Карбалевiч: «Зачыстка» грамадзка-палітычнай прасторы і санкцыі – гэта паралельныя працэсы»

Палiтолаг – аб тым, ці вінаватыя санкцыі.

– У ходзе бурлівай дыскусіі наконт заходніх санкцый галоўным аргумэнтам іх праціўнікаў (Зянон Пазьняк і інш.) зьяўляцца такі: санкцыі вядуць да зьнішчэньня грамадзянскай супольнасьці і могуць прывесьці да страты сувэрэнітэту Беларусі, бо павялічваюць яе залежнасьць ад Расеі, – пiша Валер Карбалевiч. – Аднак давайце паглядзім на факты. Рэальныя эканамічныя санкцыі ЭЗ і ЗША ўвялі толькі летам, пасьля гісторыі з самалётам. Усе ранейшыя санкцыі былі, хутчэй, сымбалічнымі, зьяўляліся больш нейкімі пужалкамі.

А працэс рэпрэсій, зьнішчэньне інфраструктуры грамадзянскай супольнасьці цягнецца ўжо больш года. То бок гэта пачалося задоўга да санкцый. Атрымліваецца, што «зачыстка» грамадзка-палітычнай прасторы і санкцыі – гэта паралельныя працэсы, якія мала перасякаюцца.

Цяпер пра залежнасьць ад Расеі. Лукашэнка папрасіў Пуціна аб увядзеньні на тэрыторыю Беларусі расейскіх вайсковых падразьдзяленьняў дзеля абароны існага рэжыму яшчэ ў жніўні мінулага года, калі пра санкцыі ніхто нават не зайкаўся. З гэтага часу рэзка ўзрасла вайсковая прысутнасьць Расеі. Домова аб стварэньні сумеснага вучэбнага цэнтру пад Гародняй была падпісана ў сакавіку. Пераарыентацыя беларускага экспартнага тразыту з партоў краін Балтыі ў расейскія парты пачалася зімой. А рэальныя санкцыі, яшчэ раз нагадаю, зьявіліся толькі летам.

І пакуль ва ўладзе знаходзіцца Лукашэнка, гэтыя два працэсы будуць працягвацца незалежна ад заходніх санкцый.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:28)