Общество

«Калі адкрываюць помнік Міндоўгу ў Навагрудку – гэта ўжо «літвінізм» ці яшчэ не?»

У літоўскім Сейме напярэдадні прайшоў круглы стол «Літвінізм: паходжанне, уплыў і выклікі для адносін паміж беларусамі і літоўцамі». Радыё Ўнэт – аб чым там разважалi.

Гісторыкі, палітолагі і грамадскія дзеячы дзвюх краін спрабавалі сфармуляваць сутнасць «літвінізму» і як мінімум наблізіцца да разумення, дзе ў агульнай гісторыі тая мяжа, якую не варта перакрочваць.

Тэма «літвінізму» ў грамадскі дыскурс уварвалася пару месяцаў таму і адразу стала краевугольным каменем беларуска-літоўскіх стасункаў. Прычым, што такое «літвінізм» і які сэнс у яго ўкладаюць, калі вылучаюць абвінавачванні ў бок беларусаў – застаецца пытаннем адкрытым.

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы так сфармуляваў гэтую з’яву: асноўная ідэя «літвінізму» – адмаўленне балцкага паходжання Вялікага Княства Літоўскага і княскіх дынастыяў, якія ў ім кіравалі, стаўленне пад сумнеў прыналежнасці значнай тэрыторыі да Літоўскай Рэспублікі са сталіцай Вільнюсам.

То бок, праява «літвінізму» згодна з гэтай фармулёўкай – калі беларусы будуць адкрыта казаць, што ВКЛ гэта выключна беларуская дзяржава. Як высветлілася, такі наратыў выкарыстоўваюць выключна адэпты радыкальнага «літвінізму», а ёсць яшчэ ўмераны.

Яго беларусам цяжка зразумець, бо цяжка адчуць нават інтуітыўна, дзе заканчваецца беларуская гісторыя і пачынаецца той самы «літвінізм». Таму абсалютна лагічна гучала падчас дыскусіі пытанне да літоўскага боку «Калі адкрываюць помнік Міндоўгу ў Навагрудку – гэта ўжо «літвінізм» ці яшчэ не?»

Фота: Радыё Ўнэт

Літоўскі бок на дыскусіі прадстаўлялі дырэктар Інстытута гісторыі Літвы Альвідас Нікжэнтайціс, загадчык кафедры тэорыі гісторыі і гісторыі культуры гістарычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта Альфрэдас Бумблаўскас і дацэнт гэтай жа кафедры Грыгорый Паташэнка.

У апошняга радыё Ўнэт спрабавала высветліць, што ж літоўцы ўкладаюць у паняцце «літвінізм». Навуковец патлумачыў, чаму раптам з гістарычнага гэтае пытанне перайшло ў плоскасць палітычную.

«Гэтая тэма не новая. Гісторыкі яе даўно абмяркоўваюць. Чаму зараз такі інтарэс? Дзве прычыны. Па-першае, геапалітычная сітуацыя Літвы пагоршылася, агрэсія Расіі ва Украіне, Беларусь у гэтым канфлікце падтрымлівае агрэсію. І гэта пытанне бяспекі для нашай краіны. Па-другое, у Літве вельмі ўразлівая тэма міграцыі. Да нас прыехала не толькі 60 тысяч беларусаў, а яшчэ і 85 тысяч украінцаў, у цэлым у нас каля 200 тысяч замежнікаў жывуць. Гэта для нас выклік.

Што тычыцца тэрміну «літвінізм»? Адзінага вызначэння гэтай з’яве няма. Я вывучаю, што гавораць пра гэтае паняцце іншыя і не выношу сваіх меркаванняў. Адныя кажуць, што «літвінізм» – гэта цікавасць беларускага народа да сваёй мінуўшчыны, на доўгай дыстанцыі, гэта значыць, што ВКЛ, 19-20 стагоддзе вельмі важныя, і з гэтага пункту гледжання, «літвінізм» – гэта частка нацыянальнага беларускага наратыву.

Ёсць і іншыя меркаванні, ёсць крайні «літвінізм», які сцвярджае, што толькі беларусы стваралі Вялікае княства Літоўскае, яны вядучы народ. Гэта вельмі спрэчнае сцвярджэнне. Яно прысутнічае ў гістарыяграфіі. Што рабіць з гэтым?»

На апошняе пытанне Грыгорыю Паташэнку адказаў гісторык Алесь Пашкевіч, па словах якога такія радыкальныя заявы насамрэч абсалютна непрымальныя ў беларускім гістарычным асяроддзі, на гэтай ніве шчыруюць хутчэй квазінавукоўцы, колькасць якіх адзінкі. І таму гэты наратыў хутчэй маргінальны, чым мэйнстрымны.

Андрэй Казакевіч, дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» прапанаваў удакладніць сам тэрмін «літвінізм», ці замяніць яго на іншы, каб было зразумела, што выклікае гістарычныя непаразуменні.

«Праблема ў інтрэпрэтацыі беларускай гісторыі ўвогуле. У якім кантэксце мусіць адбывацца ўзаемадзеянне літоўцаў і беларусаў у кантэксце сваёй гістарычнай спадчыны, якім чынам мы глядзім на сваё мінулае, якім чынам мы ставімся да спадчыны ВКЛ. У Літве ўсё гэта называецца «літвінізмам» і чым далей, тым больш гэты тэрмін пашыраецца. Ёсць вялікая дыскусія наконт апісання розных радыкальных версій гісторыі ВКЛ, якія фактычна выключаюць літоўцаў з гэтай дзяржавы і якія выкарыстоўваюць «хэйт-спітч» і часта наўпрост абражаюць літоўцаў. Гэта стварае пэўную напружанасць у Літве паміж дзвюма супольнасцямі, улічваючы, што ў апошнія гады колькасць беларусаў у Літве значна вырасла.

Да таго ж вайна Расіі супраць Украіны, дзе беларускія ўлады падтрымалі Расіі, і паводзіны Лукашэнкі часта пераносяцца на ўсіх беларусаў. І вось гэтае напружанне ўзрастала і, калі з’явіліся першыя публікацыі на гэтую тэму, яны проста паклаліся на спрыяльную глебу. Акрамя таго ёсць меркаванне, што гэта ўсе частка перадвыбарчай кампаніі, таму што розныя палітычныя сілы будуць выкарыстоўваць міграцыю ў сваіх інтарэсах.

Мае прапановы тычацца дастаткова практычных рэчаў. Па-першае, калі існуе адчуванне небяспекі «літвінізму», то давайце вызначым, што мы маем на ўвазе пад гэтым тэрмінам. Каб мы, беларусы, разумелі, у якіх гістарычных сюжэтах Літва бачыць пагрозу для сваёй ідэнтычнасці. Па-другое, я прапанаваў бы падумаць аб змене назвы.

Калі размова ідзе пра гістарычны рэвізіянізм, то і назваць гэта такім чынам. Не выкарыстоўваць слова «літвінізм», бо часам складаецца ўражанне, што гэта нейкі цэласны рух, цэласная ідэя, што ў прынцыпе не адпавядае праўдзе. Па-трэцяе, можна было б паспрабаваць стварыць грамадскую беларуска-літоўскую камісію, якая магла б абмяркоўваць гэтыя пытанні, знаходзіць кампрамісы ці ўвогуле здымаць нейкія паразуменні».

Беларускі гісторык Павел Церашковіч прапанаваў літоўскаму боку ў тым ліку паглядзець, хто стаіць за раскруткай наратываў «літвінізму», каму выгадна пасварыць літоўцаў і беларусаў.

У «літвінізма» з’явіліся ўжо і першыя ахвяры. З добраахвотніцкім аб’яднаннем беларусаў Літвы «Ліцвіны» спыніў супрацоўніцтва Саюз стралкоў Літвы, бо менавіта ў назве клуба «Ліцвіны» угледзелі прэтэнзіі на гісторыю ВКЛ і тэрытарыяльную цэласнасць Літвы. Кіраўнік «Ліцвінаў» Сяргей Шалыгін, папрасіў не звязваць клуб з «літвінізмам», што бы гэта не азначала.

Андрэй Стрыжак, кіраўнік фонду BYSOL які прысутнічаў на дыскусіі ў Сейме, расказаў, што на дзейнасці яго арганізацыі «літвінізм» пакуль не адбіўся, але пытанне вырашаць трэба.

«Мая пазіцыя па гэтым пытанні, што гэта пранк, які выйшаў з-пад кантролю. Зразумела, што ёсць у літоўцаў апасенні на гэты конт. Але тое, што зараз адбываецца ў інфармацыйным полі, шмат у чым інспірыравана расійскімі і беларускімі спецслужбамі. Бо я адсочваю сітуацыю і бачу, што шмат у якіх літоўскіх групах мэтанакіравана сеецца гэты наратыў тымі акаўнтамі, якія былі створаны нядаўна, бачна, што гэта ананімныя акаўнты.

І, на жаль, недасказанасць у першую чаргу паміж літоўскімі і беларускімі спецыялістамі ў галіне гісторыі нараджае поле для спекуляцый і накруткі грамадства. Пакуль магу сказаць, што значнага ўплыву на тое, як літоўцы ставяцца да беларусаў, гэтая маргінальная плынь не аказвае».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(12)