Филин

Сяргей Васілеўскі

Карбалевіч: «Тэма ВКЛ, пра якую казалі Святлана Ціханоўская і Рада БНР, як мне падаецца, абсалютна штучная»

Палітолаг тлумачыць, у якім накірунку можа ісці дыскусія пра сумесную гістарычныю спадчыну. 

Рада БНР заклікала ўспрымаць спадчыну ВКЛ як супольную для Беларусі і Літвы. У заяве падкрэсліваецца, што «любы публічны канфлікт між беларусамі і літоўцамі перадусім выгадны нашым супольным ворагам — дыктатарскай пуцінскай Расіі, а таксама яе сатэліту, рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, які займаецца прасоўваннем расійска-савецкага каланіяльнага ідэалагічнага і псеўдагістарычнага наратыву, варожага да спадчыны Вялікага княства Літоўскага».

Верагодна, гэтая заява стала рэакцыяй на словы старшыні парламенцкага Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Літвы Лаўрынаса Кашчунаса. Колькі дзён таму ён заявіў, што беларуская апазіцыя, якая жыве ў Літве, павінна быць занепакоеная ўсё больш прыкметнымі праявамі «ліцьвінства».

Літоўскі дэпутат выказаў думку, што дзяліцца гісторыяй у нейкай меры — нармальна, але «прысвойваць сабе гісторыю Літвы — гэта ўжо нядобра».

Яшчэ раней на гэтую тэму выказалася Святлана Ціханоўская. 14 жніўня яна звярнулася да літоўцаў:

— Апошнім часам у літоўскіх медыях і інтэрнэт-прасторы абмяркоўваюць заявы невядомых правакатараў, якія прыніжаюць Літву і літоўскі народ. Падобныя антылітоўскія выказванні — маргінальныя для беларускага грамадства. Я хачу падкрэсліць нашу агульную пазіцыю: літоўская тэрыторыя і дзяржава належыць народу Літвы і больш нікому. Беларусы не маюць і ніколі не будуць мець ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў.

Пракаментаваць гэтую гісторыю Филин папрасіў палітолага Валерыя Карбалевіча.

— Услед за Святланай Ціханоўскай на тэму спрэчак вакол сумеснай беларуска-літоўскай спадчыны ВКЛ выступіла з адмысловай заявай Рада БНР. Выглядае, што гэтая гісторыя выходзіць у палітычную плашчыню. Наколькі ўсё гэта сур’ёзна акурат цяпер, калі ў Літве знаходзіцца Пераходны кабінет і вымушана жывуць тысячы беларусаў? Ці бачыце вы ў гэтым скандал?

— Я ўвогуле не разумею, адкуль з’явілася гэтая тэма. Таму што ніхто з беларускіх публічных апазіцыйных палітыкаў на гэты конт нічога не казаў. Былі заявы літоўскага дэпутата. Але ізноў жа — незразумела, на якім грунце яны былі зробленыя.

То бок, ёсць канфлікт паміж афіцыйным Вільнюсам і афіцыйным Мінскам. Зразумела, на чым ён грунтуецца. І гэта зусім не тэма гісторыі, гэта тэма сучаснай палітыкі.

А вось тая тэма, пра якую казалі Святлана Ціханоўская і Рада БНР, як мне падаецца, абсалютна штучная, не зразумела, на чым яна грунтуецца.

— Як вы ставіцеся да ідэі аднаго з аўтараў «Радыё Свабода» Алеся Чайчыца пра правядзенне канферэнцыі гісторыкаў Літвы і Беларусі, якую мог бы арганізаваць кабінет Ціханоўскай?

— Паміж беларускімі і літоўскімі гісторыкамі ўвесь час адбываецца камунікацыя, абмеркаванні. Той жа Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі, які ладзіць Інстытут палітычных даследванняў «Палітычная сфера» на чале з Андрэем Казакевічам.

На гэтым кангрэсе тэма гістарычнай спадчыны ВКЛ заўсёды актыўна абмяркоўваецца. І там заўсёды актыўны ўдзел прымаюць гісторыкі з Літвы.

Пры чым гэта адбываецца ўжо шмат гадоў, з таго самага моманту, калі Кангрэс упершыню прайшоў у Каўнасе. Таму я не разумею, пра што тут можа быць гаворка.

Сярод гісторыкаў гэтая тэма абмяркоўваецца. Магчыма, можна рухацца і далей. Напісаць, напрыклад, сумесны падручнік, аўтарамі якога стануць беларускія і літоўскія гісторыкі.

Цяпер гэта модная тэма. Гісторыкі розных краін, паміж якімі ў мінулым былі вялікія канфлікты, пішуць сумесныя працы. Гісторыкі Польшчы і Нямеччыны, Нямеччыны і Францыі.

Таму як крок да далейшага супрацоўніцтва, гэтая ідэя цалкам магчымая. Але тут няма ніякай палітыкі. Тое, што нейкія асобныя шараговыя грамадзяне штосьці пішуць у сацсетках, яшчэ не кажа пра нейкі палітычны аспект.

— На вашу думку, што трэба і можна зрабіць, каб не раздзьмуць гэтую гісторыю да сапраўднага скандала?

— Шчыра кажучы, я не бачу тут ніякай сваркі. Сваркі паміж кім? Дыскусіі ў сацыяльных сетках? Дык там спрачаюцца ўсе з усімі і на любыя тэмы.

Таму я не ведаю, што тут можна прапанаваць, бо не бачу ў гэтым праблемы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(25)