Выборы-2020

Карбалевіч: Адкуль узяліся сацыёлягі, якія налічылі 76 працэнтаў падтрымкі Лукашэнкі

Мяркуючы па ўсім, улады распачалі прапагандысцкую спэцапэрацыю, каб пераламаць неспрыяльную для Лукашэнкі электаральную сытуацыю і пераканаць грамадзтва, што большасьць народу яго нібыта падтрымлівае, піша палітолаг Валер Карбалевіч у сваім блогу на Радыё Свабода.

Спачатку раніцай 9 ліпеня агенцтва БЕЛТА ў сваім Telegram-канале апублікавала прагноз вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў ад малавядомага расейскага каналу@banksta. Невядома, на якія крыніцы ён спасылаецца, але дае пэўную выснову, што Лукашэнка набярэ 75% галасоў.

У той жа дзень палітычны аглядальнік тэлеканалу «Беларусь 1», старшыня афіцыйнага Беларускага саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook нібыта сакрэтны дакумэнт, падрыхтаваны адмыслова для Лукашэнкі. Папера падпісаная начальнікам Апэратыўна-аналітычнага цэнтру (ААЦ) пры прэзыдэнце Андрэем Паўлючэнкам. Паводле вэрсіі Крывашэева, дакумэнт перадаў журналістам сам Лукашэнка падчас сваёй закрытай сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ.

Пра тое, што гэта піяр-акцыя, прызначаная пераканаць беларусаў у масавай падтрымцы Лукашэнкі, сьведчыць цэлы шэраг фактаў.

З дакумэнту вынікае, што рэйтынг даверу Лукашэнкі нібыта дасягнуў 76%. Цікава, што гэта амаль супадае з прагнозам расейскага Telegram-каналу.

Варта адзначыць, што такога высокага рэйтынгу ў Лукашэнкі не было ні разу за ўсе 26 гадоў ягонага кіраваньня. Паводле шматгадовых дасьледаваньняў НІСЭПД, звычайна рэйтынг вагаўся паміж 40 і 50%. Падчас нейкіх крызісаў рэйтынг апускаўся ў інтэрвал 30–40% (пару разоў да 20–30%), а ў пэрыяд перадвыбарчых мабілізацый падымаўся вышэй за 50%, рэдка — да 60%.

Увогуле дзіўна, што дакумэнт аб грамадзкіх настроях піша начальнік ААЦ. Функцыя гэтай спэцслужбы — сачыць за беларускім інтэрнэтам. Ніхто ніколі ня чуў, каб ААЦ займаўся сацыялягічнымі дасьледаваньнямі, наўрад ці ў яго ёсьць адпаведная сетка.

Паўлючэнка спасылаецца на дасьледаваньні, праведзеныя пры ўдзеле Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў «і іншых структураў». Якраз адна з такіх структураў — Інстытут сацыялёгіі — зафіксавала рэйтынг даверу Лукашэнкі ў сакавіку-красавіку ў Менску на ўзроўні 24%.

Дзіўная выбарка — 21 тыс. чалавек. Такую вялікую колькасьць людзей не апытваюць. Звычайная выбарка — каля 3 тыс., максымум — 5 тыс. чалавек.

А шэдэўрам сацыялягічнай думкі беларускіх «сацыёлягаў у цывільным» зьяўляецца фраза: «Паводле апэратыўнай інфармацыі, якая паступае ў ААЦ з розных крыніц, да канца чэрвеня 2020 году ўзровень даверу кіраўніку дзяржавы дасягнуў 76%». Здаецца, яшчэ ніхто ў сьвеце не вызначаў рэйтынг палітыка на падставе «апэратыўнай інфармацыі» спэцслужбаў.

Яшчэ цікавы сюжэт, які выдае піяраўскі сэнс гэтага дакумэнту. Начальнік ААЦ піша: «Варта адзначыць, што пасьля тлумачэньняў старшыні КДК Івана Тэртэля амбасадарам краін ЭЗ і ЗША сапраўдных прычын затрыманьня Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага, як у міжнароднай супольнасьці, так і ў многіх звычайных грамадзян узьнікла ўпэўненасьць у наяўнасьці доказнай базы па выстаўленых абвінавачаньнях».

І гэта ў той час, калі гэтая самая міжнародная супольнасьць выказвае абурэньне дзеяньнямі беларускіх уладаў. Нават расейскія мэдыя скептычна ацэньваюць рэпрэсіі супраць кандыдатаў у прэзыдэнты. Тое самае можна сказаць і пра звычайных грамадзян.

І ўвогуле, калі ў Лукашэнкі такі высокі рэйтынг, то чаго трымаць у сакрэце вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў? Трэба было б іх надрукаваць — з інфармацыяй па ўсіх парамэтрах: якая арганізацыя праводзіла апытаньне, якая выбарка, як задавалася пытаньне, якія былі адказы.

Да таго ж — пры такой вялізнай падтрымцы навошта Лукашэнку мітусіцца, праводзячы бясконцыя закрытыя сустрэчы з «актывам»? Навошта садзіць апанэнтаў за краты, бракаваць іх подпісы? Здавалася б, з такім рэйтынгам ніхто ня страшны, можна рэгістраваць усіх, не чыніць ніякіх рэпрэсій. А ён усё робіць з дакладнасьцю да наадварот.

Вялізарныя лічбы падтрымкі закліканыя агаломшыць усіх. Маўляў, калі забіваць цьвікі, то па самую плешку. Здаецца, Лукашэнка ня ў стане нават з улікам новых грамадзкіх настрояў застацца на глебе рэальнасьці і напісаць сабе рэйтынг ну хоць бы 51%. Не, ён, як і раней, ня можа пагадзіцца на лічбу, меншую за 80%. Кіраўнік Беларусі стаў закладнікам уласнага ранейшага вобразу «народнага прэзыдэнта».

Напісаць можна любы рэйтынг. Праблема палягае ў тым, як яго «прадаць» грамадзтву, каб яно паверыла. Падобна да таго, што Лукашэнка ставіць дзяржаўным журналістам невыканальную задачу. І гэтая спэцапэрацыя пад прыкрыцьцём «сацыёлягаў у цывільным» наўрад ці дасягне сваёй мэты.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(88)