Общество
Арцём Гарбацэвіч, «Наша Ніва»

«Калі столькі людзей на цябе глядзяць… Гэта цяжка перадаць!»

У разгар Плошчы-2006 нейкі юнак зрабіў адзін з самых незвычайных учынкаў у найноўшай беларускай гісторыі: залезшы з нацыянальным сцягам на аўтобус, ён зарадзіў тысячы людзей духам свабоды і надзеі, так і застаўшыся невядомым.

Потым яго безпаспяхова шукалі журналісты і спецслужбы, усё дарма. Толькі праз 10 гадоў ён распавёў «Нашай Ніве» пра ўсе падзеі таго дня ад першай асобы.

Хоць мінула ўжо столькі часу, наш герой не хоча, каб у СМІ гучала ягонае імя. Сціпла называе толькі мянушку, пад якой яго тады ведала мінская моладзь — Варт.

Сёння Варту 27, а ў дзень пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы ён быў 18-гадовым хлопцам, што толькі скончыў школу.

Ён кажа, што ў той дзень яму не сядзелася дома, бо паўсюль толькі і чуліся размовы пра Плошчу.

Не могучы заставацца ў баку, хлопец разам з сябрам «літаральна на гадзінку-дзве» паехаў на Кастрычніцкую.

«Ніякага плана ў нас не было, усё атрымалася спантанна, — расказвае сёння Варт.

— Проста выйшла шмат людзей, якія рэальна хацелі змяніць краіну да лепшага. Яшчэ больш сядзела дома і спачувала. Людзі так і казалі — вы хаця б суткі пратрымайцеся там, а калі ў вас будзе атрымлівацца, то і мы выйдзем. Але ніякай арганізацыі не было, мы проста стаялі. Ніхто не казаў нам, што трэба рабіць і як.

Ну і мы з сябрам вырашылі разварушыць народ, каб з’явілася надзея, падняўся настрой. Мы ж паркурам займаліся. Ведаеце, па мастах там лазілі, па будоўлях, экстрым любілі. Таму заскочыць на аўтобус — гэта не праблема зусім была. Я трохі разагнаўся, сябра падкінуў і ўсё — я на даху, тут жа нейкі абсалютна незнаёмы чалавек падаў сцяг, я ўзяў яго і паехаў».

Пачуцці, кажа, былі ашаламляльнымі.

«Калі столькі людзей на цябе глядзяць і ты разумееш, што зрабіў для іх усіх нешта абнадзейваючае, што яны цябе вітаюць, падтрымліваюць... Гэта цяжка перадаць!

Я заскочыў каля цырка, праехаў па праспекце, потым трохі ўздоўж плошчы, і тут аўтобус пачалі атачаць АМАП з ДАІ.

Тады ж натоўп зноў прыгожа прыняў мяне да сябе, адсекшы міліцыю», — расказаў Варт.

«Перад тым як саскочыць, я сцяг перадаў камусьці — гэта было пытанне гонару, каб наш сцяг не ўпаў на зямлю.

Ну і потым пайшоў дадому, бо мне трэба было. Я ж сказаў бацькам, што на пару гадзін выйшаў».

Бацькі ў Варта — звычайныя рабочыя мінчукі, інжынеры. Тады яны не ведалі, дзе быў іхні сын.

«Я не расказваў, бо не хацеў хваляваць. Яны самі ніколі кепскіх справаў не рабілі, іхныя палітычныя погляды — заўсёды за праўду і справядлівасць. Для мяне таксама гэтае ж галоўнае, я ад іх узяў. І ніколі ні ў якіх арганізацыях — ні апазіцыйных, ні ўладных — не састаяў. Толькі гады праз два я бацькам прызнаўся, але маці ўжо ведала — яна пазнала мяне па відэа», — расказаў хлопец і дадаў, што вельмі крыўдна тады было прымаць паразу Плошчы.

«Тады я расчараваўся, што пераменаў не будзе. Ну як, перамены заўсёды ёсць, але сёння яны ўсё да горшага. А мы ж хацелі да лепшага».

Пасля няўдалай Плошчы-2006 хлопец адвучыўся ў Беларусі, а потым і за мяжою. Цяпер ён жыве на тры краіны: Чэхію, Германію і Польшчу, займаецца бізнэсам.

Кажа, што за мяжою не лепей і не лягчэй, але больш магчымасцяў, таму пакуль ён там.

Аднак Варт часта прыязджае на радзіму і ў перамогу рэвалюцыі ўжо не верыць.

«Я і на Плошчы-2010 быў, але не вельмі актыўна. Тады для мяне было зразумела, што нічога не будзе. Бо апазіцыя зноў не мела плана, ўсё было разарганізавана. Ды і ведаеце, калі штосьці некалькі разоў не атрымліваецца, то наступны раз матывацыя ўжо не тая. Канечне, рэвалюцыя магчымая і цяпер, бо ў эканоміцы горшае. Але гэта ўсё гіпатэтычна. Калі казаць рэальна, то трэба, каб штосьці кардынальна змянілася ў свядомасці беларусаў, можа нейкая дробязь, нават не палітычная. То бок у людзей не хапае элементарнай граматнасці ў эканоміцы і палітыцы. Беларусаў падманваюць. Ім патрэбна паступовая асвета, прыклад. І не за тыдзень, не за год гэта робіцца, але ў галаве людзей штосьці зменіцца, я веру», — спадзяецца Варт і дадае яшчэ трохі філасофскага.

«Я сам цвёрда іду да сваіх мэтаў і маю сілу духа. Таму кожнаму беларусу я тое самае раю, а далей жыццё пакажа».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)