Комментарии
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

«Калі б перад выбарамі ў Менск зноў прыехалі Пуцін, Парашэнка, Мэркель, Аланд, уяўляеце, які быў бы піяр для Лукашэнкі»

У нядзелю закончыўся рабочы візыт міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея ва Ўкраіну. Візыт вельмі дзіўны, незвычайны, своеасаблівы.

Гэта выявілася, па-першае, у тым, што ён працягваўся беспрэцэдэнтна доўга для падобнага роду мерапрыемстваў, аж цэлых пяць дзён з 12 да 16 жніўня. Такая працягласьць у дыпляматычнай практыцы здараецца рэдка. Хіба толькі ў надзвычайных сытуацыях.

Другая незвычайнасьць. Паездка Макея вельмі слаба асьвятлялася беларускімі дзяржаўнымі мэдыямі. Напрыклад, галоўная газэта краіны «Советская Белоруссия» наогул нічога не паведаміла сваім чытачам аб гэтым візыце. Хоць міністар замежных спраў Беларусі сустракаўся ня толькі з сваім украінскім калегам, але і быў прыняты прэзыдэнтам Украіны Парашэнкам. Акрамя таго, там адбылася трохбаковая сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі, Украіны і Літвы.

Трэцяе дзіва. Тры зь пяці дзён візыту Макей правёў у Адэскай вобласьці, сустракаўся там з кіраўніком гэтага ўкраінскага рэгіёну. Усё бы нічога, але пасаду старшыні Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі займае даволі вядомы Міхаіл Саакашвілі, былы прэзыдэнт Грузіі. Праблема ў тым, што гэты палітык зьяўляецца вострым раздражняльнікам для Расеі, ён для Масквы як чырвоная ануча для быка. І сустрэча зь ім кіраўніка МЗС Беларусі — гэта відавочны тролінг Крамля. Навошта гэта трэба Менску ў момант, калі абмяркоўваецца пытаньне аб выдзяленьні Беларусі новага крэдыту Эўразійскім фондам стабілізацыі і разьвіцьця, які кантралюецца РФ?

Выкажу сваю гіпотэзу, якая грунтуецца не на нейкай інсайдэрскай інфармацыі, а толькі на лёгіцы прыняцьця замежнапалітычных рашэньняў афіцыйным Менскам. На мой погляд, сэнс гэтага візыту палягае ў вырашэньні дзьвюх звышзадач.

Па-першае, Менск імкнецца рэанімаваць, абнавіць, надаць новы бляск міратворчай місіі Беларусі ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызысу. Цяпер сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны напружаная, вось-вось можа зноў успыхнуць вайна. І ў гэты крытычны момант Беларусь выступае з новымі міратворчымі ініцыятывамі, якія зноў ставяць яе ў цэнтар усясьветнай палітыкі. Зразумела, гэтыя ініцыятывы трэба ўзгадніць з Кіевам. Калі Парашэнка іх падтрымае, то хутка можна будзе сабраць саміт «Мінск-3». І калі б перад выбарамі ў беларускую сталіцу зноў прыехалі Пуцін, Парашэнка, Мэркель, Аланд (а можа, чым чорт не жартуе, і Абама), уяўляеце які быў бы піяр для Лукашэнкі.

Другая задача, якая тлумачыць доўгае знаходжаньне Макея ў Адэсе. Гэтым годам аб’ём гандлю паміж Беларусьсю і Ўкраінай, асабліва беларускага экспарту, скараціўся ўдвая. З улікам эканамічнага крызысу гэта вельмі балюча. І Макей паехаў выпраўляць сытуацыю. Галоўны экспартны тавар Беларусі ва Ўкраіне — гэта нафтапрадукты. Іх продаж на ўкраінскім рынку шмат у чым залежыць ад прыхільнага стаўленьня тамтэйшага ўраду, які пэўным чынам рэгулюе квоты.  І можна меркаваць, што Кіеў, у адказ на просьбу Менску аб ільготах для продажу беларускіх нафтапрадуктаў, высунуў сустрэчную ўмову: Беларусь павінна выкарыстоўваць Адэскі порт для свайго замежнага гандлю. Вось Макею нічога не заставалася, як ехаць у Адэсу нібыта дамаўляцца аб гэтым з Саакашвілі. Менавіта такое было афіцыйнае тлумачэньне гэтай паездкі беларускім афіцыёзам.

Хоць, відавочна, што з такога праекту нічога не атрымаецца, бо Беларусі такі транзыт нявыгадны, ёсьць больш блізкія балтыйскія парты, перш за ўсё, Клайпеда, Рыга, Вентспілс. І з украінскіх партоў Беларусь раней больш выкарыстоўвала Нікалаеў, а не Адэсу. Найбольш вядомы прыклад выкарыстаньня Адэскага порту — гэта транспарціроўка вэнэсуэльскай нафты.

Абмяркоўваць, будаваць пляны адэскага транзыту можна доўга. А потым, калі беларускі бэнзын зноў зойме каля паловы ўкраінскага рынку, можна будзе сказаць, маўляў, прабачце, але з Адэсай нічога не атрымалася.

Узгадваецца адна падобная гісторыя. У 2005 годзе пасьля вяртаньня з Завідава, дзе Лукашэнка сустракаўся з Пуціным, прэзыдэнт Беларусі нечакана заявіў аб будаўніцтве ў Калінінградзкай вобласьці свайго порту і арыентацыі туды беларускага экспартнага транзыту. Расейскія газэты пісалі, што гэта зроблена быццам бы ў абмен за падтрымку Масквой Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Гэтую ідэю пачало актыўна рэклямаваць БТ. Хутка ў Менск прыехаў губэрнатар Калінінградзкай вобласці Ягораў, які сустрэўся з Лукашэнкам, прэм’ер-міністрам, міністрам транспарту. Пачалі езьдзіць дэлегацыі адзін да аднаго, весьці перамовы, распрацоўваць бізнэс-пляны, быў моцны піяр у СМІ.

Ці трэба казаць, што з гэтага ўсяго атрымаўся вялікі і гучны пшык, пасьля выбараў усё спусьцілі на тармазах. Трэба аддаць належнае, падобныя інсцэніроўкі беларускі бок ставіць досыць таленавіта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)