Каб пракінуць Міхальчанку, амаль 5 тысяч чалавек «прагаласавалі на даму»
Адыёзны вядучы АНТ, які столькі бруду выліў на палітвязняў, праваабаронцаў, простых людзей, уся віна якіх была ў тым, што яны наважыліся недзе ў нечым выступіць супраць палітыкі Лукашэнкі, надумаў стаць дэпутатам. Па сваёй ініцыятыве.
Вертыкаль жа ў Полацкай акрузе вылучыла па ранжыры Наталлю Гуйвік — ураджэнку горада Кіраў, якая 13 гадоў працавала суддзёй Полацкага раёна, а пасля была павышана да крайне адказнай пасады старшыні Полацкага гарсавета.
«Глядзіце, як пракінулі Міхальчанка з АНТ, — звяртае ўвагу Святлана Калінкіна. — 37,6% «галасавалі датэрмінова», 12,4% — «на даму». А так жа не бывае!» — піша публіцыстка ў сваім Фэйсбуку.
Сапраўды, на нармальных выбарах, калі не ў дурдоме, датэрмінова галасуе працэнты 2–3 людзей — тыя, хто перад днём выбараў далёка ад’язджае, але не можа не выканаць «грамадзянскі абавязак», а на даму — увогуле дзясятыя долі працэнта (бездапаможныя інваліды).
Калі недзе адбываецца інакш — гэта ясная прыкмета магчымых фальсіфікацый.
А вось афіцыйныя вынікі галасавання ў выбарчай акрузе № 28:
«Усяго выбаршчыкаў — 60941
Выбаршчыкі, якія прынялі ўдзел у выбарах — 37767
Датэрмінова прагаласавала — 14202
На ўчастку прагаласавала — 18870
На выездзе па месцы жыхарства — 4695
Несапраўдныя бюлетэні — 744
Гуйвік Наталля Васільеўна — 21231
Міхальчанка Аляксей Якаўлевіч — 8399
Філімонаў Аляксей Аляксандравіч — 3326»
Выязная скрынка адна, максiмум -тры. Гэта ж колькі трэба з ёй паматацца, каб пабываць у пяці тысячах кватэр!
Няйначай, члены полацкай камісіі з ёй ляталі на мятле, каб усюды паспець.
У рэальнасці гэтыя лічбы могуць азначаць, што ў Полацку ўдзел у гэтым фарсе ўзялі добра калі 10 ці 20 з 60 тысяч выбарцаў.
І што, «суддзя» і «юрыстка» Гуйвік не разумее гэтай механікі? Вось такія «суддзі» судзяць наш народ і такія, божа беражы, «юрысткі», на чале з Ярмошынай, вырашаюць нашы лёсы.
А Міхальчанку не трэба ўпадаць у адчай. Трэба паціснуць руку таму, хто аказаўся мацнейшы, сабраць волю ў кулак, вярнуцца на тэлебачанне і яшчэ вярней служыць, і будзе і яму шчасце, і наступны раз 4695 жыхароў горада над Дзвіной у адзіным парыве прагаласуюць на даму за яго.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное