Общество
Анастасія Зелянкова

Каляды ці Ражджаство — як павіншаваць па-беларуску?

З Ражджаством, з Раством, з Ражством, са Святам Божага нараджэння, з Калядамі — якія толькі варыянты віншавання не сустрэнеш зараз на паштоўках, у газетах, часопісах, пачуеш па радыё і тэлебачанні. Дык як жа правільна павіншаваць па-беларуску?

Мяркуючы па колькасці віншавальнай прадукцыі, менавіта слова “ражджаство” падаецца найбольш прывабным нашым рупліўцам на ніве друкарскай справы. Яго ўсё часцей можна ўбачыць на святочных паштоўках і марках.

Праўда, такое “беларускае” віншаванне нават у людзей, далёкіх ад лінгвістыкі, выклікае непаразуменне і шмат пытанняў. Здаецца, столькі гадоў у школе нас вучылі, што рускае “рождение” па-беларуску гучыць як “нараджэнне”, а ніяк не “ражджэнне” і раптам такое двухмоўе ў дзеянні!

Спрэчкі вакол “Ражджаства” вядуцца даўно. У свой час Таварыства беларускай мовы стала на абарону чысціні мовы і пачало ліставанне з Міністэрствам сувязі і інфарматыкі, даказваючы, што такое “беларускае” віншаванне не мае нічога агульнага з сапраўднай назвай свята.

Апанентам выступіла Руская праваслаўная царква. Прадстаўнікі духавенства даводзілі, што “Ражджаство” — гэта самы аптымальны варыянт назвы свята. Маўляў, беларусамі гэтае слова ўжываецца ўжо больш за тысячу гадоў, бо з самага пачатку для набажэнстваў выкарыстоўвалася царкоўнаславянская мова. І ніколі нашы продкі іншага слова, акрамя як “Рождество” ў храме не чулі. Нібыта яго беларускі варыянт ужываўся і па-за царкоўнымі сценамі. У адрозненне ад слова “Каляды”, якое ўвогуле мае лацінскае паходжанне і яўна “аддае паганскім духам”.

Тым не менш нават у русіфікаваны савецкі час лінгвісты да такога “беларускага” варыянту назвы свята дадумацца не маглі. У выдадзеным у Маскве ў 1953 годзе “Русско-белорусском словаре” слова “рождество” перакладааецца не інакш як “каляды”.

Расійска-беларускі слоўнік С.Некрашэвіча і М.Байкова 1928 года прапануе два варыянты – Каляды, Раство.

— Слова “ражджаство” не мае ніякага дачынення да беларускай мовы і выкарыстоўваецца хіба ад недасведчанасці або заангажаванасці, — адзначыў у інтэрв’ю “Салідарнасці” загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Дзмітрый Дзятко. — Гэта тыповы царкоўнаславянізм, які не мае права на існаванне ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, паколькі парушае і фанетычныя, і лексічныя яе нормы.

Паводле даследчыка, для абазначэння часавага прамежку зімовых святаў да Вадохрышча найлепшым чынам падыходзіць слова “каляды”, пашыранае практычна на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

— Само свята Божага нараджэння жыхары многіх рэгіёнаў Віцебшыны, Магілёўшчыны, Гомельшчыны, часткі Брэстчыны і Міншчыны называюць “Ражаством”. Каб пераканацца ў гэтым, варта зазірнуць у “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак”. Сучасныя альтэрнатыўныя слоўнікі Ф.Піскунова, М.Прыгодзіча, У.Завальнюка, В.Раманцэвіч і інш. фіксуюць таксама слова “раство”, якое ў апошнія дзесяцігоддзі набывае папулярнасць у беларускамоўнага насельніцтва.

Як бы там ні было, але відавочна, што і без “ражджаства” беларусам хопіць слоў, каб павіншваць сваіх родных і блізкіх. Галоўнае, каб гэта было ад душы.

Са святам!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)