Политика
Анастасія Зелянкова

“Каб перамагчы, трэба ўмець ахвяраваць сабой”

Учора ўвечары супрацоўнікі міліцыі затрымалі дзевяць удзельнікаў моладзевай галадоўкі. Паводле абвінавачання, хлопцы нецэнзурна лаяліся падчас затрымання. Літаральна за некалькі гадзін да затрымання карэспандэнт “Салідарнасці” сустрэлася з удзельнікамі акцыі пратэсту.

Шаснаццаты дзень каля 20 актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” трымаюць галадоўку, якая распачалася ў Салігорску. На днях яе ўдзельнікі перабраліся з Салігорска ў Мінск, дзе і працягваюць акцыю пратэсту, патрабуючы спыніць крымінальны пераслед сяброў арганізацыі і вернікаў-хрысціянаў, якія падтрымалі бок апазіцыі, а таксама вызваліць усіх палітычных зняволеных. Месцам правядзення акцыі аказалася двухпакаёвая хрушчоўка ў адным са спальных раёнаў сталіцы.

Мяне настойліва папрасілі не афішаваць адрас. Напэўна, такія меры перасцярогі і мелі б нейкі сэнс, калі б самі “канспіратары” на вачах здзіўленых жыхароў дома не разгульвалі ў белых майках з чырвоным надпісам “Малады фронт”, а пад вокнамі ўвесь час не сноўдаліся журналісты. Сустаршыня “Маладога фронта” Зміцер Дашкевіч патлумачыў, што перасцярога патрэбная, каб не страціць жыллё, якое і так дасталася ім з вялікімі цяжкасцямі — мала хто меў асаблівае жаданне даць прытулак двум дзесяткам апазіцыйна настроеных маладых людзей для іх удзелу ў галадоўцы.

Назваць утульным тое месца, дзе размясціліся галадоўшчыкі, досыць цяжка: абадраныя шпалеры, ва ўсёй кватэры — аніякай мэблі, хіба што пара кухонных крэслаў, ды некалькі спальнікаў (яшчэ не ўсе ўдзельнікі галадоўкі перабраліся ў Мінск). Парэпаныя сцены аднаго з пакояў упрыгожваюць толькі бел-чырвона-белыя сцягі ды расцяжка з надпісам “Галадоўка”. Гэтую кватэру гаспадары збіраюцца прадаваць.

— Толькі не кажыце, што не знайшлося лепшага месца! — дзіўлюся я, аглядаючы пакой. — Вас жа падтрымалі прадстаўнікі дэмакратычных сіл. Некаторыя наведваліся да вас яшчэ ў Салігорску…

— Нашыя апазіцыянеры здольныя толькі размаўляць, — уздыхае Зміцер. — А сёння, каб перамагчы, трэба ўмець ахвяраваць сабой. На жаль, старэйшае пакаленне палітыкаў гэтага рабіць не можа ці проста не жадае.

— Але ж чаго можаце дамагчыся вы?

— Канешне, мы не спадзяемся, што заўтра да нас завітае Шэйман, або Лукашэнка прапануе сесці за стол пермоваў. Пакуль адзінае, чаго мы дасягнулі, гэта чарговыя рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў акцыі і іх бацькоў. Тым не менш галадоўка патрэбная, каб прыцягнуць увагу грамадскасці. Каб людзі задумаліся, што ўсё ж адбываецца ў краіне, дзе прэзідэнт набірае на выбарах 83% галасоў, а ў гэты час галадаюць падлеткі.

— Але ж гэта не лепшы спосаб пратэсту…

— А што вы прапануеце рабіць? Раздаваць улёткі, ладзіць дэманстрацыі? Я ўжо больш за дзесяць разоў трапляў за краты. Вось і нядаўна вярнуўся з Акрэсціна. І скажу вам, там не лепшыя ўмовы, чым мы маем зараз.

Гарбату ў гэтым доме не прапануюць. Побач са спальнікамі на падлозе — толькі бутэлькі з вадой. Звычайнай, негазаванай. Зміцер упэўнены, што мінеральная можа нават нашкодзіць. Ён мае вопыт: год назад у Жодзіна Зміцер галадаваў у знак пратэсту супраць выключэння моладзі з навучальных устаноў.

У кватэры няма телевізара, камп’ютэр не працуе. Усю інфармацыю з “вялікага свету” ўдзельнікі акцыі атрымліваюць ад журналістаў, што да іх прыходзяць. На падлозе я заўважыла стос кніг. Сярод іх — Біблія на беларускай мове ў перакладзе Сёмухі, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” Караткевіча, “Александр Лукашенко” Фядуты, кнігі па філасофіі... Карацей, не горшая замена, асабліва калі казаць пра айчынныя радыё і тэлебачанне.

За ўвесь час, што я знаходзілася ў кватэры, там перабыло шмат народу. У большасці — гэта сябры “Маладога фронту”. Многія з іх таксама раней галадавалі, але па стане здароўя ці іншых абставінах вымушаныя былі спыніць галадоўку. Артур Фінькевіч таксама ўдзельнічаў у акцыі, але сябры ўгаварылі яго паберагчы сілы, цяпер ён проста прыходзіць сюды, каб падтрымаць астатніх удзельнікаў.

— Мы вырашалі, што Артур павінен спыніць галадоўку, — кажа Зміцер. — Няхай хаця б тыдзень нармальна пад’есць перад тым як адпраўляцца на “хімію”.

У чацвер Артуру Фінькевічу паведамяць пра месца, дзе ён будзе адбываць назначаныя яму судом два гады пазбаўлення волі за нанясенне антыпрэзідэнцкіх надпісаў. Дарэчы, ён, як і Зміцер Дашкевіч, аказаўся сярод тых, каго міліцыянты затрымалі некалькімі гадзінамі пазней пасля нашай размовы. Пасля высвятлення асобаў затрыманых адпусцілі. На дваіх з іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства.

Колькі яшчэ пратрымаюцца галадоўшчыкі, невядома. Настроены яны досыць рашуча і, здаецца, па сваёй волі кідаць распачатае не збіраюцца. Сёння яшчэ 4 актывісты арганізацыі засяліліся ў кватэру, у якой плануць працягваць акцыю пратэсту.

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)