Общество
Павел Печанько, фота аўтара

Калі Нясвіж адчуе рэальны эфект ад турыстаў

Ці лёгка знайсці працу ў радзівілаўскім горадзе, што ў ім змянілася за апошнія два дзесяцігоддзі, ці можна зарабіць на турыстах? Расказваюць мясцовыя жыхары.

Шукаючы нейкую інфармацыю ў інтэрнэце, выпадкова натрапіў на сайт аднаго з беларускіх тураператараў. Вока зачапілася за эксклюзіўную прапанову — сустрэньце Новы год у Нясвіжскім замку!

Праўда, як аказалася, непасрэдна Новы год прапануецца сустрэць у сталічным гатэлі, а ў былой рэзідэнцыі Радзівілаў пераночыць можна будзе толькі 2 студзеня.

Кошт быў пазначаны ў расейскіх рублях, і па беларускіх мерках ён далёка не сціплы. Некалі я пражыў у Нясвіжы чатыры гады, і ў тыя часы такая прапанова падалася б проста фантастычнай.

Ад камунізму да «дажынак»

Упершыню ў Нясвіжы я быў праездам: мы з братам і бацькам ехалі аўтобусам у санаторый недзе пад Слуцк. Было гэта ў пачатку лістапада 1988 года. У той дзень у Нясьвіжы адзначаліся чарговыя ўгодкі «вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі», па праезнай частцы павольна сунулася святочная дэманстрацыя з транспарантамі і сцягамі. З неба на дэманстрантаў сыпаўся мокры снег.

Аўтобус, прапускаючы людзей, павольна ехаў ад Слуцкай брамы ў бок Новага места. Мы з братам разглядвалі палац Радзівілаў на другім беразе сажалкі. Убачаная карціна была незвычайнай: камуністычнае шэсце і стары палац з іншай эпохі. Неўзабаве і камунізм стаў гісторыяй.

У другі раз я трапіў у Нясвіж ажно праз дзевяць гадоў. Прыехаў паступаць у мясцовы педагагічны каледж. І наступныя чатыры гады пражыў у «маленькім Парыжы». Заспеў «Дажынкі» ў 1998 годзе (і папярэдні рамонтна-будаўнічы вэрхал).

Замак тады яшчэ не зачынілі на рэстаўрацыю — у той час там размяшчаўся санаторый. Неяк нам з сябрам пашанцавала трапіць на мясцовую санаторную дыскатэку, а заадно і пагуляць па замку. Тады турыстаў з вуліцы асабліва не пускалі ў сярэдзіну, экскурсіі абмяжоўваліся наведваннем замкавага двара і парка...

Напрыканцы 1990-х Нясвіж мала чым адрозьніваўся ад іншых невялікіх райцэнтраў Беларусі: той жа ўбогі асартымент у дзяржаўных крамах, адсутнасць нармальнай працы ў горадзе і раёне і г.д.

Першыя змены

Сітуацыя пачала мяняцца ў 1997-м. Тады ў Нясвіжы праходзіў Дзень пісьменства і друку, а праз год горад прымаў «Дажынкі». Пад гэтыя мерапрыемствы з нацыянальнага бюджэту выдзелілі немалыя сродкі на добраўпарадкаванне вуліц і будынкаў.

Менавіта пад «Дажынкі» адрэстаўравалі мясцовую ратушу, якая да гэтага пасля пажару ў канцы ХІХ ст. ні разу істотна не змяняла свой выгляд. Не абыйшлося і без традыцыйнай ужо на той момант тратуарнай пліткі: ёй вымасцілі пляц паміж ратушай і райвыканкамам, а таксама ўсе ходнікі на прылеглых вуліцах.

Што праўда, усё гэтае добраўпарадкаванне рабілася не дзеля патэнцыйных турыстаў, а для звычайнай паказухі. Тынкоўка на той жа ратушы пачала лупіцца ці не праз месяц пасля свята ўраджаю.

Пра турыстаў пачалі думаць гадоў праз сем. Замак актыўна «рэстаўраваўся», у горадзе з’явілася некалькі новых кропак грамадскага харчавання, а на стаянцы каля касцёла на выходныя было поўна турыстычных аўтобусаў і легкавікоў з замежнымі нумарамі.

Але па-ранейшаму існавала праблема з інфрастуктурай — горад яўна не спраўляўся з такой колькасцю гасцей. Не хапала элементарных рэчаў — нармальнай прыбіральні, шыльдаў-указальнікаў, стаянак для транспарту. Аб’екты гандлю і грамадскага харчавання таксама не дацягвалі да статусу турыстычнага месца.

Пасля заканчэння вучобы ў каледжы я наведваўся ў Нясвіж з перыядычнасцю раз на год. Натуральна, за такі прамежак часу ў горадзе хоць нешта змянялася. У апошнія гады гэтыя змены сталі асабліва заўважныя. Падчас апошняга майго прыезду я ўпершыню пабачыў абноўленую аўтастанцыю і дабудаваную нарэшце Свята-Вазнясенскую царкву.

Наогул, уся тэрыторыя ў раёне аўтастанцыі істотна змянілася ў параўнанні з часамі майго нясвіжскага студэнцтва. Вырасла ў разы колькасць прыватных крамак, замест прывакзальнай кулінарыі і сталоўкі (раней у народзе называлася «Свінушнік») з’явілася двухпавярховая крама «Еўраопта». А недалёка ад каледжа зрабілі кэмперную стаянку.

У цэлым горад выглядае больш заможна, чым яго райцэнтры-суседзі — тыя ж Карэлічы і Капыль. Ведаючы пра складаную сітуацыю з працай і заробкамі ў гэтых гарадках, вырашыў пацікавіцца, як уплывае на дабрабыт месцічаў статус турыстычнай вітрыны краіны. Паразмаўляў са сваімі даўнімі знаёмымі з Нясвіжа.

Конкурс на працу грузчыка за 1,5 мільёна

Аляксандр — рознарабочы. Для яго на дадзены момант найбольш актульнае пытанне працаўладкавання, таму мы з ім размаўляем найперш пра сітуацыю з працай у горадзе.

З вакансіямі ў Нясвіжы дастаткова складана. І калі раней цяжка было ўладкавацца на нейкую добрую працу (на той жа цукровы камбінат у Гарадзеі ці філіял «Крыніцы»), то цяпер не прабіцца нават у мясцовыя калгасы.

У гарадскім цэнтры занятасці рэгулярна вывешваюцца спісы вакансіяў, але, як правіла, усе пазначаныя там вакантныя месцы ўжо занятыя. Тое ж самае з абвесткамі ў мясцовай прэсе: у дзень выхаду раёнкі ўсе вакансіі часьцей за ўсё бываюць разабраныя. Мой суразмоўца таксама адзначае, што існуе праблема не толькі з адсутнасцю працы. Большасць прапануемых цэнтрам занятасці вакансіяў — гэта нізкааплатная некваліфікаваная праца: палявод, жывёлавод, грузчык. Заробак — 1,5 – 2 млн. рублёў. І нават на гэтыя пасады ёсць конкурс.

У іншых месцах, на тых жа невялікіх прыватных прадпрыемствах, наладжваецца сапраўдны кастынг — звяртаецца ўвага не толькі на кваліфікацыю, але і на адсутнасць судзімасцяў, адмністратыўных спагнанняў. З прычыны відавочнага дэфіцыту працоўных месцаў працадаўцам ёсць з каго выбіраць.

Аляксандр падкрэслівае, што асабіста ён не адчувае нейкія змены да лепшага. Так, горад папрыгажэў, з’явіліся новыя крамы і кавярні, часцей сталі ездзіць турысты. Але агульны дабрабыт мясцовых жыхароў ад гэтага ніяк не палепшыўся. Сітуацыя з працай цягам некалькіх апошніх гадоў не змянілася ў лепшы бок.

Патэнцыял, які не выкарыстоўваецца напоўніцу

Наста працуе на прыватным прадпрыемстве. Паводле яе ўражанняў, знешне горад змяніўся да лепшага, зрабіўся больш утульным. З’явілася некалькі новых кавярняў — у цэнтры і каля замка, колькі гадоў таму адчынілася піцэрыя.

Але гэтыя змены кідаюцца ў вочы толькі для тым, хто бывае тут раз ці два на год. Для мясцовых усе гэтыя змены менш заўважныя. Як і дзесяць гадоў таму, у горадзе не хапае руху. Адносна мала цікавых падзеяў і яркіх мерапрыемстваў.

Горад ператвараецца ў месца для пенсіянераў і турыстаў. Што праўда, апошнія не затрымліваюцца тут больш чым на суткі. У горада вялікі патэнцыял, але рэалізуецца ён далёка не на поўніцу.

Калі Нясвіж адчуе рэальны эфект ад турыстаў

Алесь Язвінскі працуе настаўнікам фізкультуры ў мясцовай школе, старшыня мясцовай суполкі КХП-БНФ.

Па яго назіраннях, дабрабыт мясцовых жыхароў залежыць у першую чаргу ад наяўнасці ў раёне бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў, напрыклад, Гарадзейскага цукровага камбіната і нясвіжскага ўпраўлення ААТ «Газпром Трансгаз Беларусь». Адносна добрыя заробкі атрымліваюць супрацоўнікі СП ТАА «Фармлэнд». Але трапіць на працу на гэтыя прадпрыемствы досыць складана.

Апошнім часам упалі заробкі ў супрацоўнікаў «Газпрома», па чутках, чакаюцца скарачэнні і на цукровым камбінаце. У цэлым сітуацыя з працай складаная. Горш толькі ў суседніх раёнах. Мясцовы ж турызм мала ўплывае на дабрабыт нясвіжцаў: у гэтай сферы занята адносна няшмат гараджанаў, заробкі там не самыя высокія.

У мясцовы ж бюджэт даходы ад паслугаў турыстычнай сферы не трапляюць. Колькі не прывязуць грошай турысты ў Нясвіж, выручка ўсё адно ідзе ў агульнанацыянальны бюджэт. У апошнія гады пачалі з’яўляцца прыватныя аграсядзібы, але іх адносна няшмат.

Аб’екты грамадскага харчавання, адчыненыя адмыслова пад турыстаў, па сваіх коштах недасяжныя для мясцовых жыхароў. Наогул, кошты на паслугі ў гэтай сферы відавочна празмерна высокія, разлік робіцца на замежных турыстаў, найперш, расейцаў. Але за апошнія паўтара-два гады іх колькасць істотна скарацілася. Тым не менш, гораду відавочна пашанцавала са статусам культурнага цэнтра. На добраўпарадкаванне сродкі выдзяляюцца рэгулярна, а не прынагодна, як некалі на «Дажынкі». А мясцовае кіраўніцтва ў меру сваіх здольнасцяў стараецца гэтыя сродкі рацыянальна прымяняць.

Рэальны эфект ад турыстычнага патэнцыялу Нясвіжа можна будзе адчуць толькі тады, калі прыватная ініцыятыва не будзе штучна абмяжоўвацца. Але гэта будзе магчыма хіба толькі пры іншай уладзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)