Общество

Аляксандр Старыкевіч

«Калыска Рэчы Паспалітай»

Краснае святкавала юбілей адначасова з Санкт-Пецярбургам. Толькі, калі паўночная сталіца Расіі адзначала свае 300 год, наша вёска ўжо мела 500.

Тут і далей старадаўнія фота з архіва Аляксандра Харытона

Пэўна, кожны, хто рушыў па шашы Мінск-Маладзечна, памятае гэтае мястэчка, дзе Свята-Пакроўская царква суседнічае з касцёлам Узнясення Дзевы Марыі, які – рэдкі выпадак – працаваў нават за савецкім часам.

Фота Дзмітрыя Апалікава, panoramio.com

Саліст “Песняроў” Леанід Барткевіч піша напачатку сваіх мемуараў:

“Я любил ездить с тетей Аней и двоюродными сестричками в костел, в местечко Красное под Минском. Сказочная готическая красота собора, иконы, мерцание свечей и органная музыка производили неизгладимое впечатление. Я вглядывался в иконы так же, как впоследствии рассматривал картины старинных мастеров, замечая и впитывая каждую мелочь, каждую деталь…”

Фота Сяргея Харытона

Падобна, што Краснае атрымала назву праз хараство мясцовасці (старажытныя слоўнікі трактуюць слова “краснае”, як “прыгожае, прыемнае”). На жаль, меліярацыя амаль знішчыла рэчку-вужаку Ушу, цяпер тутэйшыя пейзажы выглядаюць больш сціпла.

Фота Анатоля Кляшчука

Мястэчка мае досыць багатую гісторыю. Загадчык аддзела Мінскага краязнаўчага музея Сяргей Старыкевіч у кнізе “Красненскія таямніцы” (сапраўдны фаліянт – больш за 600 старонак – заслугоўвае і ўвагі, і павагі) нават называе вёску “калыскай Рэчы Паспалітай”.

Справа ў тым, што ў полі ля Краснага быў праведзены попіс войска Вялікага Княства Літоўскага ў 1568 годзе. Гэтая праверка перад контрнаступам на Усход пераканала, што ўласных сіл у ВКЛ замала для вядзення паспяховай барацьбы з Маскоўскім княствам. Менавіта попіс у Красным падштурхнуў тагачасную беларускую дзяржаву да пошукаў саюзніка і, як вынік, аб’яднання з Польшчай у Рэч Паспалітую.

Фота з архіва Аляксандра Харытона

У Красным пахаваны апошні “каліновец” Ігнат Абрамовіч. Гэты чалавек перажыў і імперыю, супраць якой змагаўся, і большасць сваіх аднагодкаў, якія палічылі за лепшае застацца ўбаку ад барацьбы за лепшую долю.

Фота Сяргея Балая

Пахаванне Ігната Абрамовіча адкрыў для грамадскасці мясцовы краязнаўца Аляксандр Харытон. Паўстанец нарадзіўся ў 1839-м і пражыў 105 год!

Відэа Сяргея Балая

У 1938-м гэты дзед, які ніколі не здымаў шапкі-канфедэраткі, прамаўляў на сходзе, што быў прысвечаны адкрыццю помніка паўстанцам у Красным, які тады ўсталявалі польскія ўлады. Урачыстасць была вялікая: прыехаў прэзідэнт Польшчы Ігнат Мосціцкі, стаяла ўся школа, поп, ксёндз і равін утрох асвяцілі манумент насупраць касцёла. Зараз ад яго засталіся толькі рэшткі фундамента.

Фота Сяргея Балая

Справу Аляксандра Харытона працягнула журналістка Вольга Сямашка. Яна скантактавала са сваякамі Ігната Абрамовіча, якія жывуць у Польшчы, і распавяла некаторыя падрабязнасці пра лёс паўстанца.

А мы тым часам вяртаемся на гасцінец, што ідзе праз Краснае, і якому Янка Купала прысвяціў свае радкі:

Мінск, Маладзечна, Вільня…
Як жа знаёмы шлях гэты!
Змерыў яго я калісьці,
Як шукаў шчасця па светах.

У Красным спыняўся, каб памяняць коней па дарозе ў ссылку, Адам Міцкевіч. Таксама тут па Старавіленскім шляху ў розны час крочылі ды ехалі Міхал Клеафас Агінскі, Максім Багдановіч, Францыск Багушэвіч, Максім Гарэцкі, Якуб Колас ды іншыя знакамітыя беларусы. Зрэшты, і ўкраінскія дзеячы культуры таксама праязджалі праз мястэчка, у прыватнасці, Мікалай Гогаль ды Тарас Шаўчэнка. Наогул гэта ці не адзіны ў свеце шлях, якому паставілі помнік (ля Мясаты).

І пры цары, і за панскай Польшчай у Красным працавалі некалькі заводаў. На іх выраблялі і цэглу, і кафлю, і вапну…

Так выглядала цэнтральная плошча Краснага ў 1902 годзе

А так жыхары мястэчка ў трыццатых гадах мінулага стагоддзя

Аднак “вызваленне” ў 1939-м прынесла мястэчку заняпад. Мой дзед Антон Старыкевіч распавядаў, як чырвонаармейцы, пабачыўшы ладны кавалак сала, зацікавіліся: “Оно склеенное?” Дзед спачатку нават не зразумеў пытання. Потым высветлілася, што савецкія людзі ніколі не бачылі сала такой таўшчыні, таму і палічылі, што гэта два кавалкі, злепленыя ў адзін…

Наогул жыхары Краснага былі вельмі здзіўленыя знешнім выглядам гэтага войска: худыя нізкія конікі, замест збруі – звычайныя вяроўкі, надзвычай дрэнны абутак з парванымі абмоткамі. “Старыя людзі, якія памяталі яшчэ царскую армію, гледзячы на доўгія калоны вызваленчай арміі, толькі хрысціліся”, – адзначае Сяргей Старыкевіч.

“Чырвонаармейцы” ўваходзілі ў Краснае пад гукі гармоніка. Немцы – без музыкальнага суправаджэння, але на “жалезных конях”. Відавочцы распавядалі, што адзін з матацыклістаў, пабачыўшы на сцяне будынка партрэт Сталіна, спыніўся, знайшоў важкі камень і шпурнуў ім у выяву савецкага правадыра. Тая ляснулася аб зямлю.

Кіпцюры вайны пакінулі ў Красным шмат ран, якія кепска загойваюцца і праз дзесяцігоддзі. Быў у мястэчку і свой халакост…

На гэтым тле паваенныя часы выглядалі адносна светлай паласой. Хаця, канешне, савецкая ўлада была далёка не цукар.

У шасцідзясятых на вяселлі ў мястэчку гралі нават на саксафоне!

Фота Анатоля Кляшчука

Што тычыцца сённяшняга дня, то стан Краснага пакідае супярэчлівыя ўражанні. Як, зрэшты, і наогул Беларусі. Дакладна можна сцвярджаць, што цалкам выкараніць вольны дух у мястэчку не атрымалася. Нядаўна мясцовыя “міроны” ізноў узнялі бел-чырвона-белы сцяг – гэтым разам на галоўнай плошчы…

Фота Сяргея Харытона

Фота Анатоля Кляшчука

Тут і далей фота Сяргея Балая

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)