Филин

Ганна Ваніслаўская

Карбалевіч: Чаму Лукашэнка двойчы робіць візіты з тэрыторыі Эміратаў? У яго там новая рэзідэнцыя з’явілася?

Ці зможа правіцель у бліжэйшай будучыні адысці ад аператыўнага кіравання краінай, засяродзіўшыся выключна на аператыўным кантролі? Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Валерам Карбалевічам.

У Беларусі ўжо амаль два тыдні тэсціруецца мадэль аддаленага кіравання, без непасрэднай прысутнасці Лукашэнкі, звярнуў увагу палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман:

«Правіцеля няма ў краіне, ён калясіць па свеце з візітамі (пакуль гэта яшчэ магчыма) і адпачывае. А сістэма спраўна працуе (збоі, прынамсі, назіральніку з боку не бачныя).

Выпрабаванне праходзіць паспяхова і Лукашэнка можа ў хуткай будучыні адысці ад аператыўнага кіравання, засяродзіўшыся на агульным кантролі?»

— Не першы раз Лукашэнка едзе ў Эміраты адпачываць і пакідае краіну, — кажа ў інтэрв’ю Филину Валер Карбалевіч. — Былі даволі працяглыя інтэрвалы, калі ён не быў у Беларусі. Прычым гаварылі, што ён ладзіць працоўны візіт, чамусьці саромеліся проста сказаць, што чалавек адпачывае.

Валер Карбалевіч

У выніку атрымлівалася, што рабочы візіт павінен спалучацца з нейкімі сустрэчамі, мерапрыемствамі, а іх не было. Калі б сказалі, што адпачывае — усё зразумела, а тут ні тое, ні другое.

Цяперашні візіт напоўнены рознымі мерапрыемствамі: і кліматычны саміт, дзе ён выступаў і сустракаўся, потым візіт у Кітай, потым візіт у Афрыку. Нібыта і працуе, і адначасова адпачывае.

Гэта сведчыць пра тое, што Лукашэнка адчувае сябе даволі ўпэўнена ў плане таго, што ў краіне сітуацыя стабільная, усё пад кантролем, і ніякія пагрозы ягонай уладзе ў самой краіне не існуюць на сённяшні дзень, як ён лічыць, таму можа сабе дазволіць менавіта такое кіраванне.

Патрэбна было б патлумачыць, чаму раптам ён два разы робіць візіты з тэрыторыі Эміратаў, потым вяртаецца туды. Што гэта значыць? У яго там новая рэзідэнцыя з’явілася ці што? У нармальнай краіне гэта тлумачаць народу, наменклатуры.

Дзіўныя перамовы з прэзідэнтам Эміратаў, дзе ўдзельнічалі толькі чальцы сям’і Лукашэнкі. Гэта былі дзяржаўныя перамовы ці сямейныя? Незразумела. Гэта выклікае, на мой погляд, пэўныя пытанні.

Калі казаць пра візіты, мне падаецца, гэты візіт у Афрыку спантанны і наўрад ці будзе даваць нейкі эфект, але чыноўнікі падпарадкоўваюцца. Нават з гледзішча піяру не думаю, што гэтыя візіты даюць нейкі эфект, бо для беларускага грамадства супрацоўніцтва з Афрыкай — гэта такая трохі экзотыка.

Валер Карбалевіч мяркуе, што зусім адмовіцца ад аператыўнага кіравання Лукашэнка не можа, гэта яго палітычны стыль.

— Ён актыўна ездзіў напярэдадні гэтага візіту па рэгіёнах, праводзіў там нарады, даваў каштоўныя ўказанні, як трэба працаваць. На прадпрыемствы ездзіў, у полі назіраў, як сельская гаспадарка развіваецца.

Для яго гэта звыклы палітычны стыль, адмовіцца ад яго ён наўрад ці зможа. Тым больш што гэта і элемент ціску на мясцовых кіраўнікоў, і элемент камунікацыі нейкай.

Разумееце, у такой сістэме, як беларуская, павінны быць пастаянныя імпульсы зверху, калі такіх імпульсаў не будзе, сістэма не будзе так эфектыўна працаваць, як яна працуе дасюль — эфектыўна ў сэнсе ўтрымання ўлады. Асабліва калі казаць пра сельскую гаспадарку, пра дзяржаўныя прадпрыемствы.

Іншая справа, што нейкія абмежаванні могуць накласці стан здароўя Лукашэнкі, на які зараз звяртаюць усе ўвагу. Гэта можа даць пэўныя абмежаванні адносна інтэнсіўнасці аператыўнага кіравання, але я думаю, што Лукашэнка будзе імкнуцца да самага канца такі стыль падтрымоўваць, рэалізоўваць, бо па-іншаму ён проста не ўмее працаваць.

— Чаму Лукашэнка ўдае з сябе такога кібарга, які ніколі не бярэ афіцыйны адпачынак? Гэта ягоны страх, што калі ён паляціць адпачываць куды-небудзь, то дыктатура ляснецца і ён страціць уладу? Ці нейкія ягоныя асабістыя комплексы?

— Гэта поўнае ўваходжанне ў вобраз бацькі нацыі. Бацька нацыі не можа адпачываць. Ён увесь час думае пра народ. Як у савецкія часы пісалі, у Крамлі ўвесь час гарыць святло нават ноччу. Правадыр не можа адпачываць па самой сваёй прыродзе. Ён павінен увесь час быць, таму што «а хто ж, калі не ён». І вось у гэты вобраз Лукашэнка ўвайшоў, і ён з яго не можа сысці.

Ужо колькі разоў бывалі сітуацыі, калі ён едзе адпачываць кудысьці. Нават памятаю, у 2000-х гадах ездзіў у Аўстрыю, на лыжах катаўся, а ніхто нічога не паведамляў, толькі замежныя медыя, а беларускія дзяржаўныя медыя маўчалі.

Да таго ж, ён адпачывае не адзін, а з камандай, ці то хакейнай, ці то яшчэ якой. Такія падрабязнасці не вельмі глядзяцца з гледзішча піяру, вось таму ўсяляк хаваюць. Лукашэнка працуе паўсюль. Калі паехаў на мора, то працуе, думае пра Беларусь. Лукашэнка думае пра Беларусь — гэта вобраз такі.

— Можа, ёсць апасенні, што калі ён едзе на адпачынак за мяжу, яго ўпікнуць, што не на Браслаўскіх азёрах адпачывае?

— Сёння шмат беларусаў адпачывае за мяжой. Таму не думаю, што гэтае пытанне ўзнікне, тым больш што, бачыце, ён спрабуе хаваць сам факт адпачынку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(32)