але, на жаль, гэта не было зроблена. Проста не паспелі, не хапіла часу.

Тым не менш, зараз мы бачым, што КР прыспешыла свае намаганні для таго, каб стаць прадстаўнічым органам, які зможа быць супрацьвагой для Кабінета. То бок, там будуць зацвярджацца кандыдатуры, якія будуць прапаноўвацца Святланай Ціханоўская, будуць прымацца справаздачы ад прадстаўнікоў і будзе, адпаведна, давацца ацэнка таму, як працуе гэты Кабінет.

Акрамя таго чакаецца, што ў Каардынацыйнай рады будзе магчымасць прымаць нейкія стратэгічныя дакументы і даваць магістральныя накірункі той працы, што будзе рабіць Кабінет, – тлумачыць палітык.

Валер Кавалеўскі дадае, што Каардынацыйная рада – гэта прыклад таго, калі вельмі няпроста змяніць нават здавалася б не вельмі вялікую арганізацыю.

– Ёсць розныя працэсы, якія насамрэч не дапамагаюць, каб гэтая структура магла б раскрыць свой патэнцыял, – заўважае прадстаўнік Офіса. – Але Каардынацыйная рада як міжнародна прызнаны орган можа заняць сваё месца.

Мы вельмі б хацелі, каб гэта здарылася як мага хутчэй і каб на палітычным полі з’яўляліся структуры, якія бяруць на сябе больш адказнасці і якія ўдзельнічаюць у гэтым працэсе.

Бо інтэлектуальны патэнцыял КР быў заўсёды вельмі высокім і трэба яго задзейнічаць для таго, каб нам супольна рухацца наперад.

Валер Кавалеўскі тлумачыць логіку, па якой абіраліся прадстаўнікі ў новы Кабінет.

– Наогул, тут ёсць два складнікі. Першы – выбар Святланы Ціханоўскай, а другі – кансультацыі з партнёрамі.

То бок, усе тыя кандыдатуры, якіх мы сёння бачым у складзе Кабінета, абмяркоўваліся адначасова, каб гэта быў нейкі кансэнсусны варыянт. І такая практыка працягнецца надалей.

У гэтым сэнсе мы можам сказаць, што ў Святланы Ціханоўскай ёсць таксама абмежаванні, каго яна можа прапанаваць на гэту ролю, – адзначае Кавалеўскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.6(13)