Карбалевіч: Адметная пазыцыя ўладаў – факт гвалтоўнай сьмерці Зельцара ня стаў падставай для крымінальнай справы

Валер Карбалевіч – пра трагедыю на вуліцы Якубоўскага.

– Гэты драматычны эпізод даволі дакладна, ва ўсёй сваёй жахлівай рэчаіснасьці, адлюстраваў той палітычны крызіс, які працягваецца ў Беларусі, – піша палітолаг. – Трагедыя на вуліцы Якубоўскага фіксуе, што крызіс ня скончаны, ён дасягнуў нейкай новай мяжы, пункту біфуркацыі.

Чым больш усплывае падрабязнасьцяў гэтай перастрэлкі, тым больш узьнікае пытаньняў. Вось на тэлеканале СТВ Рыгор Азаронак прызнаў, што было два званкі з кватэры Зельцара на нумар 102, то бок у міліцыю. Калі супрацоўнікі, якія ламалі дзьверы, афіцыйна прадставіліся, то навошта Андрэй і ягоная жонка выклікалі міліцыю? Трохі дзіўна і нелягічна.

Яшчэ адна рэпліка Азаронка з той жа перадачы на СТВ: «Сумесная група МУС і КДБ, што называецца, „адпрацоўвала“ гэты раён у справе аб тэрарызьме». Значыць, у сталіцы ўжо цэлыя раёны заселены тэрарыстамі? Зачыстка адбываецца цэлымі кварталамі, раёнамі?

Галоўны ўрок гэтай драмы палягае ў тым, што культ бязьмежнага гвалту ўладаў ня можа скончыцца нічым добрым, прычым для ўсіх бакоў беларускага канфлікту. Вядомая мэтафара, што калі ружжо вісіць на сьцяне, то яно рана ці позна мусіць выстраліць, ператварылася тут не ў мэтафарычную, а ў самую што ні ёсьць страшную рэальнасьць.

Гэта вынік псыхалягічнай сытуацыі грамадзянскай вайны, той мовы нянавісьці, варажнечы, якая ўжо больш як год выкарыстоўваецца ў палітычным канфлікце. Тое, што адбылося, павінна было здарыцца рана ці позна. На прававую сваволю з боку ўладаў ахвяры рэпрэсій адказваюць тым жа. І гэта было непазьбежна.

Тут вельмі адметная пазыцыя ўладаў, праваахоўных органаў, дзяржаўных мэдыя. Яны гавораць толькі пра адно забойства, выказваюць спачуваньне з нагоды сьмерці супрацоўніка КДБ. Пра другога загінулага, Андрэя Зельцара, ня згадваюць.

Крымінальная справа заведзеная толькі з нагоды забойства гэтага супрацоўніка. А факт гвалтоўнай сьмерці Зельцара ня стаў падставай для крымінальнай справы. Ніхто расьсьледаваць гэта не зьбіраецца?

Тут нам прапануецца новая палітычная філязофія, мадэль своеасаблівай прававой сэгрэгацыі, палітычнага апартэіду. То бок, атрымліваецца, што праціўнікі рэжыму ня людзі, не грамадзяне Беларусі, на іх не распаўсюджваюцца законы, Канстытуцыя, яны пазбаўленыя правоў, не ўваходзяць у паняцьце «народ», пра кансалідацыю якога казаў Лукашэнка падчас сустрэчы з замежнымі амбасадарамі.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ігар Сергеенка, пагражаючы ўсім нязгодным з афіцыйнай вэрсіяй здарэньня, заявіў: «Усе, хто ўбачыў у злачынцу сакральную ахвяру, хто пераступіў празь сьлёзы чатырохгадовага дзіцяці, хто зрабіў хайп на горы сям’і афіцэра, будуць знойдзеныя».

Хачу зазначыць, што злачынцам грамадзяніна можа назваць толькі суд. Але для ўладаў сёньня ўсе, хто выступае супраць іх, апрыёры залічваюцца ў злачынцы. І Сергеенка, і намесьнік міністра МУС Мікалай Карпянкоў абяцаюць, што будуць помсьціць.

Але, адрынаючы Зельцара як сакральную ахвяру, Сергеенка ператварае ў сакральную ахвяру загінулага супрацоўніка КДБ. Прыхільнікі Лукашэнкі нясуць кветкі да будынку Камітэту дзяржбясьпекі. А прадстаўнікі беларускай дыяспары ўшаноўваюць памяць Андрэя Зельцара. Калі вынікам гэтай трагедыі стане зьяўленьне ў кожнага боку палітычнага супрацьстаяньня сваіх сакральных ахвяраў, то гэта азначае, што краіна можа апусьціцца ў крывавы хаос, мірнага выйсьця зь якога не існуе.

Казакевич: «Положение в Беларуси и так чрезвычайное – нет никаких ограничений, чтобы кого-то посадить, прессовать, издеваться»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(33)