Карбалевiч: «Будзем чакаць 7 лютага»
Захад падае знакі: Беларусь гатовыя падтрымаць. Пiша на Радыё Свабода Валер Карбалевiч.
Фота Reuters
Якраз у момант, калі крызыс у беларуска-расейскіх дачыненьнях дайшоў да стадыі нафтавай вайны, рэзка актывізавалася падтрымка Беларусі з заходняга боку. Няхай сабе збольшага і сымбалічная.
Анансуючы ў Добрушы заплянаваную на 7 лютага сустрэчу з Пуціным, Лукашэнка ацаніў яе як «нейкі момант ісьціны». Сапраўды, настаў час прымаць насьпелыя рашэньні. Бо без кантрактаў на пастаўкі нафты і газу Беларусь доўга трываць ня можа. А сур’ёзнай альтэрнатывы расейскім энэргарэсурсам хутка знайсьці немагчыма.
Пакуль Расея займае вельмі жорсткую пазыцыю. Маўляў, бяз згоды на «паглыбленьне інтэграцыі» ня будзе ніякіх зьніжак на энэргарэсурсы.
Між тым варта адзначыць, што і Расея апынулася перад пэўным выклікам на беларускім трэку. У беларуска-расейскіх стасунках 30 гадоў функцыянавала схема: геапалітычная ляяльнасьць узамен на эканамічную дапамогу. Або, кажучы па-іншаму, нафта і газ па льготных цэнах у абмен на пацалункі. Калі цяпер Расея адмаўляе ў эканамічнай дапамозе або рэзка яе скарачае, то чым будзе забясьпечвацца геапалітычная ляяльнасць Беларусі?
Мабыць, у Крамлі палічылі, што, пакуль захоўваецца рэжым Аляксандра Лукашэнкі, Беларусі няма куды ўцякаць з падводнай лодкі. Бо беларускі аўтарытарызм зьяўляецца жорсткім абмежавальнікам на шляху збліжэньня Беларусі з Захадам. Менск і Брусэль ня могуць падпісаць нават дакумэнту аб прыярытэтах партнэрства, ня кажучы ўжо пра нейкую больш глябальную, базавую дамову аб супрацоўніцтве.
У гэтым сэнсе адметнай выглядае гісторыя з прапановай дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо аб гатоўнасьці Злучаных Штатаў забясьпечваць Беларусь «неабходнай нафтай на 100 адсоткаў па канкурэнтных цэнах».
Відавочна, што практычная рэалізацыя гэтай прапановы дзяржсакратара даволі праблематычная. І ня толькі таму, што кошт нафты, прывезенай з-за акіяна, будзе высокі. Справа яшчэ і ў тым, што канцэрн «Белнафтахім», які займаецца імпартам нафты, знаходзіцца пад амэрыканскімі санкцыямі. І хоць цяпер уведзены мараторый на іх ужываньне тэрмінам на паўтара года, амэрыканскія нафтавыя кампаніі з асьцярогай і недаверам ставяцца да фірмаў, супраць якіх уведзены санкцыі. Маўляў, з такімі таксычнымі структурамі лепш ня зьвязвацца.
А санкцыі могуць адмяніць толькі ў выпадку, калі ў Беларусі пачнецца працэс дэмакратызацыі. Пры Лукашэнку гэта немагчыма. Таму спробы беларускага кіраўніцтва шантажаваць Расею сваімі кантактамі з ЗША і ЭЗ пакуль Маскву ня надта пужаюць.
Тым ня менш у Маскве не маглі не зьвярнуць увагі, што якраз у момант, калі крызіс у беларуска-расейскіх стасунках дайшоў да стадыі нафтавай вайны, рэзка актывізавалася падтрымка Беларусі з заходняга боку. Няхай сабе збольшага і сымбалічная.
Візыт амэрыканскага дзяржсакратара Майка Пампэо стаў вельмі своечасовым. Лепшага моманту і прыдумаць цяжка.
Прычым пасыпаліся прапановы, пачалося нават спаборніцтва за тое, каб паставіць у Беларусь альтэрнатыўную нафту. І гэта ня толькі амэрыканскі варыянт. Літва і Латвія выказалі гатоўнасьць дапамагчы Беларусі. Празь літоўскі порт Клайпеда ўжо пайшла нарвэская нафта.
Намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Павэл Яблоньскі ў інтэрвію польскай газэце Rzeczpospolita заявіў: «Калі мы ня зробім Беларусі рэальнай прапановы партнэрскіх адносін, у нас ня будзе шанцу зьвязаць яе зь ядром Цэнтральнай Эўропы... Думаю, што Беларусь — гэта ў наступныя гады адзін з нашых абсалютных прыярытэтаў».
Думаю, невыпадкова якраз у гэты момант адбыўся візыт у Беларусь кіраўніка МЗС Літвы Лінаса Лінкявічуса. Ужо некалькі гадоў беларуска-літоўскія стасункі сапсаваныя праз Астравецкую АЭС. Літва катэгарычна патрабавала яе закрыцьця. Яна блякуе падпісаньне той самай дамовы аб прыярытэтах партнэрства паміж Беларусьсю і ЭЗ. Сёлета АЭС павінна запрацаваць. Здавалася, пазыцыя Літвы стане яшчэ больш непрымірымай.
Аднак атрымалася ўсё наадварот. Лінас Лінкявічус прыехаў у Беларусь. Ягоныя перамовы зь беларускім кіраўніком МЗС Уладзімерам Макеем былі нечакана і падкрэсьлена цёплымі. Літва прапануе Беларусі інтэнсіўна выкарыстоўваць яе інфраструктуру для альтэрнатыўных паставак ня толькі нафты, але і газу, што вельмі цікава.
Здаецца, і да АЭС літоўская пазыцыя стала больш мяккай. Ва ўсялякім разе ў Менску Лінкявічус не патрабаваў яе ліквідацыі, а казаў толькі пра дадатковыя і больш строгія захады бясьпекі з дапамогай міжнародных экспэртаў. Можна думаць, што ў двухбаковых адносінах лёд крануўся.
4 лютага адбылася яшчэ адна цікавая падзея. Амбасады ЗША і Польшчы ў Беларусі зладзілі ўрачысты прыём з нагоды 274-х угодкаў з дня нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі, які, як вядома, узначальваў антырасейскае паўстаньне ў канцы XVIII стагодзьдзя. Зьвярніце ўвагу, што дата ня круглая. Тым ня менш, відаць, было вырашана, што палітычная сытуацыя сасьпела.
Імпрэза ў гонар 274-й гадавіны нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі, на сцэне: міністры замежных спраў Белаурсі і Літвы Ўладзімер Макей і Лінас Лінкявічус, кіраўнікі амбасадаў Польшчы і ЗША Артур Міхальскі і Джэніфэр Мур.
Памятаеце, як летась галоўны беларускі афіцыйны гісторык, член-карэспандэнт НАН Аляксандар Каваленя катэгарычна заяўляў, што Тадэвуш Касьцюшка не беларускі, а польскі герой? Дык вось, на прыёме выступіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей і гаварыў пра Касьцюшку ў тым ліку і як пра беларускага героя.
Усе гэтыя жэсты з боку заходніх партнэраў пераважна сымбалічныя. Але сымбалі ў палітыцы шмат што значаць. Наўрад ці яны палохаюць Маскву, але тое, што напружваюць, відаць па рэакцыі расейскіх мэдыя. Будзем чакаць 7 лютага.
Читайте еще
Избранное