Комментарии
Валеры Філін, ”Свабода”

Катастрофа, якая заўсёды побач з табой

Вакол пабудовы АЭС у Беларусі разгортваецца барацьба. Адныя чыноўнікі заклікаюць узьвесьці атамную электрастанцыю як мага хутчэй, іншыя, наадварот, раяць не сьпяшацца.

Яшчэ гадоў 10 таму цяжка было ўявіць сабе, каб ідэя пабудовы АЭС у пацярпелай ад чарнобыльскай катастрофы Беларусі магла нават абмяркоўвацца ўсур’ёз. Аднак пасьля таго, як грамадзтва пагрузілася ў палітычную летаргію, усе больш-менш значныя рашэньні кіраўніцтва краіны прымае па-валюнтарысцку – як яму захочацца.

Праўда, да думкі пра АЭС беларусаў падводзілі паступова. Спачатку ў афіцыйных СМІ зьявіліся меркаваньні навукоўцаў, якія спакваля пераконвалі ў тым, што бязь “мірнага атаму” мы не абыйдземся. Пасьля гэтая тэма пачала ўздымацца ў выступах чыноўнікаў. І нарэшце Аляксандар Лукашэнка абвесьціў: рашэньне прынятае, будуем АЭС!

Да таго ж, кіраўнік краіны па завядзёнцы загадаў максымальна скараціць выдаткі й тэрміны будаўніцтва. Нібыта гутарка ідзе пра чарговы лядовы палац.

Спачатку ўсе гукнулі ў адказ: “Слухаемся!” Аднак паступова энтузіязм зьнік. Нават у некаторых міністэрствах яго паменела. Пару тыдняў таму загадчык упраўленьня міністэрства энэргетыкі Ўладзімер Баброў заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што першы блёк АЭС можа быць уведзены ў эксплуатацыю не раней за 2015 год (а рэальна – у 2017-м).

Больш за тое, зьявіліся сумневы, што Беларусь наогул у стане пабудаваць АЭС выключна ўласнымі сіламі. Таму Баброў асьцярожна агучыў думку пра верагодную каапэрацыю ў гэтай справе з суседнімі краінамі.

Але днямі атамнае лобі перайшло ў наступ. Намесьнік старшыні прэзідыюму Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімер Цімашпольскі заклікаў як мага хутчэй прыступіць да будаўніцтва АЭС. Ён патлумачыў гэта тым, што сусьветныя кошты на ўзьвядзеньне атамных блёкаў няспынна падвышаюцца. Таму, каб зэканоміць, Беларусі трэба сьпяшацца.

Цімашпольскі заявіў, што месца пад будучую АЭС ужо вызначанае на 90%. Гэта тая самая Краснапалянская пляцоўка, якую фактычна забракаваў Праматамнагляд Беларусі з-за нізкай якасьці грунту. Але намесьніка кіраўніка Нацыянальнай акадэміі навук гэта не бянтэжыць. Ён лічыць, што гэта прывядзе толькі да падвышэньня кошту будаўніцтва – прыкладна на чвэрць.

Цікава: у адным месцы Цімашпольскі заклікае будаваць хутчэй, каб быць ашчаднымі, і тут жа гатовы змарнаваць, прынамсі, паўмільярда даляраў замест таго, каб пашукаць больш прыдатную пляцоўку для АЭС. Пра небясьпеку й верагодную шкоду, зьвязаную з магчымымі наступствамі такога рашэньня, ён ня згадвае.

Паводле Цімашпольскага, у Беларусі наогул “неспрыяльны грунт для любога будынку”. Нармальны чалавек з гэтага зробіць выснову, што ўзьвядзеньне АЭС у такіх умовах наўрад ці разумнае. Аднак намесьнік старшыні прэзідыюму Нацыянальнай акадэміі навук, прызнаючы, што абраная “на 90%” пляцоўка менш бясьпечная, чым, прыкладам, тая, на якой зьбіраюцца будаваць атамную электрастанцыю ў Балгарыі, усё адно патрабуе: “Хутчэй, хутчэй!”

У зьвязку з гэтым згадваецца нядаўняя онлайн-канфэрэнцыя Сьвятланы Алексіевіч на сайце Радыё Свабода. Знакамітая пісьменьніца зазначыла: “Што такое атамная станцыя? Гэта высокія тэхналёгіі. Грошы забясьпечваюцца валютным запасам. Высокія тэхналёгіі павінны быць забясьпечаны прынамсі сьвядомай палітычнай уладай, тэхналягічнай культурай, кадрамі, падрыхтоўкай масавай сьвядомасьці…

У Чарнобылі людзі працавалі й жартавалі: наша патэльня, наш рондлік… За гэтым жаргонам стаяла розьніца, разрыў між сучасным чалавекам і гэтымі новымі тэхналёгіямі. У выходныя яны ехалі да сваіх маці й працавалі вілкамі й рыдлёўкамі на гародзе, а потым вярталіся й разважалі гэтаксама — патэльня, націсьнем тую кнопку, тую…

Беларусь сёньня апынулася на тэхналягічных задворках, трэба сабе шчыра гэта ўявіць — мы ж ня можам даць сьвету канкурэнтаздольныя кампутары, фатаапараты — у лепшым выпадку “Мілавіца” можа станікі прадаць, дый то дзякуючы таму, што гэта натуральная бавоўна, альбо драўляную мэблю немцы ў нас, нібыта, купляюць, зробленую з чыстага дрэва, але паводле іхных узораў… І побач з гэтым такая ідэя — гэта яшчэ раз сьведчыць пра безадказнасьць улады і пра тое, што ўрок Чарнобыля не прачытаны”.

Да гэтага можна дадаць хіба адно пытаньне: ці вартая гульня рызыкі? Напачатку сьцьвярджалася, што будучая АЭС забясьпечыць каля 25 працэнтаў энэргетычных патрэбаў Беларусі. Потым гэтая лічба паменшылася да 20 працэнтаў, а цяпер ужо гутарка ідзе пра “не меней за 10 працэнтаў”. Такім чынам, кардынальна сытуацыю ў энэргетычнай галіне краіны АЭС ня зьменіць. А вось магчымая катастрофа будзе заўсёды побач з намі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)