Общество
Захар Шчарбакоў, БелаПАН

Каталіцкія, грэка-каталіцкія і пратэстанцкія вернікі святкуюць Божае Нараджэнне

Калядная імша на беларускай і польскай мовах праходзіць у касцёлах Беларусі. З нагоды аднаго з найбуйнейшых хрысціянскіх святаў з пастырскім пасланнем да вернікаў звярнуўся мітрапаліт Мінска-Магілеўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У сваім пасланні святар задаецца пытаннем: якім чынам сучасныя хрысціяне ўспрымаюць сакрамэнт Божага Нараджэння? Ці не з`яўляюцца радасць і супакой свята толькі вонкавым выражэннем святочнага настрою, а само Нараджэнне сапраўды рэлігійным, а не традыцыйным?

— Такія і падобныя пытанні мы павінны задаваць сабе сёння, калі свет перажывае крызіс веры і калі цунамі секулярызму з традыцыйна хрысціянскіх краін чыніць духоўную пустыню, — адзначае мітрапаліт. — Год веры, які мы адзначаем, заклікае нас глядзець на ўсё вачыма веры. Таму ў яе святле адносна свята Божага Нараджэння можа быць толькі адзін адказ — гэта боска-чалавечае свята.

Мітрапаліт згадаў пра актуальную тэму правоў чалавека, іх парушэнні і пра карані гэтай з`явы:

— У сучасным свеце вельмі шмат гаворыцца аб правах чалавека і аб іх парушэнні. Гэтаму няма чага дзівіцца, бо там, дзе губляецца вера і сэнс Божай годнасці, не захоўваецца таксама і годнасць чалавека.

Арцыбіскуп Кандрусевіч шчыра павіншаваў са святам Божага Нараджэння католікаў, усіх хрысціян, хто адзначае гэтае свята, а таксама "ўсіх людзей добрай волі".

— Няхай свята Божага Нараджэння стане святам усіх людзей! Няхай унясе ў нашае асабістае жыццё і жыццё нашага грамадства супакой і ўзаемнае разуменне! Няхай прынесенае Хрыстом святло асвятляе наш жыццёвы шлях! Няхай усім нам спадарожнічае радасць і шчасце! Божае Дзіцятка, падымі сваю руку і благаславі нашу Бацькаўшчыну — Беларусь!, – адзначаецца ў пастырскім пасланні.

Рымска-каталіцкі касцёл ў Беларусі складаецца з чатырох дыяцэзій, у якія ўваходзіць 621 парафія. Згодна з данымі за 2008—2012 гады ў Беларусі налічваецца звыш 450 каталіцкіх храмаў, яшчэ 35 знаходзяцца на стадыі будаўніцтва. У парафіях Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі працуюць 407 святароў, з якіх 168 — замежныя грамадзяне (у тым ліку 161 з Польшчы).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)