Общество

Кацярына Батлейка

«Калі дзяржава не выконвае свой абавязак па забеспячэнні якаснай адукацыі, мы павінны ўзяць гэта на сябе і даць нашым дзецям лепшае»

Беларускія дэмакратычныя сілы запускаюць адукацыйны праект для беларускіх школьнікаў «Васьміног».

Прэзентацыя праекта прайшла 12 студзеня ў Вільні. Праект створаны пры дапамозе кансорцыума «Еўрабеларусь», Офіса Святланы Ціханоўскай і Беларускай Р*ды Культуры пры фінансавай падтрымцы Еўракамісіі.

Праект «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» накіраваны на адукацыйныя праекты для беларускіх школьнікаў, стварэнне інавацыйнай навучальнай анлайн-платформы для транспамежнай беларускаарыентаванай адукацыі і на даследаванні ў галіне рэформы школьнай адукацыі. Агулам на праект, які будзе рэалізоўвацца цягам двух гадоў, са сродкаў ЕЗ выдзяляецца 1 млн еўра.

На прэзентацыі праекта выступіла Святлана Ціхаўская, яна адзначыла, што для яе як для беларускі і як для маці сённяшняя сустрэча вельмі важная, бо размова ідзе пра запуск праекту, які тычыцца беларускіх дзяцей.

— Як і многім з вас, для мяне важна, каб нашы дзеці атрымлівалі годную адукацыю і не гублялі сувязі з Беларуссю. Вельмі важна падтрымліваць адукацыйныя і культурніцкія ініцыятывы менавіта цяпер, калі рэжым ваюе з усім беларускім, у тым ліку ў школах і ўніверсітэтах. Абсалютна відавочна, што сённяшняя сістэма адукацыі ў Беларусі патрабуе рэфармаванне. І я спадзяюся, што такія праекты, як «Васьміног», стануць адным з першых крокаў у гэтым напрамку.

Гэта сапраўды ўнікальны праект, бо ён накіраваны як на дзяцей унутры краіны, так і на тых, хто разам з бацькамі з'ехаў праз рэпрэсіі. Для маленькіх беларусаў досвед 2020 года і пасля стаў не менш, а можа нават і больш траўматычным, чым для дарослых, бо многія апынуліся ў чужой краіне сярод незнаёмых людзей. Іншыя засталіся, але таксама апынуліся кінутымі ў зусім іншыя ўмовы: у іх школах дзейнічаюць вайсковыя правілы, праходзяць палітгадзіны.

Паводле Святланы Ціханоўскай, сёння афіцыйная беларуская школа не здольная даць дзецям у Беларусі ані належных ведаў, ані раскрыць асобу, бо яна рыхтуе ідэалагічна паслухмяных выканаўцаў.

— Таму зараз, калі дзяржава не выконвае свой абавязак па забеспячэнні якаснай адукацыі, мы павінны ўзяць гэты абавязак на сябе, і даць нашым дзецям лепшае. Я радая, што дзякуючы гэтай ініцыятыве, мы зможам забяспечыць якаснай адукацыяй як беларускіх школьнікаў у Беларусі, так і тых, хто вымушана апынуўся за мяжой. Таксама гэтая платформа зможа вярнуць звольненым сумленным настаўнікам магчымасць займацца любімай працай.

Кіраўнік праекта «Васьміног» — Аляксей Канстанцінаў. У Беларусі ён працаваў у цэнтры інклюзіўнай адукацыі «Леванія». Паводле Таццяны Шчытцовай, прадстаўніцы Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Аляксей быў абраны на пасаду кіраўніка праекту на конкурснай падставе.

Канстанцінаў распавёў, што ў «Васьмінога» два асноўных фокусы: на супольнасці і забеспячэнне сучаснай адукацыі.

— Праект будзе інвеставаць у экспертную супольнасць: дапамагаць бацькам, педагогам, дзецям. Тры асноўныя напрамкі: рэформа, лічбавая платформа, грантавая праграма. На платформе ў першую чаргу будуць размешчаны курсы мовы, гісторыі і культуры. Што тычыцца грантавай праграмы, то плануецца падтрымка беларускіх адукацыйных праектаў, якая стартуе ў 20-х чыслах сакавіка.

Агулам мы плануем падтрымаць каля 40-50 праектаў, грант будзе выдзяляцца ў памеры 3-60 тысяч еўра за праект. Мы не ведаем дакладна, калі, але спадзяемся, што ўжо летам будзе распрацаваны сайт з непасрэдна курсамі і г.д., — адзначыў Аляксей Канстанцінаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(18)