Политика
Юлія Аляксандрава

Калегі затрыманага журналіста «Белсат»: «Варыянтаў тут няшмат»

Калегі затрыманага 3 лютага супрацоўніка тэлеканала «Белсат» Івана Шульгі дагэтуль (па стане на 11.00 4 лютага) не ведаюць, дзе ён знаходзіцца. «Хутчэй за ўсё, яго будуць судзіць за «супраціўленне супрацоўнікам міліцыі», — мяркуюць яны.

Падзеі вакол мінскага офіса «Белсат» разгарнуліся 3 лютага, калі ў кватэру, якую здымае прадстаўнік тэлеканала, спрабавалі ўвайсці невядомыя ў цывільным.

За нейкі час да гэтага Іван Шульга — адзін з журналістаў тэлеканала — сыходзіў з кватэры, за якой ужо, па меркаванні яго калег, ужо сачылі.

– Праз невялікі адрэзак часу зазваніў дамафон, а той чалавек, які пайшоў адчыняць дзверы, пачуў у слухаўку, як нехта крыкнуў: «Не адчыняйце: міліцыя!» Мы зразумелі, што гэта быў Іван, — распавялі «Салідарнасці» супрацоўнікі тэлеканала. — Але з таго часу яго нумар быў недасяжны.

– Са слоў начальніка РАУСА, які прыехаў пазней, мы зразумелі, што Івана затрымалі. У самім РАУС гэтую інфармацыю, як часта бывае, не пацвердзілі. Аднак пасля ў нас запытваліся, ці ведаем мы гэтага чалавека, распытвалі пра яго. Усё гэта сведчыць пра затрыманне.

Пакуль жа журналістам застаецца толькі чакаць і спадзявацца.

– У нас ёсць велізарная надзея і шанец, што па ім будзе заведзеная адміністратыўная справа, а не крымінальная, — гавораць калегі. — Па словах міліцыянтаў, чалавек, які выйшаў з кватэры быў п’яны і на выхадзе з памяшкання ўдарыў аднаго з супрацоўнікаў праваахоўчых органаў і сарваў з яго пагоны. Пасля міліцыя хацела ўзяць тлумачэнні ва ўсіх, хто знаходзіўся ў кватэры. Усё гэта сведчыць пра тое, што Іван сапраўды затрыманы. І хаця пра ўзбуджэнне крымінальнай ці адміністратыўнай справы размовы не было, гэта відавочна. Варыянтаў тут няшмат.

– Наўрад ці навіны будуць добрымі, — мяркуюць у Беларускай асацыяцыі журналістаў. — Хутчэй за ўсё Івана будуць судзіць за «супраціўленне супрацоўнікам міліцыі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)