Лица

Кашэрны рэгі

Нядаўна па сеціве гуляў незвычайны аматарскі відэазапіс – на фоне шэрай тыповай забудовы малады хасід спявае сонечны рэгі, прычым спявае так, што кліп набраў шэсць тысяч праглядаў.

Хуткі інтэрнэт-сэрфінг высветліў, што патэнцыйная зорка байнэту Пінхас Цынман жыве ў Пінску і ўжо некалькі гадоў стварае жыццесцвярджальны рэгі ва ўмовах культурнага гета невялікага гарадка.

Ешыбот, Матысьяху і змяшаная публіка

Мы дамаўляемся сустрэцца з Пінхасам у Менску, куды ён хутка мае прыехаць для запісу новай песні. У якасці падрыхтоўкі я некалькі разоў праслухоўваю паўнавартасны альбом «Мой Иерусалим», выкладзены на старонцы спевака «УКантакце», і доўга вырашаю, ці варта пры сустрэчы паціскаць хлопцу руку. Наколькі я памятаю звычкі хасідаў з часоў жыцця ў раёне артадаксальных габрэяў у Нью-Ёрку, іх мужчынам забаронена дакранацца да незнаёмых жанчын. Вырашаю не рызыкаваць, каб не аблажацца.

Мы сустракаемся з Цынманам раніцай перад сесіяй у студыі гуказапісу. «Лепш давай будзем размаўляць па пытаннях, а то я магу распавядаць бясконца», – адразу папярэджвае мяне малады хлопец у шэрым строі. Ён вельмі хвалюецца – відавочна, выканаўца рэгі зусім не прывык да ўвагі да сваёй асобы.

Пінхасу (паводле пашпарта, Вячаславу) 29 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску, у старэйшых класах перайшоў у прыватную габрэйскую школу. Так пачаліся яго блізкія стасункі з рэлігіяй. Адвучыўшыся год у наргасе, Пінхас «па габрэйскай лініі» з’ехаў у Маскву працягваць адукацыю ў новым універы. Прыблізна праз год нашаму герою падвярнулася прапанова павучыцца ў ешыбоце ў Нью-Ёрку. «Чаму б і не, падумаў я? – расказвае Пінхас. – Два гады я правёў у Брукліне, у раёне Сігейт. Менавіта там я купіў сваю першую гітару».

Працяг чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)