Политика
Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

«Калі прызнаньне Паўднёвай Асетыі і Абхазіі адбудзецца, то Беларусь можа забыцца пра любы працэс зьбліжэньня з Эўразьвязам»

Падчас візыту ў Сочы кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 23 сакавіка ўвечары правёў сустрэчу з прэзыдэнтам непрызнанай рэспублікі Абхазія Сяргеем Багапшам. Чаму менавіта цяпер А.Лукашэнка адважыўся на гэтую сустрэчу? І як паставяцца эўрапейцы да актывізацыі афіцыйнага Менску ў гэтым кірунку? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з дырэктарам праграмаў “Расея — Эўразія” нямецкага таварыства зьнешняй палітыкі Аляксандрам Рарам.

-- Перамовы з кіраўніком непрызнанай рэспублікі адбыліся падчас рабочага візыту ў Расею, пасьля сустрэчаў з Дз.Мядзьведзевым і У.Пуціным. Чаму А.Лукашэнка пайшоў на гэтую сустрэчу?

-- Я думаю, гэта пачатак асьцярожнага і павольнага прызнаньня з боку Беларусі незалежнасьці Абхазіі. Беларусь павінна ў нейкай ступені, магычма, таксама ў інтарэсах Расеі, прыцягнуць іншыя краіны СНД да гэтага працэсу. Расея патрэбна, не тэрмінова, але цягам наступных пару гадоў, прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі хаця б з боку краінаў СНД. Потым у плянах Расеі падключэньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі да АДКБ, да эканамічнага саюза Беларусі і Расеі.

Я думаю, з А.Лукашэнкам Дз.Мядзьведзеў даволі жорстка пагутарыў у Сочы і папрасіў ужо рухацца ў гэтым накірунку. Таму ў Лукашэнкі цяпер і ўзьнікаюць сур'ёзныя праблемы з Эўразьвязам, бо ЭЗ пачынае яго таксама прыціскаць да сьцяны. І калі гэта прызнаньне адбудзецца, то Беларусь можа забыцца пра любы працэс зьбліжэньня з ЭЗ.

-- Аднак Рада Эўразьвязу ўжо прыняла рашэньне аб далучэньні Беларусі да праграмы «Усходняга партнэрства». І як могуць разьвівацца падзеі, калі А.Лукашэнка прызнае незалежнасьць грузінскіх тэрыторый?

-- У Эўразьвязе недзе адчулі, што Беларусь ідзе на гэта прызнаньне. Не цяпер, дык ў недалёкай будучыні. Таму цяпер на адрас Беларусі гучаць прамыя пагрозы. Нават да таго, што Беларусь выключаць з суседзкай праграмы Эўразьвязу.

Сапраўды, цяжка ўседзець на двух крэслах. Лукашэнка спрабуе і набліжацца да ЭЗ, і не сварыцца з Расеяй. Але абставіны могуць скласьціся так, што яму давядзецца ўсё ж перамяшчацца ў бок аднаго крэсла. І хаця б на тры чвэрці займаць адно крэсла і вызваляць месца на другім.

Выйсьця амаль што ўжо няма. Бо апроч інтарэсаў Беларусі, ёсьць інтарэсы Расеі і ЭЗ, якія хочуць, каб Беларусь іх рэалізавала.

-- Магчыма, А.Лукашэнка пачынае шантажаваць Эўропу, каб яго запрасілі на саміт у Прагу?

-- Гэта было б занадта проста. Яго і так запросяць. Калі б ён цяпер заявіў, што Беларусь ні ў якім разе не прызнае Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, ці ён не зацікаўлены ў прызнаньні, то яго дакладна запрасілі б. А сваёй сустрэчай з Багапшам і сваімі апошнімі выказваньнямі, ён паказвае Расеі, што ідзе ў бок прызнаньня і рызыкуе сапсаваць зноў стасункі з ЭЗ.

З другога боку, ЭЗ выглядае таксама сьмешна. Нягледзячы на сытуацыю ў самой краіне, ЭЗ патрабуе ад Беларусі толькі аднаго: не ісьці ў бок расейскай паліыткі і не прызнаць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Гэта насамрэч даволі дзіўны шантаж. І гэта паказвае, што Беларусь як і раней застаецца ў вачах эўрапейцаў нейкім аб'ектам геапалітычнай гульні адносна Расеі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)