Камароўскі мае сантымэнт да Беларусі
Паводле польскай Дзяржаўнай выбарчай камісіі, у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў за Браніслава Камароўскага прагаласавалі 53,01 працэнта выбарнікаў, за Яраслава Качынскага – 46,99 працэнта.
Яўка на выбарах склала 55,31 працэнта. За Камароўскага аддалі галасы 8.933.887 палякаў, за Качынскага – 7.919.134.
У аўторак, 6 ліпеня, у Каралеўскім замку ў Варшаве пройдзе ўрачыстасьць уручэньня новаабранаму прэзыдэнту пастановы Дзяржаўнай выбарчай камісіі аб выбары прэзыдэнта Польшчы.
Новы польскі прэзыдэнт прыме прысягу, праўдападобна, толькі празь месяц. Вярхоўны суд Польшчы мае месячны тэрмін на разгляд магчымых выбарчых пратэстаў.
Лідэр руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч неаднаразова сустракаўся з новым прэзыдэнтам Польшчы.
-- Па-першае, я думаю, хто б ні быў абраны прэзыдэнтам — ці Камароўскі, які перамог, ці гэта быў бы Качыньскі, — усё роўна палітыка заставалася б адной і той жа. Хаця, безумоўна, пэрсанальная пазыцыя канкрэтнага чалавека ўплывае на эмацыйны яго настрой, на фармаваньне палітыкі.
Я ведаю, што Камароўскаму Беларусь неабыякавая. Яна яму вельмі цікавая. Ён мае да Беларусі сантымэнт, бо ягоны старадаўні шляхецкі род паходзіць зь Беларусі. І, я думаю, гэты чалавек зацікаўлены ў тым, каб Беларусь была прадказальнай, дэмакратычнай, каб яна паступова выбірала дарогу да Эўропы.
Камароўскі будзе цікавіцца Беларусьсю, не фармальна падыходзіць да беларускага пытаньня. І таму, я думаю, ён паспрыяе больш актыўнай палітыцы Польшчы адносна Беларусі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное