«Каму ў першую чаргу вяртаць даўгі, вырашае старшыня райвыканкаму за хабар»

Палітолаг Валер Карбалевіч прааналізаваў асаблівасці беларускай карупцыі на прыкладзе старшыні Салігорскага райвыканкаму і патлумачыў, чаму нічога іншага вычварэнская эканамічная мадэль спарадзіць не можа.

Прапануем урывак з гэтай перадачы, якая выйшла на Радыё Свабодзе.

«Сьледчы камітэт паведаміў, што старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандар Рымашэўскі затрыманы 30 траўня ў момант атрыманьня хабару. Значнасьць гэтай падзеі надае той факт, што Салігорскі раён — самы багаты ў Беларусі. Бо там Беларуськалій. І Рымашэўскі працуе там даўно, з 2006 году. Так доўга ўзначальваць раён у Беларусі не практыкуецца. Звычайна Лукашэнка любіць тасаваць кадры. І той факт, што Рымашэўскі так доўга ўзначальвае раён, сьведчыць пра давер да яго з боку кіраўніка дзяржавы.

Вельмі паказальныя падрабязнасьці атрыманьня хабару. «Як паведамілі ва Ўправе па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС, Рымашэўскі А. Б. сыстэматычна атрымліваў хабар ад прадстаўнікоў камэрцыйных структур за вырашэньне пытаньняў аб першачарговым пагашэньні запазычанасьці мясцовых аграрных прадпрыемстваў за пастаўленую прадукцыю», — напісана на сайце МУС.

То бок беларуская эканамічная злачыннасьць мае свае асаблівасьці, якіх няма ў іншых краінах. Яны вынікаюць з асаблівасьцяў беларускай сацыяльнай мадэлі. Эканамічная дзейнасьць адбываецца не як нармальная камэрцыя паміж суб’ектамі гаспадараньня. Каму, што і за якую цану пастаўляць, вырашае старшыня райвыканкаму.

Другі момант. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ў крызісе, яны ня могуць расплаціцца за пастаўленую прадукцыю, у іх даўгі. І каму ў першую чаргу вяртаць даўгі, вырашае старшыня райвыканкаму за хабар. Гэта такая вычварэнская эканамічная мадэль, дзе галоўны суб’ект — чыноўнік. Зразумела, гэта спараджае карупцыю.

Калі перайсьці на рынкавую сыстэму, то шмат якія тыпы эканамічных злачынстваў проста зьнікнуць. І ня трэба будзе такіх вялізных кантрольных органаў, як цяпер».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)