Общество
Мікола Чарняўскі

Кампанія «Гавары праўду!» перадала ў Мінгарвыканкам 25 скрынак з подпісамі за вуліцу Быкава

Актывісты «Гавары праўду!» на чале з лідэрам кампаніі Уладзімірам Някляевым перадалі 12 ліпеня ў Мінгарвыканкам каля 5 тысяч арыгінальных і каля 105 тысяч копій подпісаў за з’яўленне ў сталіцы вуліцы імя Васіля Быкава. Чыноўнік гарвыканкама быў у ступары: дзе знайсці месца для захавання такой колькасці подпісаў?

Нагадаем, за выключэннем 5 тысяч подпісаў усе астатнія былі ў актывістаў кампаніі скрадзены альбо канфіскаваны. У прадстаўнікоў «Гавары праўду!» засталіся толькі адсканаваныя копіі 105 тысяч подпісаў.

За некалькі хвілін да перадачы іх у Мінгарвыканкам апошні подпіс паставіў сам Уладзімір Някляеў. Па яго словах, у звароце да чыноўнікаў актывісты кампаніі не вызначалі канкрэтную вуліцу, якую трэба перайменаваць у гонар Быкава.

– Хай дэпутаты возьмуць на сябе адказнасць. Але, безумоўна, гэта павінна быць адна з цэнтральных вуліц. Тут побач знаходзяцца вуліцы Валадарскага, Свярдлова – гэта сапраўдныя героі Беларусі, без іх ніяк у Менску не абысціся, – сказаў з іроніяй Някляеў. – Мы мяркуем, што якая-небудзь з гэтых вуліц павінна быць пераёменавана.

З 5 тысячамі арыгінальных подпісаў лідэр «Гавары праўду!» накіраваўся ў кабінет намесніка начальніка аддзела прыёма лістоў і грамадзян гарвыканкама Андрэя Серага.

А калі праз некалькі хвілін актывісты «Гавары праўду!» прынеслі да яго 25 каробак подпісаў адсканаваных подпісаў, чыноўнік быў шакаваны.

– Я не думаў, што вы столькі подпісаў прынясеце. Куды іх цяпер складваць? – разгубіўся супрацоўнік гарвыканкама.

У рэшце рэшт полпісы былі афіцыйна прыняты.

У файе Мінгарвыканкама Уладзімір Някляеў адказаў сваім недабразычліўцам, па меркаванню якіх акцыю па зборы подпісаў «Гавары праўду!» выкарыстоўвае ў сваіх палітычных мэтах.

– Калі ёсць традыцыя называць вуліцы імёнамі лепшых сыноў Айчыны, то проста справядлівасць патрабуе, каб вуліца Быкава ў Менску была. Ніхто з блізкіх Быкаву людзей мяне не папракнуў – ні Ірына Міхайлаўна, ні яго сыны, ні яго сябры (ні Барадулін, ні Бураўкін). Дык каго мне слухаць – тых, хто хоча каб мне было сорамна, ці тых, хто думае пра нешта большае?! – адзначыў Уладзімір Някляеў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)