Политика

Карбалевіч: «Улады не хвалюе, які вобраз Беларусі ствараецца на эканамічнай мапе сьвету»

Палітолаг — пра тое, чаму аўтакраты ня любяць прыватны бізнэс.

— Апошнім часам Лукашэнка ў сваіх выступах зьвяртаецца да досьведу Кітая. Маўляў, трэба перабудоўваць палітычную сыстэму на кітайскі ўзор, то бок — бяз выбараў. Вось, напрыклад, Усебеларускі народны сход нечым нагадвае Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў — фактычна нявыбарны орган, — піша Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч

У той самы час, калі Лукашэнка насуперак жаданьню большасьці беларусаў не пакінуў вышэйшую дзяржаўную пасаду, кіраўнік Кітаю Сі Цзіньпін парушыў няпісаныя правілы і не сышоў у адстаўку, адбыўшы два тэрміны на чале партыі і дзяржавы.

І ў Беларусі, і ў Кітаі назіраецца паскарэньне таталітарных тэндэнцый, здушэньне ўсялякай альтэрнатывы, узмацняецца кантроль дзяржавы за грамадзкімі працэсамі. Цалкам лягічна, што ў межах гэтага працэсу адбываецца наступ на прыватны бізнэс.

Што тычыцца Беларусі, то Лукашэнка ўвесь час свайго ўладараньня вядзе няспынную барацьбу зь бізнэсоўцамі.

У Кітаі сытуацыя трохі іншая. Пасьля вострага палітычнага крызісу 1989 году, калі камуністычная ўлада жорстка здушыла студэнцкі пратэст на плошчы Т’яньаньмэнь, менавіта курс на разьвіцьцё рынкавых адносін абумовіў хуткі рост эканомікі, дазволіў за кароткі час падвысіць узровень жыцьця насельніцтва і тым самым легітымізаваць недэмакратычную ўладу кампартыі. Цяпер у Кітаі прыватны бізнэс забясьпечвае больш за 80% працоўных месцаў, 70% інавацый і 60% росту валавога ўнутранага прадукту.

Аднак з моманту, калі таварыш Сі Цзіньпін захацеў сканцэнтраваць у сваіх руках усю ўладу, там пачаўся працэс барацьбы з прыватным бізнэсам. Пад лёзунгам забесьпячэньня «роўнасьці і справядлівасьці» пачаўся працэс асьцярожнага пераразьмеркаваньня багацьця ад багатых да бедных.

Першай ахвярай новага курсу стаў гігант інтэрнэт-гандлю Alibaba і яго заснавальнік мільярдэр Джэк Ма. Потым пачалася атака на шоў-бізнэс, прыватную адукацыю (нешта вельмі знаёмае для Беларусі), мабільныя сэрвісы замаўляць таксі і на іншыя кампаніі, якія працуюць у інтэрнэт-эканоміцы і на сэрвісах. Бізнэс прымушаюць ахвяраваць на сацыяльныя праграмы.

Адначасова ідзе барацьба з «тлятворным уплывам Захаду» і абарона «традыцыйных каштоўнасьцяў» (як усё падобна). Камуністычныя ўлады ўбачылі, што прыватныя банкі і сацыяльныя сеткі дазволілі грамадзянам ствараць гарызантальныя сувязі ў грамадзтве ў абыход дзяржавы. І спужаліся.

Кампанія супраць бізнэсу наносіць моцны удар па эканоміцы, але гэта кіраўніцтва кампартыі Кітаю мала хвалюе. Найперш яны зацікаўленыя ў стабільнасьці і непарушнасьці сваёй сыстэмы.

Тое самае адбываецца і ў Беларусі. Яшчэ на пачатку 2021 году Лукашэнка загадаў «выразаць бізнэс», які выявіў палітычную неляяльнасьць да рэжыму. Высьветлілася, што працаўнікі недзяржаўнага сэктару былі актыўнымі ўдзельнікамі пратэстаў. Лукашэнка нават паставіў пытаньне аб ліквідацыі Парка высокіх тэхналёгій, аднак устрымаўся ад такога радыкальнага кроку.

Рэжым абсалютна не цікавіць бізнэс-клімат у краіне; улады не хвалюе, які вобраз Беларусі ствараецца на эканамічнай мапе сьвету.

Урад адмовіўся вяртаць замежныя даўгі ў валюце, ствараючы сытуацыю дэфолту. Лукашэнка забараніў замежным уласьнікам выводзіць капітал за мяжу. Барацьба з цэнамі прывяла да таго, што дзясяткі прадпрымальнікаў апынуліся за кратамі.

Нешта падобнае адбываецца і ў Расеі. Усё пачалося са «справы ЮКОСа» Міхаіла Хадаркоўскага. І працягваецца дасюль.

У аўтакратаў вельмі інструмэнтальны падыход да бізнэсу. Яны гатовыя ствараць умовы для яго разьвіцьця, калі ён дапамагае легітымізаваць рэжым (як у Кітаі), дае магчымасьць абагаціцца блізкаму асяродзьдзю дыктатара (як у Расеі) ці быць рэсурсам для падтрымкі дзяржсэктару (як у Беларусі і тым жа Кітаі).

Але як толькі бізнэс умацоўваецца, становіцца чыньнікам уплыву на прыняцьцё ўладных рашэньняў, ён пачынае ствараць рызыкі для палітычнай сыстэмы. Для кіраўніцтва рэжыму ён перастае быць рэсурсам і становіцца выклікам, пагрозай. Тады зь ім пачынаюць барацьбу.

І вельмі адметна, што наступ на бізнэс адбываецца прама прапарцыянальна ўмацаваньню аўтарытарызму ў палітычнай сыстэме. Гэтае правіла ня мае выключэньняў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(13)