В мире

Карбалевіч: Справа «Прэс-клюбу» – санкцыі працуюць?

Валер Карбалевіч – пра першыя прыкметы гнуткасьці ўлады.

– 19 жніўня раптам былі вызвалены з турмы чатыры супрацоўнікі «Прэс-клюбу», – піша Карбалевіч. – Хоць яшчэ зусім нядаўна, 9 жніўня, падчас «Вялікай размовы» Лукашэнка, адказваючы на пытаньне Юрыя Васкрасенскага, вельмі скептычна паставіўся да ідэі амністыі і памілаваньня палітвязьняў.

Ня так важна, ці ідзе гаворка пра памілаваньне (хоць закон не прадугледжвае памілаваньня без судовага прысуду), ці фармальнай падставай стала выплачаная сваякамі вязьняў кампэнсацыя за нібыта нявыплачаныя падаткі. Бо ўсім відавочна, што справа «Прэс-клюбу» палітычная. І, дарэчы, грашовая кампэнсацыя была ўнесена яшчэ ў студзені, а сёньня — жнівень.

У той жа дзень Лукашэнка гарантаваў, што ніводзін волас не павінен упасьці з сумленных бізнэсоўцаў. А яшчэ ня так даўно ён абяцаў «выразаць» неляяльны бізнэс. Рыторыка, відавочна, памянялася.

Што здарылася? Пачаўся трэнд на лібэралізацыю? Калі б гэта было так, то спыніліся б новыя арышты, ператрусы, прысуды. А яны працягваюцца.

Мяркую, пакуль гаворка ідзе пра спробы пачаць нейкую гульню, прадэманстраваць пэўную гнуткасьць, што важна.

Бо дасюль улады дэманстравалі адно толькі жорсткасьць, непрымірымасьць, рыгіднасьць, няўмольнасьць у пашырэньні рэпрэсій. І Лукашэнка шмат разоў абяцаў, што зачысьцім усіх, чаго б гэта ні каштавала.

І вось — першыя прыкметы гнуткасьці. З чаго раптам?

Высьвятляецца, што, насуперак усім скептыкам, так толкам яшчэ і ня ўведзеныя заходнія санкцыі ўжо пачынаюць працаваць. У практычным сэнсе пакуль асноўны ўплыў відаць толькі ў фінансавай сфэры. «Абсалютбанк» толькі пасьпеў трапіць у санкцыйны сьпіс ЗША, а ўжо спыніў большасьць банкаўскіх апэрацый.

Зразумела, рана рабіць далёкасяжныя высновы. Але сыгнал адметны. І ён падштурхоўвае да новых ацэнак эфэкту санкцый.

Кузнецов о зачистке СМИ: «У властей появились три огромные проблемы»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(20)