Карбалевiч: Прыхільнікі «русского мира» ў Беларусі маўчаць

Бо месца «галоўнага інтэгратара» занятае, пiша палiтолаг Валер Карбалевiч на Радыё Свабода.

Крызіс беларуска-расейскіх стасункаў паставіў прыхільнікаў «русского мира» ў Беларусі ў інтэлектуальны тупік.

    Прыхільнікі «паглыбленьня інтэграцыі» ў Беларусі не падтрымалі ініцыятывы Крамля.

    Аляксандар Лукашэнка моцна трымае манаполію на палітыку сяброўства і інтэграцыі з Расеяй.

    Адэптам «русского мира» застаецца толькі роля змагароў зь беларускімі нацыяналістамі.

    Малаімаверна зьяўленьне на прэзыдэнцкіх выбарах прарасейскага кандыдата.

Інфармацыйная кампанія прарасейскага сайту «Телескоп» супраць незалежнай беларускамоўнай газэты «Новы час», магчыма, зьяўляецца прадвесьнікам абвастрэньня канфлікту паміж беларускімі нацыяналістамі і прыхільнікамі «русского мира».

Крызіс беларуска-расейскіх дачыненьняў, выкліканы імкненьнем Масквы прымусіць Менск пачаць працэс будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, паставіў прыхільнікаў «русского мира» ў Беларусі ў тупік.

Уся іхная ідэалёгія грунтуецца на неабходнасьці як мага большага адзінства «двух брацкіх народаў». Таму цяперашняя палітычная лінія Крамля да Беларусі, скіраваная на «паглыбленьне інтэграцыі», якраз трапляе у фокус іхных плянаў, мараў, жаданьняў. На іхнай вуліцы цяпер павінна быць сьвята, яны мусяць на кожным скрыжаваньні крычаць «Ура!», рашуча падтрымаць ініцыятыву Масквы і заклікаць Менск рушыць насустрач.

Аднак нічога такога не здарылася. Прыхільнікі «русского мира» ў Беларусі чамусьці маўчаць, нібы вады ў рот набралі.

Разгадка тут вельмі простая. Бо ўсе гэтыя сілы ня толькі прарасейскія, але адначасова і праўладныя, пралукашэнкаўскія.

Парадокс беларускай сытуацыі палягае ў тым, што тут ёсьць некалькі праэўрапейскіх палітычных партый, аналітычных цэнтраў, зарэгістраваных газэт. Аднак, нягледзячы на дзесяцігодзьдзі палітыкі інтэграцыі з Расеяй, практычна няма прарасейскіх партый, аналітычных цэнтраў, друкаваных выданьняў. У іншых постсавецкіх дзяржавах (нават у краінах Балтыі) яны ёсьць, а ў краіне, якая тры дзесяцігодзьдзі апантана аб’ядноўваецца з РФ, іх няма. Ёсьць толькі інтэрнэт-рэсурсы, якія адмініструюцца з Расеі.

Прычына такога парадоксу папраўдзе вельмі зразумелая. Аляксандар Лукашэнка вельмі моцна трымае манаполію на палітыку сяброўства і інтэграцыі з Расеяй. І катэгарычна не дапускае на гэтай пляцоўцы ніякіх канкурэнтаў. Таму на праэўрапейскім палітычным полі існуе параўнальная свабода, а на прарасейскім флянгу ўсё забэтанаванае і заасфальтаванае.

У 2014 годзе Сяргей Касьцян паспрабаваў стварыць партыю «Беларускі славянскі камітэт», але ўлады яе не зарэгістравалі, а ейных чальцоў моцна напужалі. Вось днямі ў Менгарвыканкаме адказалі адмовай на паўторную заяўку ў рэгістрацыі прарасейскага грамадзкага абʼяднаньня «Бессмертный полк».

А тыя, хто не зразумеў, што прарасейскі палітык у Беларусі толькі адзін, жорстка паплаціліся. Тры блогеры расейскага шавіністычнага сайту Regnum правялі за кратамі амаль 14 месяцаў. Дзяржаўныя мэдыя іх абвінавацілі... у чым вы думалі? Правільна, у тым, што яны шкодзілі беларуска-расейскай дружбе і распальвалі міжнацыянальную варожасьць.

Бо межы дружбы тут вызначае адзін чалавек. І менавіта ён зьяўляецца галоўным праціўнікам інтэграцыі паводле сцэнару Масквы. Прыхільнікі «русского мира» гэта разумеюць, але падаць голас баяцца. Бо гісторыя з блогерамі Regnum стала добрай навукай.

Што ім застаецца цяпер? Хіба што змагацца зь беларускімі нацыяналістамі. То патрабуюць забараніць Партыю БНФ, то закрыць газэту «Новы час».

Але і гэты шлях не зусім бясьпечны. Можна не ўгадаць і семдзесят сем агнёў пабачыць.

Вось вядомы апантаны прыхільнік «русского мира», навуковы супрацоўнік інстытуту філязофіі НАН Беларусі Аляксей Дзермант, паўдзельнічаў у перадачы расейскага тэлеканалу НТВ, у якой выкрываўся беларускі нацыяналізм. Аднак Лукашэнку гэтая перадача вельмі не спадабалася, ён моцна абурыўся, рэзка абверг усе закіды НТВ, нібыта ў Беларусі вядуць рэй нацыяналісты.

Цяпер у мэдыя шмат разважаньняў наконт магчымага прарасейскага кандыдата на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Падчас мінулых прэзыдэнцкіх кампаній таксама гучалі абвінавачваньні ў адрас некаторых кандыдатаў, што яны патаемна прарасейскія. Цяпер жа, у зьвязку з абвастрэньнем беларуска-расейскага канфлікту, кажуць пра магчымасьць зьяўленьня яўнага прарасейскага кандыдата, які будзе крытыкаваць Лукашэнку за тармажэньне працэсу інтэграцыі.

З улікам таго, што за саюз з Расеяй у Беларусі выступае каля 60% насельніцтва, гэта стварыла б уладам пэўную праблему. Аднак, думаю, што зьяўленьне такога кандыдата малаімавернае. Бо чалавек, які паспрабуе згуляць у такую гульню — палітычны сьмяротнік. І лёс блогераў Regnum — гэта як напамін пра будучыню.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)