Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў скаргу берасьцейскага актывіста

У Камітэце правоў чалавека ААН зарэгістраваная скарга берасьцейскага актывіста Партыі БНФ Сяргея Лазенкі.

Як падае БелаПАН, са спасылкай на праваабаронцу Рамана Кісляка, Лазенка дабіваецца прызнаньня парушэньня сваіх грамадзянскіх правоў у выніку затрыманьня і прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці.

Актывіст быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў Берасьці 19 жніўня 2007 году падчас удзелу ў адкрытым пасяджэньні савета гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ. Падчас пасяджэньня праходзіла сустрэча з палітыкам Паўлам Севярынцам і прэзэнтацыя яго кнігі "Лісты зь лесу".

7 верасьня 2007 году суд Маскоўскага раёну Берасьця прызнаў Лазенку вінаватым па ч. 1 арт. 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (удзел у правядзеньні несанкцыянаванага мерапрыемства) і аштрафаваў на дзьве базавыя велічыні (62 тыс. рублёў). Рашэньне суду на працягу доўгага часу актывіст апазыцыі беспасьпяхова абскарджваў у вышэйшых судовых інстанцыях.

"Прыцягненьне да адказнасьці члена Партыі БНФ за ўдзел у сходзе яго партыі выглядае абсурдна, — пракамэнтаваў абаронца. — Не ўяўляю, як дзяржава зможа абгрунтаваць такое неправамернае абмежаваньне права на мірныя сходы. Я ўпэўнены, Камітэт ААН прызнае, што правы Лазенкі былі парушаны".

Гэта ўжо другая зарэгістраваная ў Камітэце правоў чалавека ААН скарга на прадмет затрыманьня ўдзельнікаў згаданай сустрэчы. Першая паступіла ў камітэт ад берасьцейца Юрыя Бакура. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і аштрафаваў на тры базавыя велічыні (93 тыс. рублёў).

Усяго ў той дзень было затрымана 28 удзельнікаў пасяджэньня, з якіх 15 прыцягнуты да адказнасьці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)