Канстанцін Пахольчык
«Калі манарху кладуць у ложак цнатлівіцу, дык Біблія з’едліва паведамляе «не спазнаў цар яе»

Пісьменнік Павал Касцюкевіч сучасным вокам перачытаў у арыгінале біблійныя аповеды і знайшоў паралелі з беларускай культурай, гісторыяй і палітыкай.

Павал Касцюкевіч, фота «Мова Нанова ў Берасці»

500 гадоў пасля Скарыны перакладчык ізраільскай літаратуры і асірыёлаг-аматар Павал Касцюкевіч узяўся ўважліва сучасным вокам перачытаць у арыгінале, на старажытным іўрыце, біблійныя аповеды.

«Бульба ў райскім садзе. Беларускі праваднік па Старым Запавеце» – гэта зборнік эсэ, дзе старазапаветны эпас і прыпавесці паўстаюць у новым, нечаканым святле, а чытач са здзіўленнем высвятляе, што біблійныя гісторыі маюць жывыя паралелі не толькі з беларускай культурай, але таксама з айчыннай гісторыяй і палітыкай.

– Чаму ў вас узнікла ідэя напісаць такую кнігу?

– Мая прабабуля Наста, пабожная праваслаўная кабета, якая паслужыла правобразам галоўнай гераіні Бабарозы ў маёй папярэдняй кнізе, мастацкім рамане «План Бабарозы», чытала ўсё жыццё толькі адну кнігу – Біблію.

У савецкія часы царкоўныя рытуалы былі забароненыя, цэрквы камсамольцамі пазачыненыя, і чытанне Бібліі было для прабабулі адначасова і душпастарскай працай і літургіяй.

Аднойчы яе дачка, мая бабуля Груня, прыйшла раіцца, ці варта выходзіць замуж за габрэя, майго будучага дзеда Юлія. Прабабуля горача падтрымала бабулю. Бо ў адзінай кнізе, якую яна чытала, габрэяў было цэлая процьма і ўсе яны былі людзі неардынарныя.

Прабабуля ж усё пра іх ведала! І калі ў шлюбе нешта пойдзе не так, дык яна заўжды на прыкладзе Бібліі здолее даць дачцэ разумную псіхалагічную ці жыццёвую параду!

Калі бабуля запярэчыла, што будучы жаніх – бабнік, прабабуля адпрэчыла гэта закід, маўляў, у габрэйскіх мужчын гэта такі знак якасці і толькі таго. Бо ўсе, пачынаючы ад Якава, Давіда, і Саламона, любілі жанчын і былі легкадумныя.

Гэтакае непасрэднае чытанне Бібліі мяне вельмі ўразіла. То бок Кніга кніг фактычна была для прабабулі пуцяводнай зоркай не толькі ў этычным жыцці, але на побытавым узроўні. Падазраю, што для прабабы Насты біблійная рэальнасць была яе асноўнай рэальнасцю. І на пэўным этапе я вырашыў, што паспрабую чытаць біблійныя гісторыі гэтаксама – як яно ёсць для вока і сэрца звычайнага чалавека. Пастараюся заставацца наіўным.

З іншага боку, моцным штуршком да напісання паслужыла далучэнне да групы Ірыны Дубянецкай, доктара багаслоўя, дзе маё разуменне літаральнасці біблійных аповедаў і дылетанцтва часткова выветрылася. Я паглядзеў на іншыя, алегарычныя і тэалагічныя бакі Бібліі. Хоць, спадзяюся, у мяне засталося крыху ад «прэўкраснага дылетанцтва».

Дарэчы, хто не ведае, знаёмлю – група Дубянецкай. Упершыню ў беларускай культуры робіцца пераклад Старога і Новага Запавету не дзеля літургічных мэтаў, а пераклад інтэлектуальны, пазаканфесійны. Ды ўпершыню ён выконваецца цалкам не з царкоўнаславянскай ці лаціны, а наўпрост з арыгіналу: Стары Запавет – з іўрыту, і Новы – са старагрэцкай. У групе сабраліся багасловы, перакладчыкі, паэты, святары розных канфесіяў.

Сярод бібліістаў Дубянецкай ёсць і свая рыторыка, і свой адметны гумар. Мне вельмі захацелася перанесці вузкапрафесійны фальклор гэтых дзіўных людзей, якія ўсё жыццё вывучаюць адну кнігу.

– Якія ў вас былі асабістыя адкрыцці, калі вы вывучалі Стары Запавет?

– Здзівіўся, наколькі гэта фрагментамі антыманархічная і нават антытаталітарная кніга. Асабліва калі параўноўваць з суседнімі рэлігійнымі эпасамі старажытнага Блізкага Усходу: стараегіпецкімі і шумерскімі тэкстамі, дзе змычка рэлігіі і ўлады працавала як след. Што цары – сын багоў, а фараоны – зямны працяг нябеснага ды іншае ра-ра-ра – такога ў Старым Запавеце не прачытаеш.

Асабліва ў «Кнігах Царстваў» апавядальнік часта жорстка сведчыць супраць цароў, выкрывае іх злачынствы і грахі. У Старым Запавеце прысутнічае антыманархічная рыторыка. Маўляў, цары – толькі людзі з плоці і крыві (прычым, вельмі часта з чужой). Кіраўнікі дзяржаваў почасту абсалютна адкрыта апісаныя як параноікі, маніпулятары ды істэрыкі.

Цяпер, вывучаючы бібліістыку глыбей, я разумею ў чым справа. Так атрымалася, што ўкладаючы кнігі Старога Запавету, манархі і іерархі не дамовіліся, і ўпершыню ў гісторыі мы атрымалі ў адным тэксце пасажы, напісаныя як ад імені святароў, так і ад імені цароў. У адрозненні ад стараегіпецкіх міфаў, Біблія не стала рафінаванай палацавай прапагандай. Почасту ў Бібліі слова бяруць святары і прарокі, якія крытычна ставіліся да ідэі манархіі.

Добры прыклад – цар Давід.

Дзе яго фактычна апісваюць тры аўтары: спярша ён вялікі малайчына: забіў Галіяфа, зваяваў філістыйскіх акупантаў, перанёс сталіцу ў Ерусалім.

Але потым мова апавядання мяняецца на асуджальную. Давід забіў свайго генерала, спаў з яго жонкай Вітсавіяй. У канцы «Трэцяй Кнігі Царстваў» аповед скочваецца фактычна да жоўтай прэсы. Калі састрэламу манарху кладуць у ложак маладую цнатлівіцу, дык Біблія з’едліва паведамляе «не спазнаў цар яе».

Біблія не цыркаецца са сваімі самымі ўлюбёнымі героямі – Давідам, Саламонам, не кажучы ўжо пра іх грахоўных нашчадкаў.

Але парадаксальным чынам адгэтуль, дзякуючы крытыцы і супярэчлівасці, вобраз цароў, можа быць упершыню ў сусветнай літаратуры, набыў глыбіню і рэалістычнасць. Фігура Давіда дагэтуль прыцягвае людзей менавіта дзякуючы гэтаму неспалучнаму спалучэнню: герой, пабожнік і забойца.

Якія паралелі паміж падзеямі ў Старым Запавеце і беларускай гісторыяй вы ўбачылі?

– Апісанне царавання Саламона – суцэльная палацавая прапаганда. І Ерусалімскі храм пабудаваў, і каханак ён вялікі, і дзяржаўны чалавек. Адным словам, суцэльны алей у вушы.

Аднак з Саламона (і гэтага Біблія не хавае) пачалося падзенне Ізраільскага царства. Хаця непрыемная праўда пра манарха, у адрозненні ад ўзвялічванняў і хваласпеваў, замецена ў другарадныя кнігі і раздзелы, куды рэдка хто заглядае.

Памятаеце, як у «Другой Кнізе Летапісаў» грамадскасць прыходзіць да Раваама, сына цара Саламона і просіць апусціць падаткі, якія ўвёў яшчэ бацька? І што ж Раваам Саламонавіч? «Бацька караў вас бізунамі, а я буду вас караць скарпіёнамі!»

З гэтай фразы можна зрабіць як найменей тры непрыемныя высновы: 1. Падаткі ў «светача пакалення» Саламона былі непад’ёмныя, 2. Царскай уладай ужываўся гвалт, ды 3. Якое дрэва такі клін, які бацька такі сын.

Я выпрабаваў гэты біблійны метад чытання паміж радкоў і замятання непрыемнай праўды пад кілім на тэкстах знакавых ужо для беларускай гісторыі. Вось «Песня пра зубра», якая ёсць рэкламным праспектам Вялікага Княства Літоўскага за мяжой, і прызначана для Папы Рымскага. Маўляў, глядзіце, якія ў нас пушчы, рэкі, прыязджайце, купляйце, гандлюйце з намі, у нас такая ж шляхта і каштоўнасці, то бок зразумелыя правілы эканамічнай гульні.

Але Мікола Гусоўскі так бы і застаўся шараговым капірайтарам, калі б не схаваў сваю хвігу ў кішэні. Ён відавочна карыстаўся гэтым біблійным метадам: выканаў дзяржаўную замову, але разам з тым і выказаў сваё пісьменніцкае «фе» айчыннаму істэблішменту, праявіў грамадзянскую пазіцыю. У непрыкметных месцах паэмы (у лірычных адступленнях і напрыканцы) апісаў не самае прыемнае пра суайчыннікаў-літвінаў: і на ведзьмаў палююць, і міжусобныя войны вядуць.

Як той казаў: «Што ты за пісьменнік, калі цэнзуру ашукаць не можаш?». Уся гэтая шматслойнасць беларускай літаратуры ідзе яшчэ са Старога Запавету.

А ці заўважылі нейкія паралелі з сучаснай Беларуссю?

– Самуіл, начальнік усіх святароў, поўны ўладар краіны. Кіруе фінансамі і войскам. Але справы ў краіне ідуць кепска – улада святароў несучасная, ва ўсім страдаўнім свеце ўжо кіруюць манархі, цары, у якіх у адрозненні ад святароў прафесійны ўрад.

І вось народ хоча прызначыць цара і зладзіць інстытут манархіі, які зарэкамендаваў сябе ў іншых краінах як больш прасунуты і эфектыўны. Самуіл дае народу цара, але ён – голы выканаўца без палітычных абміцый.

На нашыя рэаліі – прызначае такога сабе прэм’ер-міністра, крызіснага менеджара, каб у выпадку чаго скінуць на яго віну за вайсковыя паразы і няўдачы ў эканоміцы. Урэшце аятолла Самуіл, мяняючы Саула на Давіда на пасадзе «тэхнічнага цара», загуляўся. І каста святароў прайграла краіну больш энергічным і прасунутым манархістам, чытай – лібералам на той час.

Ілюстрацыя Юліус Шнор фон Каральсфельд, «Саул дзярэ крыссе вопраткі Самуіла»

Другі момант. Існуе нядзейная выканадаўчая галіна, але ёсць выдатныя дэпутаты ці дакладней дэпутаткі: амбітныя, харызматычныя, якія ва ўмовах адсутнасці паўнавартаснай улады ды ўплыву тым не менш нешта ды робяць. У Старым Запавеце гэта адпавядае так званай «эпосе Суддзяў».

Суддзі – такія сабе дэпутаты, выбраныя ад кланаў, якія збіраюцца на своеасаблівыя дэпутацкія сесіі, калі пачынаецца крызіс ці навала. Каста святароў забараняе суддзям займацца законатворчасцю і збіраннем падаткаў – канстытуцыю народ атрымаў на гары Сінай, і яе рушыць нельга. Яскравы прыклад суддзя Дэвора, якая паспявае і без вагароў уплыву на ўладную вярхушку зрабіць для краіны шмат карыснага. Думаю, яе прыклад мусіць натхніць спадарынь Анісім і Канапацкую.

– Кнігу «Бульба ў райскім садзе» вы напісалі з гумарам. Але ці ёсць ў самой Бібліі нешта смешнае?

– У Старым Запавеце слова «смех», «смяяцца» прыгадваецца толькі ў адным месцы. Прамацер Сара ў свае 89 гадоў праз анёла дазнаўшыся, што неўзабаве зацяжарыць, ціхенька рассмяялася і саркастычна заўважыла: «Ці такой старой як мне мець такую ўцеху?».

У гэтай гісторыі ўпершыню ў Бібліі мы з палёгкай дазнаемся, што пачуццё гумару ў Бібліі ёсць ва ўсіх. У прамацеры. Бяздзетная жанчына, яўна засмучаная з гэтай нагоды, усё ж знайшла ў нечаканым прароцтве і сваім гаротным стане камічныя бакі. У аўтараў Бібліі. Аповед захаваў стрыманасць, калі пару старонак датуль валадары Садомскі і Гаморскі ўваліліся ў яміну са смалою, і не абсмоктваў выпадку пра Ноя, які напіўся і ляжаў голы. Аўтары абмінулі гэтыя ў чымсьці камічныя выпадкі, бо іх маглі выйсці максімум «плоскія жарты», і засяродзіліся на сапраўднай драме. І, нарэшце, мае пачуццё гумару сам Госпад Бог. Ён ацаніў саркастычны выпад Сары і папрасіў яе назваць будучага сына Ісаакам («той, які будзе смяяцца»).

Ва ўсіх астатніх месцах, Стары Запавет – не самая вясёлая кніга, жарты ў ёй нячастыя.

– Дык ці расла ў Эдэме бульба? Ці ўжывалі яе Адам і Ева?

– Замест спекуляцый, ці мог Адам у стаптаных сандалях поўзаць па эдэмскіх градах і пхаць у апаясак з лістоты старазапаветных каларадаў, я ў сваёй кнізе распавядаю іншую, не менш забаўную гісторыю. Як у сучасны іўрыт, у якім не было слова для абазначэння знакамітага караняплода, «беларускае лобі» ў асобе ўраджэнца Капыля, пісьменніка Мендэле-Мойхер Сфорыма спрабавала прапхнуць слова «бульбус», падмацоўваючы свае пазіцыі багаслоўскімі тэкстамі.

Ці варта пасля кнігі пра Стары Запавет чакаць ад вас кнігі пра Новы Запавет?

– Думаю, не. Мне хочацца застацца пакуль што ў Старым. Мяне ўсеабдымна зараз цікавіць пытанне, якое задаецца ў Кнізе Ёва. Гэтае пытанне, пэўна, наша, людское пытанне, чым праблема Бога. Нагадаю, Бог страшна карае абсалютнага праведніка Ёва: забівае яго быдла, усмерчвае яго дзяцей і нявечыць самаго чалавека. Ды гаротны Ёў (ды і частка чытачоў) шчыра не разумее з якое прычыны. У паветры лунае пытанне: «Чаму добрым людзям жывецца кепска?»

Кнігу «Бульба ў райскім садзе. Беларускі праваднік па Старым Запавеце» можна набыць у кнігарні «Логвінаў» і «Акадэмкнізе».

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)