Общество
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»

«Калі б сёння забілі Завадскага і Ганчара, то Майдан бы ўжо быў»

«Наша Ніва» пагутарыла з журналістам партала Tut.by, якога збілі на мінулым тыдні ў судзе. Павел Дабравольскі расказаў пра сябе, Украіну, а таксама інцыдэнт з міліцыяй.

Пра сябе

Мне 26 гадоў. На журфак хацеў паступіць яшчэ ў школе. Я нарадзіўся ў Казахстане ў сям’і геолагаў. Мне быў год, калі мяне прывезлі ў Мінск.

Жыў у раёне Кальварыі, каля сённяшняга журфака. Я ў той будынак упершыню трапіў, калі мне было гадоў 15. Там ішла будоўля, мы залезлі праз плот на дах. Нас з сябрамі заўважыла ахова з сабакамі, ганялася за намі, затрымала. Таму першыя ўражанні былі так сабе.

Пра шлях у прафесіі

З другога курса я пачаў супрацоўнічаць з газетай «Турізм і отдых». На 4-м курсе мяне ўзялі ў штат.

Увесь 2013 год я правёў на ej.by. Менавіта там я стаў журналістам. Не на журфаку, а ў «Ежедневніку». Цяпер гэтае выданне крыху ў заняпадзе. Як стаў спадаць рэкламны рынак, то стала цяжка. Там не хапае працоўных рук, як вынік гэтага — менш артыкулаў і праглядаў.

Пра Майдан

Калі забілі Жызнеўскага, то мы з сябрам узялі квіткі ў Кіеў, хоць у мяне і была сесія ва ўніверсітэце. Гэта была сярэдзіна студзеня 2014. Мы правялі там некалькі дзён, але шмат усяго заспелі, асабліва сутыкненні пратэстоўцаў з сілавікамі на Грушэўскага.

Другі раз я быў на Майдане ў сярэдзіне лютага. Я быў там 20 лютага, у самы жорсткі дзень. Яшчэ з вакзала пачуў стрэлы. У той дзень на Майдане забілі каля 100 чалавек, усю Нябесную сотню. Спачатку я трапіў на Майдан з боку «Беркута», мне там быць не дазволілі. Сказалі, каб уцякаў, бо застрэляць. Беркутаўцы былі вельмі ўсхваляваныя, шмат лаяліся. Пасля я быў з боку пратэстоўцаў. Я запомніў, як адна бабуля дапамагала драбіць брук і клала гэтае каменне ў мех.

Той дзень цягнуўся чацвёра сутак без сну. Ежай былі нейкія ёгурты, бо паесці можна было толькі на ўскраінах. Я заспеў час, калі знік Януковіч. Калі Вярхоўная Рада вызваліла Цімашэнку, яна прыехала на Майдан.

Гэта неймавернае шчасце — быць у тыя дні ў Кіеве. Блін, гэта было крута. Гэта афігенна натхняла. Калі ты бачыш светлыя твары, поўныя надзей. Людзі верылі, што нарэшце бюракратыя, карупцыя, бясчынствы міліцыі адыдуць у мінулае.

Пра «Наваросію»

Я быў у Луганску ў той дзень, калі абвяшчалася так званая «Наваросія». Горад быў захоплены сепаратыстамі. У тыя дні там было шмат бясчынстваў. Людзям раздалі зброю, яны хадзілі і чапляліся да людзей на вуліцах, скрадалі машыны. Мне не было дзе пераначаваць, таму я бавіў час у кругласуткавай кавярні з інтэрнэтам. Дзесьці а 8 раніцы да нас уварваліся людзі з аўтаматамі. «Пайшлі на..й адсюль»,— крычалі яны. Нібыта была нейкая каменданцкая гадзіна. Так я апынуўся на пустой вуліцы.

Ніякіх таксі не было, давялося ісці пешшу на вакзал. Праз нейкі час убачыў нейкіх людзей, падышоў да іх. Яны прыставілі аўтамат мне да грудзей. «Х...е ты тут робіш?» Сказалі, каб паказаў свае рэчы. А я перад гэтым быў на курсах Бі-бі-сі ў Кіеве, і яны ўбачылі дыплом са сцягам Еўрасаюза, убачылі «Украінскі тыждень». Яны пужалі: мы цябе грохнем, і ніхто цябе не знойдзе. І я падумаў: так, яны сапраўды могуць гэта зрабіць і ім нічога не будзе. Гэта былі звычайныя 20-гадовыя хлопчыкі. І гэтым бухім булдосам раздалі зброю — гэта жудасна.

На наступны дзень я трапіў у Данецк. І я ўбачыў гэты мітынг за «Наваросію». Там было, мабыць, тысяч 15. Усе з рускімі сцягамі. Там прадставілі армію «Наваросіі». Прыехала некалькі БТРаў, грузавікоў, выйшлі ўзброеныя людзі. Здаецца, батальён «Усход». Было шмат каўказцаў, якія паміж сабой нават не гаварылі паруску. Я іх фатаграфаваў, яны не заміналі.

Пра людзей на вайне

Людзі, што падтрымалі ДНР, не маюць альтэрнатыўнай інфармацыі. Нам падаецца, што гэта ахінея, у якую немагчыма паверыць, але людзі ўспрымаюць на поўным сур’ёзе, што Украіна будуе канцлагеры, што будуць забіваць людзей, якія не здадуць экзамен па ўкраінскай мове.

Наступны раз я паехаў на Данбас з запасам грошай на большы тэрмін. Я бачыў там чалавека, які атрымаў вышэйшую адукацыю ў ЗША, але ваюе на баку «ДНР». Не трэба мысліць стэрэатыпамі, што там ваююць толькі булдосы за грошы. Ёсць розныя людзі з абодвух бакоў. І з украінскага боку не заўсёды анёлы. Прыклад — батальён «Тарнада», які расфармавалі праз здзекі з людзей.

Пра «ДНР» і «ЛНР»

Паміж сабой луганскія і данецкія ў не вельмі добрых адносінах. У адміністрацыі «Элэнэрыі» мне гадзіну расказвалі, якія лохі ў Данецку. У Данецку — усё наадварот.

У Горлаўцы адзін баявік мне казаў: «Нам по...й на Данецк, у нас тут свая рэспубліка». Што ні станіца, то свая ўлада. Там няма ніякага адзінства.

Мяне здзівіла, што паміж «ДНР» і «ЛНР» ёсць мяжа, а на ёй людзі з аўтаматамі.

Мне кідалася ў вочы, наколькі шмат у Луганску сярпоў і молатаў. У Данецку погляды больш рускаімперскія, а вось у Луганску — камуністычныя.

Пра псіхалогію нянавісці

Стаўленне да Украіны ў ДНР і ЛНР — гэта нянавісць. Гэта цісне на псіхалогію. Ты кожны дзень чу- еш тоны нянавісці. Калі кажаш, як вы можаце ў гэта верыць, то на мя- не глядзяць здзіўленымі вачыма. Я ўбачыў, наколькі лёгка людзей можна замбаваць і наколькі лёгка яны вераць у любую хлусню.

Пра ролю Расіі

Калі б не Расія, то гарады б былі цэлыя і не было б 10 тысяч забітых. Калі Парашэнка пачаў АТА, то за пару дзён палову тэрыторыі вызвалілі — Марыупаль, Славянск, Краматорск. Вызвалілі б і астатнюю, калі б не Расія. Ну простая логіка: дзве вобласці не могуць на роўных супраціўляцца дваццаці абласцям.

Мы ўбачылі там шмат незразумелых людзей. Танкі, якія няясна ў якіх шахтах адкапалі. Без Расіі нічога б не было.

Пра Данецк

Калі я ўпершыню трапіў у Данецк, то ўбачыў цудоўны горад. Па логіцы, баставаць могуць жабракі, дзе заробак 10 даляраў. Калі у Душанбэ будуць мітынгі за лепшае жыццё, то я не здзіўлюся. У Данецку ж стаялі шкляныя хмарачосы, якіх на той час не было нават у Мінску, вылізаныя вуліцы, рэканструяваныя дамы, бутыкі еўрапейскіх брэндаў, даражэзныя машыны. Гэты горад быў роўны Кіеву па сваім развіцці, па грошах, якія там круціліся!

Эканоміка Украіны ўжо пайшла ўверх, яны адштурхнуліся ад дна. Калі там будуць заробкі хаця б 500 даляраў, то жыхары Крыма і Данбаса самі вернуцца ва Украіну. Украіна слабая не столькі арміяй, колькі на інфармацыйным фронце.

Пра збіццё

Мяне хвіліну інтэнсіўна білі два-тры чалавекі. Я ляжаў дваццаць хвілін, і мяне дабівалі. Удар, праз хвіліну яшчэ адзін удар, паварухнешся — удар, нешта скажаш — удар. Білі нагамі. Адзін чалавек сеў побач і хвіліну трымаў сваю нагу ў мяне на патыліцы. Калі нехта выходзіў з кабінета, то ішоў па галаве. Гэта нармальна? Калі б яны хацелі мяне забіць ці вырубіць, то хапіла б аднаго ўдару.

Яны білі не ў поўную сілу, проста хацелі запалохаць і аказаць псіхалагічны ціск.

Было балюча, але не настолькі, каб мяне пакалечыць. Яны бачылі, што я журналіст, я паказаў сваё пасведчанне. У той самы момант нехта ззаду мяне нагнуў, а іншы проста тычком ударыў мяне ў сківіцу. Сказалі: «Свабоднай журналістыкі захацеў? Атрымай!»

А нафіга дубасілі гэтых хлопцаў? Якую пагрозу яны ўяўлялі? І гэты позірк, з якім яны глядзелі на нас, — гэта жахліва.

У пакоі было 5—6 чалавек. Ніхто не быў у форме. Адзін з іх — Кавальчук Сяргей Ігаравіч — быў пасля сведкам на судзе. Даведаемся прозвішчы і астатніх. Нават калі ім сёння нічога не будзе, то важна, каб яны захаваліся для гісторыі. Гэта найменшы вынік, якім я буду задаволены. Але мы пойдзем да канца. Нават калі гэта спусцяць на тармазах, то больш так рабіць ніхто не стане. Кіпеш цяпер стаіць вялікі.

Раней таксама збівалі, я памятаю, што білі Сяргея Грыца, але ці была такая рэакцыя? У той час Tut. by не быў такім моцным і астатнія СМІ не былі моцнымі.

Мне здаецца, калі б сёння забілі Завадскага і Ганчара, то Майдан бы ўжо быў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)