Карбалевіч: Навошта Пуцін троліць Лукашэнку?

Гэта працяг таго крызісу ў адносінах паміж Менскам і Масквой, які выйшаў на паверхню ў кастрычніку. Цяпер да гэтага дадаўся мігранцкі крызіс, піша на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Заява Ўладзіміра Пуціна на пашыраным пасяджэньні калегіі МЗС 18 лістапада прагучала нечакана. Ён заявіў: «Так, мы ведаем, што сытуацыя ў Беларусі, хоць і супакоілася ўнутры краіны, але, тым ня менш, праблемы ёсьць, і мы выдатна разумеем гэта і, вядома, заклікаем да дыялёгу паміж уладамі і апазыцыяй».

Нечакана, таму што яна супярэчыць усёй папярэдняй рыторыцы расейскіх афіцыйных асобаў. Нагадаю, што міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў ужо цэлы год кажа, што ў Беларусі адбываецца дыялёг паміж уладай і грамадзтвам наконт канстытуцыйнай рэформы.

То бок з дыялёгам тут нібыта ўсё ў парадку. Таксама расейскія палітыкі адназначна абвяшчалі ўсю беларускую апазыцыю агентамі Захаду і, значыць, ворагамі РФ.

І вось на гэтым тле такое ўскоснае прызнаньне, што палітычны крызіс у Беларусі ня вырашаны, і заклік да дыялёгу. Хачу нагадаць, што менавіта такую пазыцыю адносна вырашэньня беларускага пытаньня займаюць ЭЗ і ЗША. Што за гэтым стаіць?

Прапаную дзьве вэрсіі, якія не супярэчаць адна адной.

Гэта працяг таго крызісу ў адносінах паміж Менскам і Масквой, які выйшаў на паверхню ў кастрычніку. Тады быў скандал з разгромам філіі расейскага выданьня «Комсомольская правда в Беларуси», абразы на адрас Пуціна наконт «бункера» і «ботаксу» на тэлеканале СТБ, інтэрвію Сьвятланы Ціханоўскай на радыёстанцыі «Эхо Москвы» і іншыя падзеі.

Мяркую, што прычыны гэтага напружаньня ў адносінах тлумачацца вось чым. Год таму Лукашэнка паабяцаў Пуціну правесьці транзыт улады і сысьці. А цяпер адмаўляецца выконваць сваё абяцаньне, імкнецца неяк адкруціцца, прыдумаць сабе пасаду ў новай канструкцыі дзяржаўнага кіраваньня, каб застацца.

Напрыклад, на пасадзе кіраўніка Ўсебеларускага народнага сходу. І гэта выклікае незадавальненьне Пуціна.

Да гэтага дадаўся мігранцкі крызіс. Пуціну падабаецца, што да яго зьвяртаюцца кіраўнікі эўрапейскіх краін (Нямеччыны, Францыі і інш.) з просьбай вырашыць праблему на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой. Ён адчуў сябе гаспадаром, вяршыцелем лёсаў краін рэгіёну. Мусіць, ён нешта паабяцаў, маўляў, калі так моцна просіце, дык так і быць, вашу бяду рукамі разьвяду.

А калі паспрабаваў умяшацца, то Лукашэнка ўпёрся, не захацеў слухаць настойлівыя парады кіраўніка РФ. У выніку Пуцін апынуўся ў дурным становішчы. Ён, які на роўных размаўляе з кіраўнікамі вялікіх дзяржаў, ня ў стане нічога зрабіць з ва ўсім залежным ад яго Лукашэнкам.

І што пра яго падумаюць лідэры Нямеччыны, Францыі? Як можна мець справу з чалавекам, які нічога ня можа вырашыць?

З гэтых прычын Пуцін вырашыў патроліць Лукашэнку. І націснуў на самы балючы пункт, які толькі можа быць у хаўрусьніка. Бо Лукашэнка ж у прынцыпе не прызнае наяўнасьці апазыцыі ў Беларусі, кажа, што супраць яго выступаюць «адмарозкі», «экстрэмісты», «тэрарысты», купленыя Захадам.

Мяркую, што далей за тролінг справа ня пойдзе, гэтым усё і абмяжуецца. Бо сапраўднае стаўленьне Пуціна да апазыцыі мала адрозьніваецца ад лукашэнкаўскага.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:23)