Карбалевіч: «Прыклады проста забойныя. Эйсмант выдае за крэатыўнасьць элемэнтарны панскі капрыз Лукашэнкі»
«І вось з вуснаў інтэлігентнай жанчыны гучыць слэнг крымінальных разборак», – піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.
Знойдзены брэнд Беларусі
Шмат гадоў беларускае грамадзтва шукае нацыянальную ідэю. Дзеля гэтага працуюць цэлыя дзяржаўныя інстытуты, правялі шмат ток-шоў на БТ. Некалькі канфэрэнцыяў было прысьвечана пошуку брэнду Беларусі. За турыстычны брэнд Менску адной замежнай фірме нават заплацілі нямалыя грошы. Зь Вялікай Брытаніі выпісвалі цэлага лорда Бэла, каб прапіярыць лукашэнкаўскую Беларусь у Эўропе. І ўсё марна.
І вось эўрыка. Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант адным скокам вырашыла праблему, над якой мучыліся сотні інтэлектуалаў. Яна проста пасароміла іх. І цяпер краіна можа спаць спакойна. Сп-ня Эйсмант вызваліла беларусаў ад невыноснага маральнага цяжару. Сякера аказалася пад лаўкай, а раяль стаяў у кустах. Бо, як вядома, усё геніяльнае — простае.
Вось што значыць быць у адным інтэлектуальным полі з чалавекам, пра «маштаб асобы, маштаб мысьлі» якога Натальля выказваецца з вялікім піетэтам і прыдыханьнем. Бо свой магічны арэол ён распаўсюджвае на сваё атачэньне.
«Мне здаецца, мы ўжо так часта вымаўляем гэтае слова, што дыктатура — гэта ўжо наш брэнд», — сказала сп-ня Эйсмант у эфіры АНТ. Вось яна — мудрасьць вякоў.
Інтэрвію прэс-сакратаркі ў перадачы «Маркаў. Нічога асабістага» цікавае менавіта яе шчырасьцю. «O sancta simplicitas» ( «О, сьвятая прастата!») — сказаў Ян Гус на вогнішчы, калі ўбачыў, што нейкая бабулька у прастадушнай стараннасьці кінула ў агонь гальлё. Сьвятая прастата Эйсмант таго самага кшталту.
Магія дыктатуры
Ёсьць такая зьява, як «магія дыктатара». У тэлесэрыяле «Гульні тронаў» запомнілася такая фраза: «Улада — гэта цень чалавека на сьцяне. Чалавек можа быць маленькі, а цень вельмі вялікі». Гэта якраз беларускі выпадак.
Працуючы пэўны час з Лукашэнкам, Эйсмант пачынае пераймаць стыль мысьленьня, паводзінаў, нават лексыкон шэфа. Вось прыклад. Сярод іншага Маркаў запытаўся ў Натальлі, паводле якога прынцыпу адбіраліся журналісты, экспэрты на «Вялікую размову з прэзыдэнтам», а таксама якім чынам там задаваліся пытаньні. «Калі б я адбірала пытаньні і тэмы, мне прэзыдэнт проста галаву адкруціў бы», — прастадушна адказала Эйсмант.
Шмат разоў мы чулі ад Лукашэнкі падобную тэрміналёгію: «па мордзе даць», «зьвернем галаву», «ногі паадкручваем», «рукі паадсякаем» і інш. І вось цяпер з вуснаў прыгожай, інтэлігентнай жанчыны гучыць жаргон, слэнг крымінальных разборак. Гэта адбываецца падсьвядома, на аўтамаце. З кім павядзесься...
Прыклады маштабу асобы Лукашэнкі
Яшчэ адзін цікавы сюжэт інтэрвію. Эйсмант, апавядаючы пра маштаб асобы Лукашэнкі, кажа: «Наблізіцца да гэтага ўзроўню генэраваньня ідэяў вельмі складана і нават, напэўна, немагчыма».
З гэтай нагоды мой калега Віталь Цыганкоў піша у фэйсбуку: «На гэтым моманце я нават унутрана напружыўся, чакаючы, пра што ж яна зараз раскажа. Можа, пра выпрацоўку стратэгіі разьвіцьця краіны, ці стварэньне нацыянальнай ідэі, ці там хаця б плян пашырэньня экспарту. І тут Эйсмант раскрывае „маштаб ідэяў“ — аказваецца, размова ідзе пра навагодні баль і пра хакейную сэрыю. Маштаб зашкальвае, лішне казаць».
Сапраўды, прыклады, закліканыя паказаць маштаб асобы Лукашэнкі, проста забойныя. Сп-ня Эйсмант выдае за нестандартнасьць, крэатыўнасьць мысьленьня элемэнтарны панскі капрыз. Маўляў, хачу паглядзець, як Качанава будзе танчыць з Румасам (Лукашэнка сам пра гэта расказаў 1 сакавіка). І ўся дзяржаўная машына закруцілася, каб задаволіць нораў валадара.
Ці яшчэ адно дзіцячае жаданьне арганізаваць сэрыю хакейных гульняў паміж зборнай экстралігі і камандай «Дынама-Мінск». Тры гульні дзеля аднаго гледача. Тое, што студэнтаў і школьнікаў нагналі на арэну, — ня лічыцца. І хакеісты «Дынама-Мінск», траўмаваныя, у разабраным стане пасьля заканчэньня сэзону, нібы артысты прыгоннага тэатру, былі вымушаныя гуляць.
Анамалія прымаецца за норму
Але насамрэч праблема глыбейшая, чым абэрацыя зроку прэс-сакратаркі дыктатара (цяпер гэты тэрмін легалізаваны). Рэч у тым, што вырасла цэлае пакаленьне людзей, якія, акрамя дыктатуры Лукашэнкі, больш нічога ня бачылі, ня чулі, ня ведаюць. А Натальля Эйсмант — толькі прыгожае люстэрка, больш-менш адэкватнае адлюстраваньне гэтага фундамэнтальнага працэсу. На гэтым і палягае беларуская драма, што анамалія пачынае прымацца за норму.
Гэта ня мудрасьць вядомага філёзафа Валянціна Акудовіча, які разважае пра вялікі прагрэс з той нагоды, што беларусы ўпершыню за шмат вякоў займелі свайго ўласнага дыктатара. Гэта хутчэй сьвядомасьць простага савецкага чалавека, які сапраўды лічыў нязграбнага вусатага людажэра, што дрэнна гаварыў па-расейску, «правадыром усіх народаў», а данос на суседа разглядаў як грамадзянскі абавязак.
«Мы бачым, што адбываецца навокал, — хаос, часам беспарадак. Я, можа, нейкую парадаксальную рэч скажу, нечаканую, але часам мне здаецца, што ня сёньня дык заўтра, але пасьлязаўтра дакладна ў сьвеце можа паўстаць запыт на дыктатуру. Бо за дыктатурай у нашым сёньняшнім разуменьні ў першую чаргу мы бачым, на мой погляд, парадак, дысцыпліну і абсалютна нармальнае і спакойнае жыцьцё», — лічыць прэс-сакратар.
Паўгалодны савецкі калгасьнік, атрымліваючы за працу пустыя «працадні», таксама лічыў, што жыве ў самай шчасьлівай краіне сьвету, што ўвесь сьвет яму зайздросьціць і марыць ісьці тым жа шляхам. Тут мы назіраем «стакгольмскі сындром» вялікай часткі беларускага грамадзтва. Гэта калі ахвяры гвалту пачынаюць адчуваць сымпатыю да гвалтаўнікоў. Шмат беларусаў сапраўды лічаць, што выбары, такія, напрыклад, як цяперашнія ва Ўкраіне, — гэта «вакханалія», а тое, што адбываецца ў Беларусі пад выглядам выбараў, — гэта якраз норма, бо парадак і спакой. У гэтым сэнсе шчыраваньні Натальлі Эйсмант ёсьць цікавым дакумэнтам эпохі.
Чем интервью пресс-секретаря Лукашенко напоминает фильм «Джанго освобожденный»
Читайте еще
Избранное