Политика
Аліна Таранік

Каго памілаваў Лукашэнка (дададзена)

Кіраўніком дзяржавы памілаваныя дзевяць палітвязняў, якія адбываюць пакаранне «за Плошчу». Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна» сталі вядомыя прозвішчы некаторых з іх. Гэта – Зміцер Дрозд, Арцём Грыбкоў, Сяргей Казакоў ды Андрэй Пратасеня.

Верагодна, што сярод памілаваных таксама Уладзімір Лобан і Аляксандр Класкоўскі. Інфармацыя пра апошніх ўдакладняецца. Усе яны адбывалі пакаранне ў Бабруйскай калоніі.

Хутчэй за ўсё, экс-кандыдатаў у прэзідэнты сярод дзевяці памілаваных няма, бо ні Мікалай Статкевіч, ні Дзмітрый Ус, ні Андрэй Саннікаў прашэнняў аб памілаванні не падавалі. У МУС Беларусі заявілі, што па стане на 18.00 11 жніўня ўказ да іх яшчэ не паступаў, піша БелаПАН.

Еўрарадыё датэлефанавалася Зое Дрозд, маці Змітра Дразда. Ян пацвердзіла, што сын знаходзіцца ў спісе палітвязняў, якіх памілаваў кіраўнік дзяржавы.

— Ад каго вы даведаліся пра тое, што вашага сына памілавалі?

— Мне ўчора патэлефанавала яго добрая знаёмая Воля і сказала, што ў інтэрнэце прачытала, што 9 чалавек памілавана, але спісаў яшчэ няма. Канешне, у мяне адразу ў сэрца закралася надзея, што сярод гэтых людзей будзе і мой сын. А сёння ранкам мне патэлефанаваў Максім і сказаў, што ў гэтых спісах ёсць мой сын і яшчэ Сяргей Казакоў. Мяне адразу так затрэсла, я нават не магла сказаць слова, я не паверыла ў сваё шчасце. Пакуль яго няма дома і я не ўпэўнена ў гэтым... Кажуць, што не так хутка прыедуць — дзень-два трэба чакаць. Яго знаёмы ўжо паехаў у Бабруйск, там ужо дакладна ўсё даведаецца, як і што. Калі што, то я яго сёння прывязу.

— З’явілася інфармацыя, што асобы, якія памілаваныя, што яны самі пісалі просьбы аб памілаванні да кіраўніка нашай краіны. Ці вы нешта ведаеце пра тое, што ваш сын пісаў?

— Гэта было зусім не так. Да іх саміх прыехалі людзі і недзе майго Дзіму тры гадзіны ўгаворвалі, ён не пагаджаўся доўга, ён у мяне ганарлівы чалавек. Пасля, калі я прыехала на спатканне, ён пабачыў, якая я стала худая, то ён сказаў: “Мама, я не мог цябе больш дабіваць, я падпісаў гэтае пісьмо

Нагадаем, да крымінальнай адказнасці за арганізацыю масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года і ўдзел у іх было прыцягнута каля 40 чалавек. Хто гэтыя людзі – глядзіце тут.

Арцём Грыбкоў добра скончыў базавую Палужскую школу, любіць пісаць сцэнарыі святаў школьных святаў ды захапляецца тэатральнымі пастаноўкамі. Пасля сканчэння будаўнічага СПТВ у пошуках працы пераехаў у Мінск, дзе ўладкаваўся грузчыкам ды прэсоўшчыкам. 19 снежня далучыўся да мітынгоўцаў, быў затрыманы ды асуджаны на 10 сутак, а 12 студзеня яго схапілі паўторна, асудзілі за масавыя беспарадкі на 4 гады пазбаўлення волі, паведамляе «Вясна».

Зміцер Дрозд скончыў тэхнікум па спецыяльнасці «Фотатэхніка», пасля гістарычны факультэт БДУ па спецыяльнасці «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны». Абодва захапленні прывялі да выдання кнігі «Землеўладальнікі Мінскай губерні 1861-1900». Палітыкай не займаўся, працаваў над другой кнігай. У часе выбарчай кампаніі 2010 г. быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава. За ўдзел у Плошчы-2010 адбыў 10-сутачны арышт. Пазней знову быў узяты пад варту ды абвінавачаны ў масавых беспарадках.

Андрэй Пратасеня скончыў факультэт прыкладной матэматыкі ў БДУ. Працаваў праграмістам. Ён займаўся дабрачыннасцю – дапамагаў хворым людзям збіраць сродкі на аперацыі. За месяц да дня выбараў уступіў у шэрагі АГП і стаў валанцёрам у агітацыйнай кампаніі Яраслава Раманчука. 19 снежня быў на Плошчы, але пад яе разгон не патрапіў і сышоў дахаты. Быў арыштаваны больш як праз месяц пасля выбараў. Быў абвінавачаны за актыўны ўдзел у масавых беспарадках ды асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Сяргей Казакоў скончыў мінскую сярэднюю школу № 85, прымаў актыўны ўдзел у КВЗ захапляецца музыкай, а таму збіраўся паступіць у музычную навучальную ўстанову. Каб дапамагчы маці, якая гадавала яго адна, падпрацоўваў у розных месцах. Быў затрыманы 27 студзеня ў якасці падазраванага па справе аб масавых беспарадках, пасля чаго яму прад’явілі абвінавачанне ды прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)