Карбалевіч: Старшыня КДБ запалохвае Лукашэнку

Палітолаг Валер Карбалевіч – пра заявы на фоне сумеснай калегіі расейскай Службы замежнай выведкі (СЗВ) і беларускага КДБ.

– Зьвярнуў на сябе ўвагу тон, акцэнты размовы Лукашэнкі з Нарышкіным. Выглядала ўсё так, што Лукашэнка апраўдваўся, – піша Карбалевіч. – Ён наракаў, што спэцслужбы не за ўсім могуць упільнаваць «з улікам імклівага разьвіцьця розных тэхнічных сродкаў». «Мы не ад бога, і ўсё прадугледзець ня можам», — казаў ён, і пры гэтым узгадаў дывэрсію супраць расейскага самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах.

Лукашэнка таксама шмат гаварыў пра супрацу спэцслужбаў дзьвюх краін і ўсяляк дзякаваў… На што Сяргей Нарышкін адказаў: «Мы сапраўды ў апошнія гады самым сурʼёзным чынам узмацнілі ўзаемадзеяньне».

У перакладзе на нармальную мову гэта азначае, што ўплыў расейскіх спэцслужбаў на Беларусь узмацніўся, што прызнаюць абодва бакі. І, здаецца, Лукашэнка гэтым вельмі задаволены. Расея «своечасова напружвае ў асобных пытаньнях», то бок ставіць задачы.

І, мусіць, атрымлівае справаздачы. Дапамога расейцаў у тэхнічнай выведцы вядзе да таго, што ніякай дзяржаўнай таямніцы ад Масквы ў афіцыйнага Менску няма і ня будзе.

Старшыня КДБ Беларусі Іван Тэртэль скарыстаўся прыездам Нарышкіна як нагодай, каб расказаць пра чаканьне эскаляцыі ў рэгіёне і максымальна запужаць публіку.

«Мы канстатуем, што трэба чакаць у сярэднетэрміновай пэрспэктыве сурʼёзнай эскаляцыі абстаноўкі ў нашым рэгіёне... Чым займаецца ўвесь сілавы блёк пад кіраўніцтвам прэзыдэнта, — гэта фактычна адбіцьцё атакі тэрарыстычнага канглямэрату з тэрыторыі сумежных для нас дзяржаў... Сёлета зь вясны плянуецца актывізацыя тэрарыстычнай дзейнасьці на нашай тэрыторыі».

Тэртэль расказаў, што затрыманыя «дзясяткі грамадзян Украіны», а таксама арыштаваныя грамадзяне Польшчы і краін Прыбалтыкі. То бок іншаземцы ў Беларусі разглядаюцца цяпер як патэнцыйныя тэрарысты і шпіёны? Навошта ж тады ўвялі бязьвізавы рэжым зь Літвой, Латвіяй і Польшчай?

І яшчэ з прызнаньняў Тэртэля: «Я 2–3 разы, бывае, у дзень дакладаю нашаму прэзыдэнту аб сытуацыі і неабходнасьці прыняцьця тых ці іншых рашэньняў».

Уяўляеце: тройчы на дзень старшыня КДБ даводзіць Лукашэнку, што вакол адны ворагі, шпіёны, тэрарысты, якія бясконца рыхтуюць замахі, тэракты, дывэрсіі. І што павінен адчуваць чалавек, які ўсё гэта чуе?

А мы дзівімся, зь якой прычыны Лукашэнка такі нэрвовы, узьвінчаны, напружаны, увесь час патрабуе праводзіць «зачысткі», «выразаць мярзотнікаў», кажа, што «часам не да законаў». Нават чалавек з моцнымі нэрвамі такога ня вытрымае. А калі яшчэ не загаілася траўма ад 2020 году? Можна толькі ўявіць, у якой мілітарысцкай ліхаманцы знаходзіцца кіраўніцтва дзяржавы. Гэта ж жыцьцё на вулькане.

Падумалася: можа, калі б Лукашэнка 2-3 разы на дзень прымаў з дакладам не старшыню КДБ, а, напрыклад, міністра эканомікі, то справы ў гаспадарцы ішлі б лепш? А былі ж часы, калі галоўнай палітычнай падзеяй вясны была сэлектарная нарада наконт сяўбы, Лукашэнка публічна дзяліў паліва паміж абласьцямі, лаяў кіраўнікоў рэгіёнаў за спазьненьне.

А цяпер якая пасяўная, калі «зь вясны плянуецца актывізацыя тэрарыстычнай дзейнасьці на нашай тэрыторыі»? Трэба тэрмінова ствараць народнае апалчэньне, тэрытарыяльную абарону, праводзіць праверку гатоўнасьці сілавых структур, шукаць тэрарыстаў і інш.

Якую краіну страцілі... Здаецца, зусім нядаўна была ціхая, спакойная, стабільная Беларусь, а сёньня — крэпасьць у аблозе. І хто ў гэтым вінаваты?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(27)