Карбалевіч: Беларускія ўлады на вачах мяняюць стаўленьне да постаці Каліноўскага
Віленскія ўрачыстасьці перапахаваньня Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 18 удзельнікаў паўстаньня 1863–64 гадоў — знакавая падзея для Беларусі. Менавіта для Беларусі, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.
Чаму на ўрачыстасьцях у Вільні беларусаў было больш, чым палякаў і літоўцаў? Адказ просты. Бо ў Польшчы і Літве даўно вызначыліся з нацыянальнай ідэалёгіяй, нацыянальнай ідэнтыфікацыяй, нацыянальнай гісторыяй і нацыянальнымі героямі. І тамтэйшыя ўлады рэалізуюць праект, які вызначаны грамадзкім кансэнсусам. Там няма неабходнасьці грамадзтву моцна ўмешвацца, уплываць.
Зусім іншая сытуацыя ў Беларусі. Тут мы маем справу зь недасфармаванай нацыяй. Беларускі соцыюм моцна расколаты адносна сьветапоглядных, базавых каштоўнасьцяў. Таму ідзе вострая ідэалягічная барацьба вакол пытаньня, на якім ідэйным грунце павінна будавацца беларуская нацыя. Дзейная ўлада апэлюе да посткаляніяльнай спадчыны. Зь яе гледзішча, Беларусь — гэта аскепак Расеі з Аляксандрам Неўскім, Суворавым, Леніным, Дзяржынскім, Кастрычніцкай рэвалюцыяй, Вялікай Айчыннай вайной. А дэмакратычная супольнасьць, незалежнае грамадзтва прапануе нацыянальны наратыў зь Вялікім Княствам Літоўскім, Францыскам Скарынам, Кастусём Каліноўскім, БНР.
Гэты раскол добра бачны па тым, як цырымонія ў Вільні асьвятляецца беларускімі мэдыямі. Дзяржаўныя СМІ, акрамя тэлеканалу АНТ, маўчалі, а для недзяржаўных гэтая падзея была сярод галоўных навінаў.
Але, падаецца, сытуацыя больш складаная, чым схема барацьбы паміж уладай і апазыцыяй. У саміх уладных структурах назіраецца канкурэнцыя розных ідэалягічных канцэпцый, зьвязаных з гісторыяй.
Апошнім часам менавіта вакол постаці Кастуся Каліноўскага больш за ўсё ломяцца ідэалягічныя дзіды. Раптам, нечакана для ўсіх, улады пачалі разьвенчваць Кастуся Каліноўскага як беларускага нацыянальнага героя. У абноўленым падручніку расейскай літаратуры для 8 клясы напісалі пра «Польскае паўстаньне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага (1863–1864)». Пасьля справядлівага абурэньня грамадзкасьці і гісторыкаў у сьнежні 2018 году Міністэрства адукацыі выступіла з заявай, дзе зноў паўтарыла вэрсію пра «Польскае паўстаньне (1863–1864)». У студзені сёлета ў «Настаўніцкай газэце» апублікаваны артыкул Ігара Марзалюка, прызначанага на ролю афіцыёзнага гістарыёграфа. Ён пацьвярджае вэрсію Міністэрства адукацыі. 17 сакавіка Марзалюк у перадачы «Главный эфир» Першага нацыянальнага каналу ў інтэрвію, прысьвечаным тэме інфармацыйнай бясьпекі, зноў заявіў, намякаючы на Каліноўскага, што «чалавек, які называе, скажам, праваслаўе «сабачай верай» (калі ў нас 80% праваслаўных), — ці можа такі чалавек быць нацыянальным героем краіны?»
У жнівеньскім нумары часопіса Адміністрацыі прэзыдэнта «Беларуская думка» зьявіўся, як казалі за савецкім часам, установачны артыкул «Да пытаньня аб гістарычнай палітыцы». Яго падпісалі два галоўныя афіцыёзныя гісторыкі (акадэмік-сакратар аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Каваленя і дырэктар Інстытуту гісторыі НАН Вячаслаў Даніловіч) і два кіраўнікі Савету Бясьпекі Беларусі.
У артыкуле адмаўляецца канцэпцыя савецкай гістарыяграфіі аб прагрэсіўным, нацыянальна-вызваленчым характары паўстаньняў Тадэвуша Касьцюшкі і Кастуся Каліноўскага, абедзьве гэтыя асобы абвяшчаюцца польскімі героямі.
Здавалася б, усё зразумела, Каліноўскі ня наш герой, тэма закрытая.
Але вось раптам, насуперак меркаваньням і афіцыёзных гісторыкаў, і дзяржаўных установаў, у Вільню на перапахаваньне Кастуся Каліноўскага накіроўваецца афіцыйная дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Ігарам Петрышэнкам.
Падзея ў літоўскай сталіцы безумоўна мае антырасейскі кантэкст. Беларусь апынулася ў адным шэрагу зь дзяржавамі (Польшча, Літва, Латвія, Украіна), у якіх, скажам мякка, складаныя адносіны з Расеяй. У выступах кіраўнікоў гэтых краін гучала думка пра неабходнасьць аб’яднаньня краін рэгіёну на грунце спадчыны 1863 году, то бок спадчыны антырасейскага паўстаньня.
Лукашэнка, адказваючы 17 лістапада на выбарчым участку на пытаньні журналістаў пра ягонае стаўленьне да Каліноўскага, сказаў: «Ён дзейнічаў на нашай тэрыторыі, быў нашым чалавекам, калі хочаце — грамадзянінам. І ад гэтага нікуды не падзецца». Праўда, перасьцярог ад палітызацыі вобразу Каліноўскага.
Дык, выходзіць, усё ж наш?
Віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка, уся праца якога ў структурах МЗС, пачынаючы з 2003 году, была скіраваная на інтэграцыю з Расеяй, заявіў у Вільні, што дзейнасьць Кастуся Каліноўскага «зьвязаная зь перарастаньнем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў барацьбу за беларускую дзяржаўнасьць у форме народаўладзьдзя». То бок няма сумненьня, што Каліноўскі — беларускі, а ня польскі герой.
Далей — яшчэ цікавей. Петрышэнка сказаў: «Знакава, што паролем паўстанцаў Кастуся Каліноўскага зьяўляліся словы «Каго любіш? — Люблю Беларусь». Запаветы змагароў ня страцілі актуальнасьці і знайшлі працяг у галоўным дэвізе нашай краіны «За моцную і квітнеючую Беларусь». То бок, перакладаючы на зразумелую мову, Лукашэнка — ідэйны нашчадак Каліноўскага! І ўсё гэта на фоне масы бел-чырвона-белых сьцягоў, якія луналі побач на плошчы.
Хацелася б пачуць, што цяпер скажа Ігар Марзалюк.
Люди, эмоции, символы. Как белорусы провожали Калиновского по улицам Вильни
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное