Карбалевіч: «Пуцін прыехаў у Беларусь, каб памахаць Захаду ядзернай дубінкай»
Палітычны аглядальнік Радыё Свабода — пра візіт расійскага правіцеля ў Мінск.

— Уладзімір Пуцін не так часта прыязджае ў Беларусь, і ніякай практычнай неабходнасці ў цяперашнім візіце ў Мінск у яго не было, бо кіраўнікі Беларусі і Расіі часта сустракаюцца, — адзначае Валер Карбалевіч у выніках тыдня для Радыё Свабода.
Палітычны аглядальнік нагадвае, што ў сярэдзіне красавіка Лукашэнка ездзіў на перамовы ў Маскву, потым напярэдадні святкавання 9 траўня Пуцін і Лукашэнка да трох часоў ночы ў Маскве вялі перамовы, таму нібыта ўсе пытанні павінны быць вырашанымі.
Карбалевіч бачыць два сэнсы візіту Пуціна.
— Першы сэнс палягае ў тым, што Пуцін нядаўна быў перавыбраны на пасаду прэзідэнта Расіі. У міжнароднай практыцы існуе такая традыцыя, што першы візіт новавыбраны кіраўнік ладзіць у тую краіну, якая з’яўляецца найбольш блізкай гэтай дзяржаве, то бок гэта ёсць міжнародны прыярытэт.
І першы візіт Пуцін зладзіў у Кітай, гэтым ён якраз падкрэсліў яго ролю ў той псіхалагічнай, маральнай падтрымцы, якую Пекін ладзіць на карысць Расіі.
Ну, а другі візіт — тут ужо выбіраць не даводзілася. Ніхто б не зразумеў, калі б другі візіт Пуцін не здзейсніў у Беларусь. Таму візіт цяперашні азначае, што Пуцін прызнае Беларусь як свайго галоўнага саюзніка.
Саюзнік падчас вайны каштуе дорага і ў палітычным плане, і ў фінансавым. Таму гэты візіт — гэта дэманстрацыя добразычлівасці адносна палітычнага кіраўніцтва Беларусі. Тая вялікая ўрадавая дэлегацыя таксама павінна была пацвердзіць гэты сэнс.
— Другі момант, — звяртае ўвагу Валер Карбалевіч, — сёння вайна Расіі супраць Украіны, канфлікт супраць Захаду, можна лічыць, дасягнула сваёй кульмінацыі. Абодва бакі робяць крокі, якія павінны прадэманстраваць сілу і рашучасць да перамогі.
ЗША размарозіла вялікі пакет дапамогі Украіне. Захад і Украіна ладзяць цяпер вялікую канферэнцыю ў Швейцарыі, якая павінна, умоўна кажучы, стварыць праўкраінскую кааліцыю.
Расія таксама робіць крокі ў адказ. Тут і візіт у Кітай Пуціна, і нейкія планы памяняць марскія межы ў Балтыйскім моры, і самае важнае, можа быць, тое, што ў пачатку траўня Масква абвясціла тое, што яна будзе ладзіць вучэнні па прымяненні тактычнай ядзернай зброі. Потым да гэтай кампаніі падключылася і Беларусь, таму што на тэрыторыі Беларусі таксама знаходзіцца расійская ядзерная зброя.
І таму можна сказаць, што вось цяпер Пуцін прыехаў у Беларусь, каб памахаць Захаду ядзернай дубінкай.
Маўляў, глядзіце, вось тут у Беларусі ёсць ядзерная зброя, а мы не толькі маральна і палітычна гатовыя яе прымяніць, але нават ужо і практычныя праводзім трэніроўкі, як яе можна будзе выкарыстаць.
І гэта такі механізм застрашэння, запужвання суседзяў Беларусі, гэта курс на падвышэнне ставак, на эскалацыю канфлікту.
З самага пачатку, калі Пуцін толькі прыехаў у менскі аэрапорт, і Лукашэнка, і ён заявілі, што праблемы бяспекі галоўны прыярытэт, што будзем якраз абмяркоўваць пытанні трэніроўкі, вучэнняў па прымяненні ядзернай зброі.
Потым падчас выніковай прэсавай канферэнцыі першае пытанне было абодвум кіраўнікам: як вы вырашылі гэтае пытанне па правядзенні вучэнняў. Відавочна, што пытанні былі загадзя падрыхтаваныя, і невыпадкова гэтае пытанне прагучала першым.
Ну вось, гэта быў важны сэнс гэтага візіту пуцінскага. І наколькі ён уразіў, наколькі заходнія кіраўнікі спужаліся гэтай дэманстрацыі ядзернай — гэта іншае пытанне. Але ва ўсякім разе кожны бок гуляе тымі інструментамі, якія на дадзены момант у іх ёсць, — падсумоўвае Валер Карбалевіч.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное