Политика

Карбалевіч: Як вайна мяняе сьвет. Разьвітаньне зь мітам пра вялікую Расею

10 тэзісаў ад вядомага палiтолага.

— Ва ўсе часы войны з удзелам вялікіх дзяржаў ці буйных кааліцый былі чыньнікам перадзелу сьвету, часта радыкальнай зьмены парадыгмы сацыяльных працэсаў, стварэньня новай сыстэмы бясьпекі і міжнародных адносін, перамены яе асноўных гульцоў, — пiша Валер Карбалевіч.

На нашых вачах памірае ранейшая эпоха і нараджаецца новая. Вайна Расеі супраць Украіны моцна мяняе сьвет. Але зусім ня так, як хацеў Пуцін. Тут мы бачым клясычную ілюстрацыю вядомага пастуляту пра непрадбачаныя наступствы мэтанакіраваных дзеяньняў.

Як вайна мяняе сьвет? Некалькі тэзісаў

1. Вядомая выснова амэрыканскага сацыёляга Сэм’юэла Гантынгтана пра тое, што пасьля «халоднай вайны» сьвет уступае ў эпоху канфлікту цывілізацый, атрымала нечаканае пацьверджаньне. Нечаканае таму, што, паводле ўсіх ацэнках, Расея і Ўкраіна належаць да адной цывілізацыі. Аднак справа ў тым, што афіцыйна Расея тлумачыць гэтую вайну не як канфлікт з Украінай, а як канфлікт з Захадам, які нібыта імкнецца гвалтам адарваць Украіну ад «русского мира» і сілком інтэграваць у заходнія структуры (NATO, ЭЗ).

Дасюль канфлікт цывілізацый рэалізоўваўся ў выглядзе супрацьстаяньня хрысьціянскага і мусульманскага сьвету, канфрантацыі Захаду з ісламскім тэрарызмам. Вайна ў Афганістане, Іраку, Сырыі, Югаславіі (канфлікт праваслаўных сэрбаў з мусульманамі Косава стаў прычынай умяшаньня Захаду), вайна Расеі ў Чачэніі — усё з гэтага шэрагу.

Цяпер ваенны канфлікт (яго пачатак можна аднесьці і да 2014 г.) здарыўся ў межах хрысьціянскага сьвету. Для пэрыяду пасьля «халоднай вайны» — гэта новая зьява.

2. Дасюль ядзерная зброя (і ў тэорыі, і на практыцы) была сродкам стрымліваньня. То бок яна прызначалася для папярэджаньня патэнцыяльнага праціўніка, а не для практычнага прымяненьня. Пагрозы Пуціна яе ўжыць рэзка зьніжаюць ядзерны парог. Гэта крок да таго, каб ядзерная зброя ператварылася ў рэальны інструмэнт вайны.

3. Вайна як сродак вырашэньня палітычных праблем стала шокам таму, што спажывецкае грамадзтва прадукуе іншыя ўяўленьні пра жыцьцёвыя каштоўнасьці. Адна з прычын правалу першапачатковых ваенных плянаў Расеі палягае ў дэматывацыі расейскіх вайскоўцаў. Адна справа — падтрымліваць «спэцапэрацыю» падчас сацыялягічнага апытаньня, і зусім іншая справа — аддаць жыцьцё за дрэнна акрэсьленыя мэты гэтай вайны. Лібэральны прынцып каштоўнасьці чалавечага жыцьця няхай апасродкавана, нейкім глухім рэхам даходзіць да расейскіх вайскоўцаў. А тым больш гэта тычыцца беларусаў.

4. Заходняе грамадзтва ўспрыняло напад Расеі на Украіну як вайну супраць заходняй цывілізацыі. Ягоны шок можна параўнаць з тым, які здарыўся ад тэрарыстычнай атакі ісламскіх баевікоў на ЗША 11 верасьня 2001 году. Таму адказ быў такі хуткі, эфэктыўны, часта бяз звыклых бюракратычных ці юрыдычных працэдур. Прычым адказ далі ня толькі дзяржаўныя інстытуты, а менавіта грамадзтвы. Камэрцыйныя структуры з уласнай ініцыятывы сталі ўводзіць санкцыі, якія нанесьлі ня меншыя страты эканоміцы Расеі і Беларусі, чым дзеяньні іхных урадаў.

Варта зазначыць, што мы назіраем кансэнсус на выклік з боку Масквы ня толькі паміж дзяржавамі калектыўнага Захаду, але і ўнутры дзяржаў. Куды падзеліся сымпатызанты Пуціна ў эўрапейскіх краінах, якіх Крэмль доўгія гады «падкормліваў»?

5. Было зроблена шмат экспэртных высноваў, што Захад страціў сваю ролю дамінантнай сілы ў сьвеце, ён ужо не вызначае мэйнстрыму, лібэральны парадак адышоў у нябыт, заходнія інтэграцыйныя структуры (у прыватнасьці ЭЗ) і асобныя краіны (ЗША) перажываюць крызіс. Маўляў, няма таго, што раньш было, зьявіліся новыя цэнтры сілы, якія перахопліваюць міжнародную ініцыятыву.

Аднак у момант вострага крызісу, экзыстэнцыяльнага выкліку з боку Расеі калектыўны Захад паказаў свае моц, сілу і кансалідаванасьць. Магчыма, цяперашняе ўзрушэньне можа стаць імпульсам для рэнэсансу заходняй цывілізацыі.

6. Захад выкарыстаў тую зброю, якой найлепш валодае. То бок эканамічны ціск. І высьвятляецца, што гэтая зброя вельмі эфэктыўная. Захад фактычна выкідае Расею з глябальнай эканомікі. Калі ўдасца рэалізаваць пляны адмовіцца ад выкарыстаньня расейскай нафты і газу, то задача эканамічнага ўдушэньня Расеі будзе ў значнай ступені выкананая. Усё гэта азначае, што ў сучасным сьвеце роля эканомікі як складнік моцы дзяржавы ўзрастае.

7. Чым больш сучасная краіна, чым больш яна валодае найноўшымі тэхналёгіямі, уключаная ў працэс глябалізацыі, тым больш яна ўразьлівая да эканамічных санкцый. І наадварот. Напрыклад, Паўночнай Карэі ніякія эканамічныя санкцыі ня страшныя. Тое, што вялізная частка Расеі жыве ў індустрыяльную эпоху, не карыстаецца сучаснымі сродкамі цывілізацыі, зьніжае імгненны эфэкт ад санкцый.

8. Кітай можа стаць бэнэфіцыярам гэтай вайны. Бо, па-першае, анансаванае супрацьстаяньне ЗША — Кітай цяпер зьмянілася на супрацьстаяньне ЗША — Расея. І КНР прымервае на сябе ролю хітрай малпы зь вядомай кітайскай прыпавесьці (малпа сядзіць на гары і назірае за бойкай у цясьніне двух тыграў). Па-другое, Кітай актыўна прыходзіць на расейскі рынак, які пакінулі заходнія кампаніі. Залежнасьць Расеі ад Кітаю ўзрасьце.

9. Расея чарговы раз прадэманстравала, што кантроль над масавай сьвядомасьцю ў інфармацыйную эпоху магчымы. Інтэрнэт не непераадольная перашкода на шляху да фармаваньня таталітарнага грамадзтва.

10. Чым бы ні скончылася гэтая вайна, яна стане моцным каталізатарам дэградацыі Расеі. Разьвіцьцё краіны заблякавана на інстытуцыйным узроўні. Паскорыцца тэхналягічны разрыў з краінамі Захаду і Кітаю. Наўрад ці выпадае казаць пра геапалітычны перадзел сьвету на сваю карысьць. (Нават Лукашэнка пачынае думаць, як бы саскочыць ад прывязкі да Масквы). Пуцін, пачынаючы вайну, хацеў памяняць правілы функцыянаваньня сыстэмы міжнародных адносін. Яны сапраўды памяняюцца. Але не на карысьць Расеі.

Час працуе супраць РФ. Кожны дзень вайны — гэта новы крок да разбурэньня яе ранейшага статусу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(51)