Общество
Юлія Аляксандрава

Кампанія «Гавары праўду» адкрыла «100 твараў беспрацоўя»

З мэтай распавесці пра рэальную сітуацыю беспрацоўя і дапамагчы тым, хто сутыкнуўся з такой праблемай, стартаваў праект «100 твараў беспрацоўя», распачаты кампаніяй “Гавары праўду”.

– Праблема беспрацоўя па ўсёй Беларусі вельмі сур’ёзная, нягледзячы на тое, што паводле статыстыкі яна мінімальная і як быццам бы незаўважная, – распавяла «Салідарнасці» прэс-сакратар кампаніі “Гавары праўду” Юлія Рымашэўская.

Прэзентацыя новага праекта адбылася 9 красавіка ў Салігорску.

– Згодна з афіцыйнымі лічбамі, працэнт беспрацоўя на Салігоршчыне складае каля 1,15%, – тлумачыць суразмоўца. – Аднак паводле людзей, якія тут жывуць і бачаць прыклады сваякоў, далёкіх і блізкіх знаёмых, гэта не выглядае праўдай. Хаця нават калі б гэта быў і 1%, застаецца пытанне пра тое, як чалавек выжывае ў такой сістэме. Шмат хто распавядае пра тое, што наяўнасць бюро працаўладкавання вырашае не праблему беспрацоўя, а праблему кадраў на непапулярных месцах працы, кшталту прыбіральшчыкаў.

Праблема беспрацоўя, безумоўна, актуальная для ўсёй краіны.

– У сталіцы значна больш магчымасцей знайсці працоўнае месца ці падпрацоўку. Што ж тычыцца рэгіёнаў, то і магчымасцей значна меней, і стаўленне чыноўнікаў значна больш раўнадушнае. Раўнадушша на працоўным месцы – самы вялікі складнік праблем на працоўным месцы для чалавека, які сутыкаецца з тым, што яму няма на што жыць, карміць сям’ю і няма дзе знайсці паратунку.

Менавіта таму, «100 твараў беспрацоўя» – гэта 100 (умоўна, кажучы) «вельмі прыватных асабістых гісторый, час ад часу нават трагічных», «партрэт з’явы беспрацоўя, якая ў Беларусі дэкларуецца як амаль не істотная».

Дзейнасць кампаніі плануецца накіраваць на тое, каб, з аднаго боку, даваць інфармацыю пра тое, які стан рэчаў на самой справе, а не паводле статыстыкі, а з другога – аказваць юрыдычную дапамогу тым людзям, якія сутыкаюцца з праблемамі беспрацоўя. Каб у межах кампаніі людзі змаглі звярнуцца да юрыстаў, якія распавядуць ім пра іх правы і змогуць дапамагчы ў канкрэтнай сітуацыі.

– Людзі, якія прыйшлі на прэзентацыю кампаніі адзначалі, што ўлада раўнадушная да чалавека з праблемай беспрацоўя, а прыярытэты, якія ўлада выбудоўвае, як быццам бы дэманструючы думкі пра народ, выглядаюць як лядовыя палацы і пастаянны рост нейкіх ігральных клубаў. Быццам чалавека хочуць нечым заняць, каб у яго было менш думак. Магчымасці сапраўды жыць, а не існаваць, атрымліваецца мала, – распавяла Юлія Рымашэўская.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)