Карбалевіч: Галоўнае пытаньне — ці ўдасца штабам аб’яднаць электарат?

Інфармацыя пра аб’яднаньне штабоў Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы і Сьвятланы Ціханоўскай, сёньняшняя сумесная прэсавая канфэрэнцыя Марыі Калесьнікавай, Сьвятланы Ціханоўскай і Веранікі Цапкалы выклікалі пэўны энтузіязм у палітызаванай публікі, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Гэтая падзея дала падставу меркаваць, што яшчэ нічога ня скончана, як шмат хто палічыў, барацьба працягваецца.

Зразумела, аптымальным варыянтам для праціўнікаў дзейнага рэжыму было б аб’яднаньне штабоў Бабарыкі, Цапкалы і чатырох зарэгістраваных альтэрнатыўных кандыдатаў вакол аднаго прэтэндэнта і адзінага сцэнару. Тады б рэалізавалася простая схема: «Народ супраць Лукашэнкі».

Але, гледзячы па ўсім, такі варыянт мала рэальны. Хоць бы з адной простай прычыны. Улады не хавалі, што прыпісалі Ганьне Канапацкай, Сяргею Чэрачню і нават трошкі Андрэю Дзьмітрыеву подпісы. Тут быў разьлік і на тое, каб дыскрэдытаваць іх у вачах пратэставага электарату, і на тое, каб стварыць нейкі, няхай і слабы, але кручок.

І аб’яднаньне штабоў Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы і Сьвятланы Ціханоўскай, і настроі значнай часткі палітызаванай публікі скіраваныя на падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай.

Але справа ў тым, што аб’яднаць штабы прасьцей, чым аб’яднаць электарат. А вось тут якраз ёсьць пэўная праблема. Бо электарат, з аднаго боку, Сьвятланы Ціханоўскай (і Сяргея), а з другога боку — Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, адрозьніваецца.

Прыхільнікі Ціханоўскіх — гэта людзі, якія кіруюцца прынцыпам: «Хто заўгодна, толькі ня Ён».

Прыхільнікі Бабарыкі і Цапкалы — гэта грамадзяне, якія арыентаваныя на рацыянальны выбар, яны б хацелі бачыць на пасадзе прэзыдэнта эфэктыўнага мэнэджэра (то бок Бабарыку або Цапкалу), а ня хатнюю гаспадыню.

Да таго ж Сьвятлана ўвесь час прэзэнтавала сябе як тэхнічнага кандыдата. Яна казала, што не прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта, а ўдзельнічае ў кампаніі толькі дзеля маральнай падтрымкі свайго мужа. І вось нечакана для сябе яна аказалася на вастрыні агульнанацыянальнага пратэсту.

Цяпер галоўнае пытаньне — ці ўдасца каналізаваць увесь пратэставы патэнцыял у электаральную падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай? Як пераканаць прыхільнікаў Бабарыкі і Цапкалы, што галасаваньне за Ціханоўскую — гэта ня толькі голы пратэст, але і рацыянальны выбар?

Першы крок у гэтым кірунку быў зроблены на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі. Там прагучала заява, што функцыя Сьвятланы Ціханоўскай на пасадзе прэзыдэнта (калі раптам такое здарыцца) зводзіцца да вызваленьня палітзьняволеных і правядзеньня новых дэмакратычных выбараў. Усяго толькі. Але гэта было сказана як бы мімаходзь. А на гэтым трэба было б рабіць акцэнт.

Зразумела, з паліттэхналягічнага гледзішча ёсьць шмат прэтэнзій да гэтых прыгожых жанчын. На што разьлік, калі галасы ня лічаць? Ці варта выходзіць на вуліцу? Але гэтыя людзі ўпершыню ўдзельнічаюць у рэальнай палітыцы. І на іх зваліўся вялізны цяжар адказнасьці, якую яны хоць як, але нясуць. І тут увесь разьлік на падтрымку грамадзянскай супольнасьці, якая спантанна ствараецца на нашых вачах падчас гэтай кампаніі.

Класковский: «Еще не убедились в степени джентльменства той стороны?»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(59)